Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура паведаміла пра 87 прысудаў за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак


Гепракуратура Беларусі
Гепракуратура Беларусі

Агулам у суды накіравалі 89 крымінальных спраў у дачыненьні да 154 грамадзян, якія абвінавачваюцца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

87 грамадзян асудзілі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны ўдзел у іх, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры.

У гэтым артыкуле максымальная санкцыя складае 3 гады пазбаўленьня волі. Для 87 грамадзян, ужо асуджаных паводле гэтага артыкулу, у якасьці пакараньня «выбралі, як правіла, пазбаўленьне ці абмежаваньне волі, у тым ліку з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».

«У адным выпадку асобу, якая ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прызналі неадэкватнай — суд ужыў прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня».

Прэс-служба Генпракуратуры прывяла прыклад «раскрытай маштабнай супрацьпраўнай дзейнасьці групы грамадзян». Грамадзяне В., Г., К. і Ш. з 9 жніўня па 4 лістапада 2020 году нібыта дзейнічалі з разьмеркаваньнем роляў і па папярэдняй змове зь іншымі асобамі, арганізавалі на тэрыторыі Менску і Менскай вобласьці збор актыўных і пасіўных удзельнікаў парушэньняў грамадзкага парадку, «спалучанага зь «відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Іх дзеяньні нібы пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Пасьля чаго арганізатары «схілілі людзей да супрацьпраўных дзеяньняў і кіравалі імі». Выкарыстоўвалі інтэрнэт, адміністравалі тэлеграм-каналы.

У выніку гэтых дзеяньняў навучаныя кіраўнікамі асобы неаднаразова перакрывалі дарогі, рассыпалі на праезнай частцы небясьпечныя элемэнты.

Крымінальная справа знаходзілася ў вядзеньні галоўнай сьледчай управы Сьледчага камітэту і пасьля вывучэньня ў Генэральнай пракуратуры яе накіравалі ў Менскі гарадзкі суд. З аднаго фігуранта крымінальнай справы ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Астатнія знаходзяцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG