Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў расказалі, калі прымуць «антыэкстрэмісцкія папраўкі»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Андрэйчанка

На вясновай сэсіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць разгледзець законапраекты, накіраваныя на «недапушчэньне гераізацыі нацызму і супрацьдзеяньне экстрэмізму».

Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на праграму навінаў тэлеканалу «Беларусь 1».

Такія пляны акрэсьліў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка падчас канфэрэнцыі «Гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадзтва і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагрозаў».

«Нам трэба будзе маштабная праца ў рамках канстытуцыйнай камісіі ў актуалізацыі дзейнага заканадаўства, — адзначыў ён. — Ужо ў найбліжэйшы час на вясновай сэсіі мы разгледзім законапраекты, накіраваныя на недапушчэньне гераізацыі нацызму і супрацьдзеяньне экстрэмізму. У гэтым жа ключы нам варта паглядзець на законы, якія тычацца правядзеньня масавых мерапрыемстваў, дзейнасьці палітычных партый і СМІ».

Вясновая сэсія пачне сваю працу 2 красавіка. Звычайна законапраект заслухоўваецца ў двух чытаньнях і, часьцей за ўсё, прымаецца бязь зьменаў. Затым дакумэнт з папраўкамі павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Пасьля афіцыйнага апублікаваньня ён уступіць у сілу.

Адзіны варыянт «антыэкстрэмісцкіх паправак», пра якія вядома грамадзкасьці і СМІ, — гэта варыянт, агучаны раней Генэральнай пракуратурай.

У прыватнасьці, ведамства прапануе, каб чалавек, які трапіў у адпаведныя «сьпісы», пазбаўляўся права займацца пэдагагічнай, выдавецкай ды іншай дзейнасьцю, а яго фінансы былі на асаблівым кантролі.

Акрамя таго, у праекце — безумоўная забарона на вылучэньне палітычных патрабаваньняў пры правядзеньні страйку; адказнасьць за публічную абразу прадстаўніка ўлады і яго блізкіх; крымiнальнае пакараньне за неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG