Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі супрацоўнік расейскага консульства гандляваў крадзенымі роварамі і зарабіў 100 тысяч эўра


Кіроўцу расейскага консульства ў Страсбуры падазраюць у крадзяжы ровараў і іх перапродажы на суму больш за 100 тысяч эўра. У лютым ён быў затрыманы, але зьехаў у Расею па стане здароўя.

Пра гэта паведамляе выданьне France Bleu.

Расьсьледаваньне пачалося пасьля таго, як у пачатку лютага ў былога першага намесьніка мэра гораду Алена Фантанэля скралі электрычны ровар недалёка ад будынка францускага прадстаўніцтва Рады Эўропы.

Празь некалькі дзён Фантанэль выявіў сваю зьніклую маёмасьць на сайце абвестак Leboncoin, дзе ровар прадаваўся за паўцаны. Чыноўнік паведаміў пра гэта ў паліцыю, і супрацоўнікі праваахоўных органаў прызначылі сустрэчу з прадаўцом.

Сустрэча адбылася перад уваходам у консульства Расеі. Паліцыянты затрымалі 40-гадовага мужчыну, які аказаўся кіроўцам расейскага дыплямата. З дапамогай сайту абвестак ён перапрадаў больш за 300 скрадзеных ровараў.

Падазраванага зьмясьцілі пад варту, але неўзабаве адпусьцілі, бо ён меў дыпляматычны імунітэт. Калі яго захацелі выклікаць на допыт, у амбасадзе адказалі, што ён вярнуўся ў Расею з прычыны праблемаў са здароўем.

Консульства Расеі адказала журналістам, што ня будзе камэнтаваць гэты выпадак, каб не выдаваць асабістых зьвестак пра падазраванага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG