Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І так зразумела, чаму да мяне такое стаўленьне», — Герасіменя пра спробу ўладаў забраць яе зямельны надзел


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Улады ў Менску робяць захады, каб забраць зямельны ўчастак, які калісьці далі для пабудовы дому чэмпіёнцы сьвету па плаваньні Аляксандры Герасімені. Гэта здарылася пасьля таго, як яна далучылася да асуджэння сфальшаваных выбараў і пасьлявыбарчага гвалту.

У алімпійскай прызэркі, плыўчыхі Аляксандры Герасімені могуць забраць 15 сотак у менскай Весьнінцы (Дразды-2), дзе ўжо збудаваны дом. Цяпер ідуць суды.

Камэнтуючы Свабодзе гэтую сытуацыю, Аляксандра Герасіменя напісала:

«Шчыра кажучы, наогул не хацела б камэнтаваць гэтую чарнату, усё і так зразумела, чаму да мяне такое асаблівае стаўленьне».

Як паведаміў партал Onliner, усё было нармальна, пакуль Генпракуратура не знайшла «невыкананьне патрабаваньняў пры падрыхтоўцы праектнай дакумэнтацыі». У выніку гарадзкія ўлады пачалі адмяняць свае ж рашэньні адносна канкрэтнага дому. Цяпер справа разглядаецца ў судзе.

Як зьявіўся дом

Аляксандра Герасіменя ў траўні 2018 году накіравала ў Менгарвыканкам ліст, у якім прасіла даць ёй зямлю ў любым месцы сталіцы. Ёй выдзелілі 15 сотак у Весьнінцы — у пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне. Мэтавае прызначэньне — для будаўніцтва і абслугоўваньня аднакватэрнага (блякаванага) жылога дому.

З улікам загружанасьці спартоўкі будаўніцтвам і афармленьнем дакумэнтаў па даверанасьці займаўся яе бацька Віктар Іванавіч. Да працы прыступілі ўвесну 2019 году, узьвялі аднапавярховы дом на 200 квадратных мэтраў.

Ліст з Генпракуратуры

Летась у лістападзе адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску падпісала акт прыёмкі дому ў эксплюатацыю і дазволіла дзяржаўную рэгістрацыю. Але нечакана зьявілася прадпісаньне Генпракуратуры, згодна зь якім ведамства выявіла «адсутнасьць у праектнай дакумэнтацыі часткі «Ахова навакольнага асяродзьдзя».

Копію дакумэнта даслалі 26 студзеня. А 6 лютага, ужо з новага ліста Менгарвыканкаму, сям’я даведалася, што адміністрацыя Цэнтральнага раёну адмяніла сваё ж рашэньне аб прыёмцы дому ў эксплюатацыю.

Менгарвыканкам таксама папярэдзіў, што Герасімені неабходна да 5 сакавіка разабрацца з праектнай дакумэнтацыяй, інакш участак будзе канфіскаваны.

«Паставілі заведама невыканальныя ўмовы»

«Я быў у шоку. Спачатку ад агучанага тэрміну — немагчыма менш як за тры тыдні (ліст я атрымаў толькі 18 лютага) распрацаваць і ўзгадніць з усімі службамі праектную дакумэнтацыю. На практыцы на гэта сыходзіць мінімум паўгода. Гэта значыць, нам заведама паставілі невыканальныя ўмовы. А потым, ад ніводнага праектанта я ня чуў пра неабходнасьць распрацоўваць „Ахову навакольнага асяродзьдзя“ для дамоў пятай клясы складанасьці (гэта значыць, самых простых)», — кажа бацька Аляксандры Герасімені.

Цяпер Віктар Іванавіч аспрэчвае рашэньні Менгарвыканкаму і адміністрацыі Цэнтральнага раёну, спрабуючы даказаць, што яны парушаюць законныя інтарэсы і правы яго дачкі.

Ня выключана, што сапраўдныя прычыны палягаюць у грамадзянскай пазыцыі Аляксандры Герасімені. Пасьля выбараў і гвалту з боку сілавікоў яна выразна акрэсьліла сваё стаўленьне да падзеяў у краіне і разам зь іншымі калегамі стварыла Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў, а пазьней узначаліла Фонд спартовай салідарнасьці. Летась у кастрычніку ў мэтах бясьпекі яна зьехала зь Менску ў Вільню.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG