Як паведамляе Reuters, у сваёй заяве абʼяднаньне, створанае ўладамі, выказала намер спыніць дзейнасьць у знак пратэсту.
Дзяржаўны камітэт Сангха Маха Наяка плянаваў апублікаваць заключную заяву пасьля кансультацыяў з міністрам рэлігійных спраў у чацьвер, паведамляе партал навінаў Мʼянмы са спасылкай на манаха, які прысутнічаў на пасяджэньні камітэту.
Манахі маюць доўгую гісторыю актыўнасьці ў Мʼянме і былі ў авангардзе «рэвалюцыі шафрану» супраць вайсковага кіраваньня ў 2007 годзе. Гэтае паўстаньне, хаця і было здушана, але паспрыяла пачатку дэмакратычных рэформаў.
Пазыцыя камітэту, як паведамляецца, будзе сыгналам да значнага разрыву паміж уладамі і групай, якая звычайна цесна супрацоўнічае з урадам.
Папа Рымскі Францішак таксама заклікаў спыніць кровапраліцьце, сказаўшы: «Нават я стаю на каленях на вуліцах Мʼянмы і кажу: «Спыніце гвалт!».
У Мʼянме адбыліся масавыя выступы з таго часу, як 1 лютага вайскоўцы адхілілі ад улады Аун Сан Су Чы, затрымаўшы яе і членаў яе партыі.
Больш за 180 пратэстоўцаў загінулі, калі сілы бясьпекі спрабавалі здушыць хвалю дэманстрацый, заяўляе актывістка Асацыяцыі дапамогі палітвязьням.
СМІ паведамляюць, што ўлады прымусілі некаторых жыхароў Янгону разабраць барыкады і пагражалі адкрыць агонь у мікрараёнах, дзе барыкады не разабраныя.
Два пратэстоўцы былі забітыя ў цэнтральным горадзе Кале, паведамляе ВВС. Жыхары другога па велічыні ў краіне гораду Мандалай і цэнтральнага гораду Моніва таксама паведамілі пра пратэсты.
Поўнае адключэньне мабільнага Інтэрнэту ўскладніла пратэстуючым сувязь і праверку інфармацыі. Вельмі мала людзей у Мʼянме маюць доступ да Wi-Fi.
«Мы выкарыстоўваем партызанскую сыстэму пратэсту. Мы просім людзей разысьціся, калі прыйдуць сілы бясьпекі», — сказала Reuters сябра жаночай групы пратэсту Чыт Чыт Уін.
Група сьледчых ААН зьвярнулася да людзей з просьбай сабраць дакумэнтальныя доказы злачынстваў, учыненых вайскоўцамі, для абвінавачваньня супраць вайсковых кіраўнікоў.
У частцы Янгону дзейнічае ваеннае становішча, і тысячы жыхароў зьбеглі з прамысловага прымесьця Хлайнгхаю, дзе ў нядзелю сілы бясьпекі забілі 40 чалавек, а фабрыкі, якія фінансуюцца Кітаем, былі падпаленыя.
Рабочыя заявілі, што спрэчка вакол аплаты працы на кітайскім заводзе ў прамысловай зоне перарасла ў гвалт пасьля таго, як уладальнік патэлефанаваў сілавікам, якія застрэлілі кіраўніцу прафсаюзу, а потым яшчэ як мінімум чатырох чалавек. Myanmar Now паведаміла, што загінулі шэсьць чалавек.
Дзяржаўныя СМІ Кітая папярэджваюць пра дзеяньні ў выпадку далейшых нападаў на кітайскі бізнэс.
Шмат хто ў Мʼянме лічыць, што Пэкін падтрымлівае вайскоўцаў. У адрозьненьне ад заходніх дзяржаў, Кітай не асудзіў дзяржаўны пераварот і разам з Расеяй перашкодзіў Радзе бясьпекі ААН асудзіць дзеяньні вайскоўцаў.
Армія заявіла, што ўзяла ўладу пасьля абвінавачваньня ў махлярстве на выбарах 8 лістапада, на якіх перамагла партыя Аун Сан Су Чы. Вайскоўцы паабяцалі новыя выбары, але не прызначылі дату.
75-гадовая Аун Сан Су Чы была затрыманая з моманту перавароту і ёй прадʼяўлены розныя абвінавачваньні, у тым ліку незаконны ўвоз рацыяў і парушэньне правілаў падчас эпідэміі каранавірусу.