Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Лукашэнка ліквідаваць незалежнасьць?


Наколькі ўдалай зь юрыдычнага пункту гледжаньня была фармулёўка савецкага рэфэрэндуму аб захаваньні СССР? Чаму рэфэрэндум не захаваў Савецкі Саюз? Якія ёсьць канстытуцыйныя мэханізмы, каб захаваць незалежнасьць Беларусі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць юрыст, адмысловец у канстытуцыйным праве, сябра Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі Іван Пляхімовіч і палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

17 сакавіка 1991 году ў Савецкім Саюзе прайшоў рэфэрэндум аб захаваньні СССР. У Беларусі прагаласавала «за» 82,7% тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні.

Карбалевіч

  • Для большасьці беларусаў, як і для большасьці беларускай намэнклятуры, распад СССР быў горшым варыянтам
  • Алесь Адамовіч невыпадкова назваў Беларусь антыперабудовачнай Вандэяй
  • Калі Гарбачоў казаў, што да яго быў застой, то многім беларусам гэта было незразумела
  • У Беларусі той сацыялізм, які існаваў, ацэньваўся са знакам плюс
  • Галасаваньне за захаваньне СССР было ў Беларусі даволі шчырым
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Калі гістарычныя працэсы насьпелі, іх немагчыма спыніць нічым, ніякімі рэфэрэндумамі
  • ГКЧП таксама быў спробай захаваць СССР, але і яна скончылася няўдачай
  • Лукашэнка ўвесь час кажа, што распад СССР быў вялікім няшчасьцем. Атрымліваецца, што незалежная дзяржава ўзьнікла ў выніку няшчасьця
  • Калі Лукашэнка сёньня пагодзіцца на далучэньне Беларусі да Расеі, я ня думаю, што парлямэнт прагаласуе за страту сувэрэнітэту
  • Напрыканцы 90-х гэта было магчыма, тады і грамадзкая думка была няўстойлівая, была моцная настальгія па СССР
  • Сёньня ў Беларусі ёсьць кансэнсус наконт сувэрэнітэту, гэта адзінае пытаньне, па якім расколатае беларускае грамадзтва мае супольную пазыцыю

Навумчык

  • У Беларусі правядзеньне саюзнага рэфэрэндуму ўхваліў не Вярхоўны Савет, а толькі яго прэзыдыюм. Але нават і пасяджэньня прэзыдыюму не было
  • Дземянцей пусьціў «апытальны ліст», і чальцы прэзыдыюму ВС там расьпісаліся, прычым ня ўсе
  • Цэнтар усімі сіламі спрабаваў захаваць уладу
  • Фармулёўка пытаньня рэфэрэндуму наконт роўнасьці нацыяў гучала цынічна ў кантэксьце таго, што тады адбывалася на ўскрайках імпэрыі, скажам, у Карабаху, Азэрбайджане, Грузіі, Літве
  • Мы, прадстаўнікі апазыцыі БНФ, патрабавалі даць нам слова на БТ для выступу супраць захаваньня СССР. Нам было адмоўлена
Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
  • Апытаньні, якія тады праводзілі ў СССР, паказалі, што толькі 6% тых, хто галасаваў «за», разумелі, які праект саюзнай дамовы ім прапануецца
  • Працэдура выхаду рэспублік са складу СССР была такой жа складанай, як цяпер у Беларусі працэдура імпічмэнту прэзыдэнта
  • ЦК КПСС не займаўся грунтоўна нацыянальнымі пытаньнямі
  • Гарбачову варта сказаць дзякуй за тое, што распад СССР адбыўся праз адносна невялікую кроў
  • Калі сёньня Лукашэнка захоча (ці яго прымусяць) падпісаць дамову аб уключэньні Беларусі ў склад Расеі, то абедзьве палаты Нацыянальнага сходу прагаласуюць за гэта, і ніякая Канстытуцыя ім не перашкодзіць гэта зрабіць
  • Ён можа нават правесьці рэфэрэндум, і Ярмошына намалюе патрэбныя лічбы

Пляхімовіч

  • У фармулёўцы пытаньня рэфэрэндуму адначасова гаварылася і пра фэдэрацыю, і пра сувэрэнітэт рэспублік, якія яе складаюць
  • Суб’ектамі фэдэрацыі зьяўляюцца несувэрэнныя ўтварэньні
  • Гэтая фармулёўка ўтрымлівала ўнутраную супярэчнасьць
  • Але гэта — працяг фармулёвак, якія былі ў Канстытуцыях рэспублік
  • Паводле Канстытуцыі БССР ад 1978 году Беларусь — сувэрэнная сацыялістычная рэспубліка
  • У гэтай фармулёўцы галоўнае было — ідэалёгія
Іван Пляхімовіч
Іван Пляхімовіч
  • Юрыдычная абавязковасьць у тым рэфэрэндуме была, яна палягала ў тым, што нельга скасаваць Савецкі Саюз зьверху, што такое рашэньне ня маюць права прыняць саюзныя ўлады
  • Аднак у савецкіх Канстытуцыях было замацаванае права рэспублік на выхад з Саюзу. І вынікі рэфэрэндуму гэтае права не маглі скасаваць
  • У канстытуцыях краінаў ЭЗ яны пагаджаюцца з абмежаваньнем свайго сувэрэнітэту на карысьць Зьвязу
  • У праекце Канстытуцыі, распрацаваным Грамадзкай канстытуцыйнай камісіяй, па маёй прапанове ў першых радках сказана пра сувэрэнітэт Беларусі
  • І ў дзейнай Канстытуцыі ёсьць норма, што Беларусь на добраахвотнай аснове можа ўваходзіць у міждзяржаўныя саюзы і выходзіць зь іх
  • У праекце Канстытуцыі мы запісалі, што рашэньне Беларусі аб уваходжаньні ў міждзяржаўныя саюзы і пра выхад зь іх павінна прымацца на агульнанацыянальным рэфэрэндуме
  • Законы і Канстытуцыя краіны павінны мець большую юрыдычную сілу, чым прававыя акты кіроўных органаў міждзяржаўных утварэньняў, у якія ўваходзіць краіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG