Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 гадоў таму прынялі Закон аб мовах, які апярэдзіў незалежнасьць Беларусі


Ялінка Салаўёва, першая за 20 гадоў беларускамоўная вучаніца магілёўскай школы №1. Яна скончыла школу, правучыўшыся ў клясе адна. Чэрвень 2019

26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прыняў Закон аб мовах, які павінен быў спыніць татальную русыфікацыю Беларусі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расейская мова — «мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР».

Розныя артыкулы закону мелі ўваходзіць у жыцьцё паступова. Да канца 2000 году па-беларуску мусілі працаваць установы адукацыі, дзяржаўны апарат і праваахоўныя органы, войска. Аднак рэфэрэндум 1995 году перакрэсьліў гэтыя пляны, вярнуўшы расейскай мове статус дзяржаўнай.

«Закон быў падрыхтаваны тэкстуальна, маральна грамадзкасьцю, падзеямі, „Талакой“, „Майстроўняй“»

Нічога не было б прынята, калі б не было грамадзкага настрою, ціску моладзевых суполак, лістоў у органы ўлады і ў газэты, той жа «ЛіМ», перакананы мовазнаўца Вінцук Вячорка, які шчыльна працаваў над канцэпцыяй закону.

«Публічныя дакумэнты з патрабаваньнямі надаць беларускай мове статус дзяржаўнай пачалі зьяўляцца прынамсі з 1986 году, з часоў, калі пасьля „Майстроўні“ арганізавалася „Талака“, адбываліся соймы Канфэдэрацыі беларускіх суполак, якія распрацоўвалі стратэгію беларускага адраджэньня. А ў 1989 годзе зьявіліся праграмныя дакумэнты БНФ.

Тады ж пры Фондзе культуры была створана камісія беларускай мовы. Іван Чыгрынаў пагадзіўся, каб зьявілася такая камісія. А гэта азначала, што поруч зь „нефармальнымі“ ініцыятывамі паўстала „фармальная“, якой дзяржава не магла не заўважаць», — узгадвае мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Грамадзкую камісію пры Фондзе культуры ўзначаліў тагачасны дацэнт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту імя А. М. Горкага Пётра Садоўскі.

«Закон быў падрыхтаваны тэкстуальна, маральна грамадзкасьцю, падзеямі, мастакамі, маніфэстамі моладзевых суполак — „Майстроўняй“ і „Талакой“, моўнай камісіяй БФК, урэшце, праграмай Народнага Фронту. Ужо была ажыўлена гістарычная памяць: грамадзтву нагадалі, што была старажытнабеларуская мова, было ВКЛ, былі Статуты на беларускай мове.

Гэта ўсё было настолькі раскручана ў грамадзтве — такі быў час, была эпоха! Насьпела вось гэтая новая хваля адраджэньня», — кажа Пётра Садоўскі.

«Садоўскі быў адзіным з камісіі пры Вярхоўным Савеце, хто прыйшоў з гатовым дакумэнтам»

У Вярхоўным Савеце 11 скліканьня (яшчэ БССРаўскім) таксама была створана Камісія па падрыхтоўцы прапановаў аб заканадаўчым урэгуляваньні статусу беларускай, расейскай і іншых моў. Была зацьверджана працоўная група па падрыхтоўцы праекту закону, у якую ўвайшлі літаратары Ніл Гілевіч і Барыс Сачанка, міністры культуры — Яўген Вайтовіч і народнай адукацыі — Міхаіл Дзямчук, навукоўцы Пётра Садоўскі, Вячаслаў Рагойша, Міхаіл Яўневіч, Аляксандар Падлужны, сакратар Менскага гаркаму КПБ Пятро Краўчанка.

Менавіта камісія пры Фондзе культуры ўклала грунтоўную канцэпцыю: беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай і поўнафункцыянальнай.

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

«Пётра Садоўскі быў адзіным з камісіі пры Вярхоўным Савеце, хто прыйшоў з гатовым дакумэнтам пад пахай. І ўжо на падставе гэтага можна было нешта рабіць.

У гэтай канцэпцыі мы апісалі ўсе сфэры, у якіх беларуская мова павінна аднавіць функцыянальнасьць. Найперш — адукацыя, дзяржаўны ўжытак, візуальная прысутнасьць, мас-мэдыя, дакумэнтацыя, у тым ліку напісаньне імёнаў і тапонімаў. Там была маса гатовых фармуляваньняў. Некаторыя зь іх мае, у тым ліку фармулёўка пра беларускія імёны і прозьвішчы, якія павінны адпавядаць беларускай нацыянальнай традыцыі. Яна перавандравала проста ў закон, як і іншыя фармулёўкі», — з гонарам кажа Вінцук Вячорка.

Як расейскамоўны Расьціслаў Янкоўскі змагаўся за адзіную дзяржаўную мову — беларускую

У камісію пры Савеце міністраў Пётра Садоўскі прыйшоў з тэкстам, які ў Фондзе культуры яны стваралі разам зь Вінцуком Вячоркам, Зянонам Пазьняком, Яўгенам Куліком ды іншымі аднадумцамі.

Камісіяй кіравала намесьніца старшыні Саўміну Ніна Мазай, яе намесьнікам быў Ніл Гілевіч. У камісію ўваходзілі пісьменьнікі Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі, партыйны функцыянэр Пятро Краўчанка. А таксама чыноўнікі з ураду, перадавыя рабочыя, дырэктары заводаў, але яны звычайна ня бралі ўдзелу ў абмеркаваньні, узгадвае Пётра Садоўскі.

Расьціслаў Янкоўскі
Расьціслаў Янкоўскі


«Мне вельмі запомніўся ўдзел у працы камісіі Расьціслава Янкоўскага, расейскамоўнага актора Рускага драматычнага тэатру. У сваіх выступах ён падкрэсьліваў: „Я сын гвардзейскага афіцэра. Я выхаваны ў найлепшых традыцыях расейскай літаратуры і культуры, але я разумею, што беларусы павінны мець сваю дзяржаўную мову, каб існаваць“. Ён заўсёды гаварыў годныя словы пра беларускую гісторыю, пра дзеячоў культуры.

Закон прымалі на пленарным паседжаньні. Прадстаўляў праект Ніл Гілевіч. Расьціслаў Янкоўскі выступіў пры абмеркаваньні, паўтарыўшы прыкладна тое, што казаў і на паседжаньнях камісіі. Пасьля яго нехта выступіў у абарону расейскай мовы. Янкоўскі выскачыў на трыбуну, парушыўшы рэглямэнт, і настолькі палка заклікаў, каб быў прыняты закон з фармулёўкай аб адзінай дзяржаўнай мове — беларускай!» — кажа Пётра Садоўскі.

Закон аб мовах падтрымалі партыйныя функцыянэры, міністры, «чырвоныя дырэктары»

332 дэпутаты падтрымалі моўны закон, 27 прагаласавалі «супраць», 9 «устрымаліся». Беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай, а расейская — мовай мiжнацыянальных зносiн. Гэта пры тым, што сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР 11-га скліканьня пераважная большасьць былі — партыйная намэнклятура, чальцы ўраду, дырэктары прадпрыемстваў.

«У Вярхоўным Савеце 11-га скліканьня было шмат міністраў, якія заўсёды выступалі па-беларуску, да прыкладу, міністар фінансаў Балясляў Шаціла, — узгадвае Пётра Садоўскі. — Гэта былі міністры, якія вучыліся ў беларускіх школах, яны былі немаладыя, магчыма, памяталі першае адраджэньне 1930-х гадоў. Яны падыходзілі да нас, віншавалі. Я быў тады гістарычна шчасьлівы. Гэты быў зорны час».

На думку Пётры Садоўскага, Закон быў вельмі ўзважаны, ён ня быў рэвалюцыйным, агрэсіўным, нацыяналістычным.

«Там былі „або“, „і — і“, гэта значыць на рускай „або“ беларускай мовах. Гэта тое, што можна назваць „слабым месцам“, але гэта быў кампраміс, гэта быў мяккі і талерантны закон. Калі б мы былі парлямэнцкай рэспублікай і ня здарыліся прэзыдэнцкія выбары ў 1994-м, гэты закон ужо б працаваў», — перакананы Пётра Садоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG