Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад аўтарытарызму да дыктатуры. Куды рухаецца рэжым Лукашэнкі


Прапанова надаць Усебеларускаму народнаму сходу (УНС) канстытуцыйны статус, а таксама ўвядзеньне для беларускіх грамадзянаў забароны на выезд за мяжу — важныя сыгналы, якія могуць стаць пераломным момантам у эвалюцыі існага палітычнага рэжыму Беларусі, зьмене ўсёй стратэгіі выжываньня.

Сьцісла

  • Стратэгія ўладаў радыкальна памянялася.
  • Ідэя канстытуцыйнай рэформы цяпер не азначае кроку да кампрамісу з грамадзтвам.
  • Пляны наданьня Усебеларускаму народнаму сходу статусу найвышэйшага дзяржаўнага органа азначаюць, што рэжым пазбаўляецца нават дэмакратычных дэкарацый.
  • Рашэньне ўраду забараніць беларусам выезд за мяжу мае палітычную прычыну.

Раней, калі меркаваць з асобных адрывістых рэплік Лукашэнкі, стратэгія была іншая. Яшчэ падчас знакамітага наведваньня МЗКЦ ён кінуў фразу, маўляў, не выключаю, што пайду на датэрміновыя выбары, але не цяпер, не пад ціскам вуліцы.

Дзеля пэўнага супакаеньня грамадзтва, магчыма, з падачы Масквы, была прыдуманая ідэя канстытуцыйнай рэформы. Маўляў, хочаце перамен — дык вось вам перамены. Кажаце, што ў нас тут дыктатура, дык вось у новай Канстытуцыі будуць абмежаваны паўнамоцтвы прэзыдэнта, павялічаны паўнамоцтвы іншых органаў улады, у прыватнасьці парлямэнту. Дзяржаўныя мэдыя намякалі, што, магчыма, будзе ўведзена прапарцыйная сыстэма выбараў. То бок абяцалі крок да дэмакратыі, да кампрамісу з грамадзтвам. Гэта павінна было стаць нейкай моркаўкай, пернікам для народу, які пратэстуе, каб паказаць, што сама ўлада гатовая да пераменаў, таму ня трэба выходзіць на вуліцу з пратэстам.

Кульмінацыяй гэтага трэнду стаў візыт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і сустрэча з палітвязьнямі. Гэта можна было разглядаць як першы крок да дыялёгу з апанэнтамі.

Аднак апошнія тыдні (магчыма, пад уплывам інфармацыі, што пратэст ідзе на спад) моцна памянялі намеры, пляны і настроі Лукашэнкі. Ён палічыў, што ўзяў сытуацыю пад кантроль. Таму неабходнасьці ў кампрамісе з грамадзтвам, як і ў расейскай падтрымцы, ужо няма. І пачаў адкручваць усё назад.

Ідэя наданьня Ўсебеларускаму народнаму сходу стутусу найвышэйшага дзяржаўнага органа азначае, што Лукашэнка нікуды сыходзіць не зьбіраецца. Як у песні Цімура Ша́ава: «И в перспективе — всё один и тот же дядька, и говорят, что девять жизней у него».

Але гэта ня ўсё. Згаданая прапанова з УНС азначае перамены ў дзяржаўным ладзе. Да гэтага часу ўсе дзяржаўныя органы ўлады ў Беларусі былі выбарныя. Няхай сабе выбары фальсыфікаваліся, тым ня менш на падставе цяперашняга Выбарчага кодэксу можна правесьці дэмакратычныя выбары.

Цяпер жа атрымліваецца, што галоўным дзяржаўным органам стане УНС і яго кіраўніцтва. А гэта структура, якая нікім не выбіраецца. Інакш кажучы, рэжым пазбаўляецца нават дэмакратычных дэкарацый. Гэта нейкае вяртаньне ў СССР, дзе кіравала палітбюро ЦК КПСС якое народ не выбіраў. Ці плагіят з Джамахірыі Муамара Кадафі альбо Туркмэністану.

Дарэчы, пра рэфэрэндум для прыняцьця новай Канстытуцыі на афіцыйным узроўні ўжо ня згадваецца. Хоць гэтага патрабуе дзейная Канстытуцыя.

Рыхтуецца новы закон аб партыях. Пасьля яго адбудзецца перарэгістрацыя дзейных партый. Мяркую, апазыцыйныя партыі ня пройдуць гэтую працэдуру.

Таксама Лукашэнка адмоўна выказаўся аб пераходзе да прапарцыйнай сыстэмы выбараў.

Колькі часу таму Лукашэнка казаў пра неабходнасьць унясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс — дзеля таго, каб, як ён выказаўся, «закрыць шчыліны», якімі карыстаюцца апанэнты.

І нарэшце — рашэньне ўраду забараніць выезд беларусаў зя мяжу. Відавочна, што гэтае рашэньне мае палітычную прычыну. Найперш гэта помста тым беларусам, якія пад ціскам рэпрэсій шукаюць палітычнага прыстанішча за мяжой. Цяпер усе павінны разумець, што за любы ўдзел у пратэсьце, страйку чалавек будзе пакараны і ўжо не схаваецца ў эміграцыі.

Затым гэта спроба прадухіліць выезд за мяжу прадстаўнікоў бізнэсу, айцішнікаў, якія ўцякаюць з краіны з прычыны неспрыяльнага бізнэс-клімату.

Таксама гэта бар’ер на шляху тых прадстаўнікоў намэнклятуры і сілавых структураў, якія раптам пажадалі б «дэзэртыраваць» з фронту барацьбы супраць дэмакратыі. Цяпер усе будуць сядзець тут: альбо ва ўтульных кабінэтах, альбо ў няўтульных камэрах.

Такім чынам, беларускі аўтарытарны рэжым стане больш жорсткім і недэмакратычным, чым дасюль. З гісторыі мы ведаем, што контрарэвалюцыя азначае рэакцыю. Цяпер гэта давядзецца адчуць у рэальнасьці. Вечка катла закрываецца яшчэ больш шчыльна. Гэта якраз у стылі Лукашэнкі. Ён спужаўся, што праявіў слабасьць, і цяпер спрабуе прадэманстраваць моц адзіна зразумелым яму спосабам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG