Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмовіцца ад прэзыдэнцтва, але застацца пры ўладзе. У чым сэнс задумы Лукашэнкі з «народным сходам»


На «ўсебеларускім народным сходзе», Менск, 2016
На «ўсебеларускім народным сходзе», Менск, 2016

Лукашэнка прапанаваў зрабіць «усебеларускі народны сход» (УНС) канстытуцыйным органам. Што гэта азначае?

Сьцісла:

  • Каб зразумець абсурднасьць прапановы, варта ўзгадаць, што УНС не абіраецца, а цалкам прызначаецца ўладай.
  • Ня можа орган, які складаецца з 2,5 тысяч чалавек і зьбіраецца раз на пяць гадоў на 1-2 дні, выконваць функцыі прэзыдэнта.
  • Магчыма, Лукашэнка плянуе ўзначаліць стала дзейны орган УНС і, такім чынам, захаваць абсалютную ўладу.

8 сьнежня на сустрэчы з працаўнікамі Стаўпецкай цэнтральнай раённай лякарні Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць зафіксаваць статус «усебеларускага народнага сходу» ў новай Канстытуцыі. Варта цытату Лукашэнкі падаць цалкам: «Калі мы здымаем пэўныя абавязкі з прэзыдэнта, іх жа трэба кудысьці перадаваць. Ува ўрад і парлямэнт гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перасоўваць? Трэба шукаць такі орган. А ў нас ёсьць усебеларускі народны сход. Таму пэўныя паўнамоцтвы давядзецца перадаць. Калі размыць паўнамоцтвы прэзыдэнта, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які б усіх стабілізаваў... Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць».

Ён таксама прапанаваў абіраць дэлегатаў «усебеларускага народнага сходу» на пяцігадовы тэрмін. І працаваць яны маюць на грамадзкіх асновах.

То бок частку паўнамоцтваў прэзыдэнта мяркуецца перадаць УНС. І, як можна зразумець, прапануецца зрабіць гэты сход найвышэйшым органам дзяржаўнай улады ў Беларусі. Паводле Лукашэнкі, такі орган павінен кантраляваць «галоўныя кірункі нашага разьвіцьця», яму «будуць падсправаздачныя кіраўнікі парлямэнту, міністры і „губэрнатары“».

Каб зразумець усю абсурднасьць прапановы, варта узгадаць, што УНС — не выбарны, а цалкам прызначаны орган. Ягоная дзейнасць, як і спосаб абраньня, не рэгулююцца ніякімі законамі. Няма такой працэдуры. Калі Палата прадстаўнікоў ці мясцовыя саветы фармуюцца праз выбары і на падставе Выбарчага кодэксу (прынамсі фармальна), то ў выпадку з УНС няма і гэтага. Удзельнікаў сходу фактычна прызначае мясцовая выканаўчая вэртыкаль. На УНС прысутнічаюць не прадстаўнікі народу, а выключна прыхільнікі Лукашэнкі. УНС — імітацыя народнага прадстаўніцтва.

Увогуле, як можа орган, які складаецца з 2,5 тысяч чалавек і зьбіраецца раз на пяць гадоў на 1-2 дні, выконваць функцыі прэзыдэнта? Гэта нейкі абсурд у квадраце.

УНС нагадвае зьезд КПСС, які таксама зьбіраўся раз на пяць гадоў і таксама прымаў пляны на пяцігодку. Але ў КПСС былі кіроўныя органы, якія дзейнічалі паміж зьездамі. Гэта цэнтральны камітэт, палітбюро, генэральны сакратар, якім і належала рэальная ўлада. Пры тым, што паралельна зь імі фармальна існаваў калектыўны прэзыдэнт дзяржавы — прэзыдыюм Вярхоўнага савету СССР.

Можа, якраз падобную схему спрабуе ажыцьцявіць і Лукашэнка. Ён пакідае пасаду прэзыдэнта, на што нядаўна намякаў, забірае ў яго паўнамоцтвы і перадае УНС. Паколькі гэты сход у выглядзе аднаго паседжаньня раз на пяць гадоў ня можа выконваць функцыю найвышэйшага дзяржаўнага органу, то павінна быць нейкая стала дзейная структура, якой перадаюцца паўнамоцтвы УНС. Напрыклад, прэзыдыюм УНС. А прэзыдыюм павінен нехта ўзначальваць. Адгадайце з трох разоў, хто.

Гэта мадэль Назарбаева ў мадэрнізаваным выглядзе. Калі так, то ўсё стае на свае месцы. І, на першы погляд, абсурдная схема выяўляецца вельмі лягічнай.

У чым хараство і перавага сытуацыі — дык гэта ў тым, што кіраўніку прэзыдыюму УНС, адрозна ад прэзыдэнта, ня трэба выбірацца. Бо сам УНС не выбіраецца. Можна ад імя народу кіраваць да канца жыцьця.

Пасьля гэтага можна сьмела і лёгка выконваць сваё абяцаньне правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. І сапраўды: не падмануў жа, сышоў з пасады прэзыдэнта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG