Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам


Лукашэнка сустракаецца з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.

Сход заплянаваны на канец студзеня – пачатак лютага.

Пра гэта Лукашэнка заявіў 8 сьнежня на сустрэчы з калектывам Стаўпецкай цэнтральнай раённай лякарні, перадае БелТА.

Усебеларускі народны сход раней разглядаўся ўладамі як магчымасьць прадставіць праект новай Канстытуцыі. Экспэрты меркавалі, што, магчыма, будзе рэфэрэндум аб гэтым праекце. Пра новую Канстытуцыю гаворыць і былы палітвязень Юры Васкрасенскі, што арганізаваў «Круглы стол беларускай апазыцыі», які не прызнаюць іншыя сілы, апазыцыйныя Лукашэнку.

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галінаў гаспадаркі. Традыцыйна праходзіў кожныя пяць гадоў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў менскім Палацы Рэспублікі. Але ў 2020-м перад выбарамі ён не адбыўся. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Лукашэнка прапанаваў выбіраць дэлегатаў на пяцігадовы тэрмін. Роля іх, паводле пляну Лукашэнкі, будзе значна вышэйшай за цяперашнюю.

«Калі растварыць паўнамоцтвы прэзыдэнта, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбен орган, які б усіх стабілізаваў. Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць».

Працэдуры вылучэньня дэлегатаў і прыняцьця рашэньняў не былі празрыстымі. Асноўнай часткай сходаў быў выступ самога Лукашэнкі, затым сход прымаў праграму на «пяцігодку». Апазыцыі там не даюць слова. Каб зрабіць нейкі орган канстытуцыйным, могуць спатрэбіцца зьмены ў тыя разьдзелы Канстытуцыі (І, ІІ, ІV, VIII), якія забаронена мяняць іначай, як праз рэфэрэндум.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG