Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйная рэформа Лукашэнкі — праставаты спосаб зьбіць народны пратэст


Марш пратэсту ў Менску 13 верасьня
Марш пратэсту ў Менску 13 верасьня

Пра зьмену Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка разважае апошнія два гады. Аднак цяпер, падчас вострага палітычнага крызісу, ідэя канстытуцыйнай рэформы набывае новую функцыю. Яна, ці размовы аб ёй, павінна выканаць ролю саступкі абуранаму грамадзтву.

Сьцісла:

  • Пуцін падштурхоўвае Лукашэнку да кампрамісу з народам у выглядзе канстытуцыйнай рэформы ў зьвязцы з датэрміновымі прэзыдэнцкімі выбарамі.
  • Але тэма канстытуцыйнай рэформы — гэта спроба пераключыць увагу грамадзтва з галоўнага пытаньня (нелегітымнасьць прэзыдэнцкіх выбараў, статус Лукашэнкі) на зусім іншае пытаньне, падмяніць агульнанацыянальны парадак дня.
  • Абяцаньні Лукашэнкі вельмі нявызначаныя і занадта зацягнутыя ў часе. У яго шмат варыянтаў адкруціцца ад усіх абяцаньняў і захаваць уладу па ходу рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы.
  • Калі ўжо казаць пра рэальны кампраміс, то новую Канстытуцыю трэба было прымаць на працягу трох месяцаў, новыя прэзыдэнцкія выбары праводзіць праз паўгода. Гэта магло б прымірыць краіну і дало б магчымасьць мірным шляхам выйсьці з крызісу.

Сьціплы пернік

Хоць асноўную стаўку ў барацьбе за ўтрыманьне ўлады Лукашэнка робіць на грубую сілу, адначасова ён прапаноўвае і нейкую невялічкую саступку, кампраміс, пернік. Гэтую ролю і павінна выканаць так званая «канстытуцыйная рэформа», асабліва ў зьвязцы з датэрміновымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Ва ўсялякім разе, менавіта так разумее выйсьце зь беларускага крызісу Масква. Таму настойліва і падштурхоўвае Лукашэнку да прыняцьця менавіта такога варыянту.

Загнаны ў кут у першыя тыдні народнага пратэсту, Лукашэнка нібыта даў згоду на такі варыянт. У інтэрвію расейскім СМІ 8 верасьня ён заявіў: «Калі мы прымаем новую Канстытуцыю, то трэба прапісаць там выбары прэзыдэнта. Але асобна, і я да гэтага схільны, каб правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Я гэтага не выключаю. Я ўпершыню вам пра гэта кажу. Па тэрмінах я не кажу».

А вось у пляне, падрыхтаваным афіцыйным Менскам для АБСЭ і Расеі, тэрмін паказаны: 2022 год. Абяцаюць: скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, «фармат нацыянальнага дыялёгу», «лібэралізацыю палітычнай сыстэмы», зьмену партыйнай сыстэмы з павышэньнем ролі партый, зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Новая Канстытуцыя павінна быць прынята на рэфэрэндуме.

Пераключэньне ўвагі

Але, па-першае, зьмест беларускага палітычнага крызісу зусім іншы. Галоўнае яго пытаньне — гэта нелегітымнасьць прэзыдэнцкіх выбараў, статусу Лукашэнкі і ўсяго кіроўнага рэжыму. Менавіта з гэтай прычыны дзясяткі і сотні тысяч людзей выходзяць на акцыі пратэсту. А канстытуцыйная рэформа ніяк не дазваляе вырашыць гэтае пытаньне. Тэма новай Канстытуцыі — гэта наогул крок убок, гэта спроба пераключыць увагу грамадзтва на зусім іншае пытаньне, падмяніць агульнанацыянальны парадак дня.

Па-другое, абяцаньні Лукашэнкі вельмі нявызначаныя і занадта зацягнутыя ў часе. Зьвярніце ўвагу, як ён іх фармулюе ў згаданым вышэй інтэрвію расейскім СМІ. Наконт датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў — «я гэтага не выключаю». Гэта значыць, ён нічога не абяцае, а ўсяго толькі не выключае такога варыянту. І другая важная рэпліка: «па тэрмінах я не кажу».

Лукашэнка адкручваецца

Такім чынам, графік так званай «канстытуцыйнай рэформы» ня толькі не прыняты ў выглядзе нейкага заканадаўчага акта, але Лукашэнка не дае нават цьвёрдых абяцаньняў. І калі яму ўдасца здушыць пратэсты, умацаваць сваю ўладу з дапамогай Расеі, то цалкам магчыма, што ён адкруціцца ад сваіх нявызначаных абяцаньняў. Што ён ужо і робіць. Вось 16 верасьня Лукашэнка правёў чарговую нараду пад назвай «сустрэча з палітычным актывам». Была зручная падстава абвясьціць канстытуцыйную рэформу з дакладным графікам, пасьлядоўнасьцю крокаў, абяцаньнямі грамадзтву. І тады б было зразумела, пра што ён дамовіўся з Пуціным.

Аднак мы пачулі нешта зусім адваротнае. «Наступныя прэзыдэнцкія выбары — па Канстытуцыі», — заявіў Лукашэнка. То бок, калі па Канстытуцыі, то ў 2025 годзе. Ніякіх датэрміновых прэзыдэнцкіх выбраў пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі, пра што казаў Пуцін, не плянуецца?

Думаю, Лукашэнка падвешвае пытаньне, ня хоча браць на сябе ніякіх абавязаньняў, а будзе дзейнічаць па сытуацыі. Калі ўдасца здушыць рэвалюцыю, узяць сытуацыю пад кантроль, то адмовіцца ад усіх абяцаньняў і будзе імкнуцца кіраваць наступныя пяць гадоў.

Варыянты ўхіліцца

Дарэчы, у Лукашэнкі шмат варыянтаў адкруціцца ад усіх абяцаньняў і захаваць уладу па ходу рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы. Напрыклад, Канстытуцыю сапраўды можна прыняць у 2022 годзе. Але ўступіць яна ў сілу толькі з 2025 году. Гэта значыць, у год наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

Далей — а хто будзе пісаць, абмяркоўваць, прымаць гэтую Канстытуцыю? Сам Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы катэгарычна заявілі, што ніякіх перамоваў з апазыцыяй на гэтую тэму яны весьці ня будуць. А з кім ён будзе яе абмяркоўваць? Лукашэнка так адказаў на гэтае пытаньне ў тым жа інтэрвію: «У нас ёсьць вэтэранскія арганізацыі, прафсаюзныя арганізацыі рознага толку, ёсьць жаночыя арганізацыі і нават партыі. У нас ёсьць моладзевыя арганізацыі». А яшчэ ўспомніў пра Ўсебеларускі народны сход. Такім чынам, Канстытуцыю будуць абмяркоўваць з ФПБ, БРСМ і іншымі бутафорскімі структурамі.

Інакш кажучы, сам Лукашэнка створыць новы Асноўны Закон для самога сябе. Ён можа там прапісаць камбінацыю па казахстанскім варыянце. Нагадаю, што Нурсултан Назарбаеў абмежаваў паўнамоцтвы прэзыдэнта, але стварыў новую пасаду кіраўніка Рады бясьпекі, перацягнуў туды прэзыдэнцкія паўнамоцтвы — і сам яе і заняў.

Дык у чым тут кампраміс з грамадзтвам? Дзе тут пернік?

І, па-трэцяе, у рамках рэжыму Лукашэнкі свабодных выбараў у Беларусі быць ня можа. Калі новыя прэзыдэнцкія выбары ён будзе праводзіць разам зь Лідзіяй Ярмошынай, то мы атрымаем той жа вынік у 80% за яго або прызначанага ім пераемніка. Які сэнс наступаць на тыя ж граблі?

У чым можа палягаць сапраўды кампраміс

Калі ўжо казаць пра рэальны кампраміс, то новую Канстытуцыю трэба было прымаць на працягу трох месяцаў, новыя прэзыдэнцкія выбары праводзіць праз паўгода. Прычым склад канстытуцыйнай камісіі павінен фармавацца на парытэтных асновах: палова — ад Лукашэнкі, другая палова — ад Каардынацыйнай рады. Плюс выбары павінны праходзіць зусім па-іншаму. Склад выбарчых камісій таксама трэба фармаваць на парытэтных асновах, без датэрміновага галасаваньня, пры празрыстым падліку галасоў.

Гэта магло б прымірыць краіну і даць магчымасьць мірным шляхам выйсьці з крызісу.

А ў тым выглядзе, у якім канстытуцыйная рэформа прапанаваная — гэта такі зусім ня хітры, а праставаты спосаб зьбіць народны пратэст.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG