Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія паўнамоцтвы мае Ўсебеларускі народны сход і ці можа ён мяняць Канстытуцыю?


V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году
V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам. Разьбіраемся, якія паўнамоцтвы мае гэты орган.

Усебеларускі народны сход цяпер

Усебеларускі народны сход — гэта агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галінаў гаспадаркі. Традыцыйна праходзіў кожныя пяць гадоў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў менскім Палацы Рэспублікі. Але ў 2020-м перад выбарамі ён не адбыўся. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Лукашэнка едзе на V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году
Лукашэнка едзе на V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году

Такі сход праводзіцца раз на 5 гадоў. Пачынаючы з другога разу, колькасьць удзельнікаў складае 2500 чалавек. Ад Менску на сходзе прысутнічаюць 400 дэлегатаў, ад кожнай вобласьці па 350. Сход распачынаецца з выступу Аляксандра Лукашэнкі. Гэты выступ многія палітолягі раней параўноўвалі з палітычнай праграмай, бо ён заўжды адбываўся напярэдадні выбараў прэзыдэнта (апроч 2020-га і 1996 гадоў). Першы сход адбыўся напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі.

Якімі законамі рэгулюецца правядзеньне сходу

Магчымасьць склікаць такі сход замацаваная ў законе «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы».

«Рэспубліканскі сход можа склікацца па меры неабходнасьці прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь для абмеркаваньня істотных пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця», — прапісана ў законе.

У Канстытуцыі пра Ўсебеларускі народны сход не сказана анічога, як і не прапісаны яго паўнамоцтвы. На сходах, а ўсяго іх было пяць, ніколі не прымалася нейкіх значных рашэньняў. Фактычна сход заўжды замацоўваў і пацьвярджаў праграму Лукашэнкі на наступную пяцігодку.

Палац Рэспублікі ў чаканьні Лукашэнкі. V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году
Палац Рэспублікі ў чаканьні Лукашэнкі. V Усебеларускі народны сход. Менск, 22 чэрвеня 2016 году

На сход не траплялі і прадстаўнікі апазыцыі: у 2006 годзе прайсьці на сход спрабаваў тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, за што быў пабіты. У 2010 годзе за вылучэньне на Ўсебеларускі сход Уладзімір Някляеў сабраў 27 тысяч подпісаў, але туды ня трапіў.

Дэлегатаў на ўсебеларускі сход выбірае сход упаўнаважаных па раёнах і гарадах. Склікаюць такі сход па распараджэньні Лукашэнкі.

Як Усебеларускі народны сход можа стаць канстытуцыйным органам

У 37-м артыкуле Канстытуцыі прапісана магчымасьць грамадзян зьбірацца на сходы. Але Ўсебеларускі народны сход як інстытут ці орган у Канстытуцыі не прапісаны.

10 лістапада 2010 году ў Ліцэі БДУ прайшоў сход упаўнаважаных жыхароў Ленінскага раёну Менска, на якім абіралі дэлегатаў на ІV Усебеларускі народны сход. Трапіць на сход паспрабаваў і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў (справа). Але ня змог.
10 лістапада 2010 году ў Ліцэі БДУ прайшоў сход упаўнаважаных жыхароў Ленінскага раёну Менска, на якім абіралі дэлегатаў на ІV Усебеларускі народны сход. Трапіць на сход паспрабаваў і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў (справа). Але ня змог.

«Зьмены ў Канстытуцыі прапісаны ў ёй жа. Некаторыя часткі могуць мяняцца парлямэнтам, некаторыя могуць быць зьмененыя толькі на рэфэрэндуме. Орган, які зьбіраецца па ўказе прэзыдэнта (як Усебеларускі народны сход. — РС) і не зьяўляецца інстытутам, ня можа зьмяняць Канстытуцыю», — кажа юрыст, экспэрт у галіне дзяржаўнага кіраваньня Андрэй Сушко.

На ягоную думку, у цяперашняй Канстытуцыі прапісана шмат дэмакратычных працэдур і інструмэнтаў «для народнай улады».

«Пытаньне ў парушэньні закону і ў скажэньні духу Канстытуцыі. Заплянаваная новая рэформа ня зьменіць нічога ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня. Пытаньне аб Канстытуцыі штучнае, каб адцягнуць увагу ад важных рэчаў, што нас не чуюць, што ў нас скралі выбары, што ў нас ёсьць забойствы людзей», — кажа Андрэй Сушко.

Навошта ўладам такія зьмены

Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, такім крокам Лукашэнка можа фармальна пакінуць прэзыдэнцтва, але застацца кіраўніком ці старшынём Усебеларускага сходу.

Пра такую ж схему піша і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG