Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія кангрэсмэны заклікалі неадкладна вызваліць блогера Лосіка


Кангрэс ЗША
Кангрэс ЗША

Кангрэсмэны Джэймс Макговэрн і Крыстафэр Сміт, сустаршыні камісіі па правах чалавека ў Кангрэсе ЗША, апублікавалі заяву ў сувязі з перасьледам блогера Ігара Лосіка.

Дэмакратычны і рэспубліканскі кангрэсмэны выказалі сваю занепакоенасьць новымі абвінавачваньнямі супраць Ігара, асудзілі ціск на прэсу ў Беларусі і заклікалі ўлады краіны неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў.

«Мы шакаваныя і зьбянтэжаныя інфармацыяй аб пагаршэньні здароўя і маральнага духу Ігара. Мы заклікаем яго не адмаўляцца ад надзеі і атрымоўваць сілу ад сваіх прыхільнікаў у Беларусі, Злучаных Штатах і ва ўсім сьвеце. — гаворыцца ў заяве, - Ігар і іншыя палітвязьні павінны быць неадкладна вызваленыя».

Дзьвюхпартыйная камісія па правах чалавека імя Тома Лэнтаса, якая складаецца з чальцоў Палаты прадстаўнікоў ЗША, прасоўвае, абараняе і выступае за міжнародныя правы ў галіне правоў чалавека.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG