Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Лосік спрабаваў парэзаць сабе рукі і зноў абвясьціў галадоўку


Ігар Лосік

Жонка палітвязьня Дар’я Лосік зьвярнулася да Лукашэнкі, каб той адказаў ёй, чаму яе муж дзевяць месяцаў знаходзіцца ў турме.

Сёньня Ігару Лосіку, кансультанту Радыё Свабода і адміністратару тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», выставілі новае абвінавачаньне. Па якім артыкуле — пакуль невядома.

Пасьля гэтага на вачах у сьледчага і адваката ён спрабаваў парэзаць сабе рукі і абвясьціў на знак пратэсту сухую галадоўку.

З заявай наконт справы Ігара Лосіка выступіў сёньня прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай.

«Мы ўсе ў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода глыбока засмучаныя новымі абвінавачаннямі супраць Ігара і пагаршэннем яго стану здароўя. Журналістыка не зьяўляецца злачынствам, і Ігар занадта доўга знаходзіцца пад арыштам. Нельга такім чынам катаваць Ігара і яго сям’ю. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць Ігара, каб ён мог узьяднацца з жонкай і дачкой».

Сёньня ў сацыяльных сетках быў апублікаваны ліст Ігара Лосіка, які сьведчыць пра яго складаны псыхалягічны стан.

«Ілюзій ня маю, думаю, будзе гадоў пяць, і там я і падохну. Няма ніякага ўжо жаданьня нічога рабіць, столькі ўсяго было зроблена, і ўсё марна, нічога ні на каго не ўплывае. Скажу шчыра, наўрад ці нешта зьменіцца.

Усе сядуць, астатнія зьедуць або заціхарацца, Расея дапаможа з грашыма, і так на некалькі гадоў. Таму я вось думаю да гэтага проста неяк падрыхтавацца, таму што я стаміўся чакаць і спадзявацца на добрае, а ў адказ кожны тыдзень на працягу ўжо васьмі месяцаў толькі горш і горш.

І калі здаецца, што горш быць ня можа, становіцца яшчэ горш, а ты ніяк на гэта ня можаш паўплываць. Сумнавата, але так і будзе. Пакуль ня бачу прычын іншых.

І не хачу, каб Даша на судзе бачыла і чула прысуд такі. Лепш бы проста расстралялі па-хуткаму, і ня бачыць гэта ўсё».

Напісаць Ігару Лосіку лістамі можна па адрасе: Сьледчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігар Аляксандравіч Лосік

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG