Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перавялі ў камэру безь відэаназіраньня». Ігар Лосік за кратамі 258 дзён


За кратамі адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода з 25 чэрвеня 2020 году.

Палітзьняволенага Ігара Лосіка перавялі ў новую камэру, за ім больш не сочаць празь відэаназіраньне. Пра гэта Свабодзе расказала жонка Ігара Дар’я, якая 9 сакавіка адвезла мужу чарговую перадачу. У камэру з кругласуткавым відэаназіраньнем Лосіка разам зь яго сукамэрнікамі перавялі падчас галадоўкі, якую палітвязень абвясьціў на знак пратэсту супраць новых абвінавачаньняў.

«Лісты даходзяць зь перапынкамі, — расказала Свабодзе Дар’я Лосік. — Відаць, гэта выклікана працяглымі выходнымі. Я апошні ліст ад мужа атрымала 23 лютага. Новая камэра такая ж, як і старая. Там толькі няма назіраньня. А так умовы і не палепшыліся, і не пагоршыліся. Перадачы прымаюць. Там у асноўным прадукты. Сухафрукты, нешта салодкае, мясное. Ігару ўжо ўсё можна есьці, таму важу тое, што ён любіць. Скаргаў няма ніякіх ад яго».

Па словах Дар’і Лосік, навінаў аб магчымым завяршэньні сьледзтва па справе Ігара пакуль па-ранейшаму няма.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG