Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь людзей працягваюць зьдзекавацца». Пэнсіянэрцы з анкалёгіяй далі 20 сутак за кнігу Васіля Быкава


Галіна Гулянкова
Галіна Гулянкова

66-гадовую Галіну Гулянкову, якая чытала беларускія кніжкі ў электрычцы разам зь іншымі пэнсіянэрамі, Партызанскі суд Менску арыштаваў на 20 сутак. Цяпер яна ў ЦІП на Акрэсьціна.

Зьвінавацілі жанчыну ва ўдзеле ў масавай акцыі па ч. 3. арт.23.34 і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі па артыкуле 23.4.

Галіна Гулянкова не прызнала сябе вінаватай. Па словах сына, яна заявіла, што ехала на рынак у Ждановічы, у яе была з сабой кніга Васіля Быкава. Калі яна выйшла з электрычкі, на пэроне да яе падышоў мужчына ў адзеньні рыбака, які трымаў ледабур.

«Ён схапіў маму за руку і сказаў: „Пройдзем“. Мама разгубілася і пайшла за ім. Мужчына аказаўся ўчастковым, ён завёў маму ў аўтобус. Мама не супраціўлялася, — кажа Максім, 31-гадовы сын Галіны Гулянковай. — Сьведка, які выступаў у судзе пад псэўданімам, сказаў, што Галіна Гулянкова на пэроне заклікала людзей да нейкіх дзеяньняў, якія зьневажаюць уладу, махала рукамі. Мама сказала, што сьведка ілжэ і яе затрымліваў зусім іншы чалавек».

Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч не пагадзіўся прагледзець відэа з камэр назіраньня, нягледзячы на просьбы Галіны Гулянковай.

«Мама была ў адчаі, цяжка было яе чуць. Спытала ў судзьдзі: што ёй, яшчэ 17 сутак сядзець? Судзьдзя сказаў — так, пажадаў ёй усяго добрага і пайшоў. Зьдзіўляе такая абыякавасьць да людзей. Гэта сталыя людзі, і зь іх так зьдзекуюцца, — кажа Максім. — Першае, што маці спыталася ў судзьдзі, — ці нармальна гэта, што сталая жанчына з хворай сьпіной сьпіць трэція суткі на падлозе? Але судзьдзя сказаў, што гэтае пытаньне не ў ягонай кампэтэнцыі».

Паводле Максіма, у маці хворая сьпіна, баліць нага, яна ходзіць з кіёчкам. Шмат хто напісаў у сацсетках і выказаў падтрымку ягонай маці.

«У яе анкалёгія, ёй выдалялі шчытападобную залозу, яна стаіць на ўліку. Яна прымае таблеткі і звычайна стараецца браць з сабой пэўную іх колькасьць, бо, улічваючы сёньняшнюю сытуацыю ў краіне, ня ведаеш, дзе апынесься заўтра», — расказвае сын.

Максім чакае, куды перавядуць маці і калі будзе магчымасьць перадаць ёй перадачу.

Галіна Гулянкова — карэнная мянчанка, вэтэран працы, шмат гадоў адпрацавала на прадпрыемстве «Гарызонт».

«Мама даволі актыўны і пазытыўны чалавек, заўсёды ідзе насустрач людзям, заўсёды стараецца дапамагчы», — кажа сын Галіны Гулянковай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG