Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб выпадкова ня вырас новы Ціханоўскі». Што вядома пра затрыманага блогера Руслана Ліньніка?


Зьняволены блогер Руслан Ліньнік.
Зьняволены блогер Руслан Ліньнік.

У суботу быў затрыманы відэаблогер Руслан Ліньнік, у якога больш за 90 тысяч падпісчыкаў.

Паводле маці Ліньніка, Руслан цяпер у СІЗА — на «Валадарцы». Бацькі тэрмінова шукаюць яму адваката. Сьледчы камітэт абяцае разьмясьціць інфармацыю ў афіцыйных акаўнтах.

«Руслан даўно адчуваў, што за ім сочаць»

Маці Руслана Ліньніка Людміла Барысаўна дакладна ня ведае, дзе і пры якіх абставінах затрымалі сына. Калегі і сябры дазналася, што затрымалі Руслана нібыта ў суботу ў Віцебску.

«Руслан з намі ня жыў. Дзяржаўны адвакат нам паведаміў, што сын нібыта на „Валадарцы“. Які статус у сына, я таксама ня ведаю.

Зараз мы тэрмінова шукаем іншага адваката, прапановы ёсьць. Але трэба добрага, граматнага, каб сапраўды абараніў, а ня проста пасядзеў на працэсе», — разважае Людміла Барысаўна.

Руслан Ліньнік, яшчэ адзін зьняволены беларускі блогер.
Руслан Ліньнік, яшчэ адзін зьняволены беларускі блогер.

Яна таксама расказала, што Руслан даўно адчуваў, што за ім сочаць. У суботу 20 лютага ў кватэру бацькоў Ліньніка прыходзілі зь ператрусам, але што сын затрыманы, сям’і не паведамілі. Самой Людмілы Барысаўны ў той час дома не было.

«Забралі пляншэт, ключы ад машыны, іншыя рэчы — ёсьць вопіс. Ці быў ператрус у сына і што забралі, я ня ведаю. Бо я нават ня ведаю, дзе ён жыве — ён не казаў. Так што я нават не магу ўзяць ягоныя рэчы. Таму купілі самае неабходнае і пойдзем спрабаваць перадаць рэчы на „Валадарку“», — кажа маці Руслана Ліньніка.

Відэаблогер, крыптафізык: хто такі Руслан Ліньнік

Руслану Ліньніку 38 гадоў. Як ён расказаў у роліку пра сябе, «у мяне патройная біяграфія: афіцыйная, неафіцыйная і містычная».

Нарадзіўся Руслан у Менску, да 4 клясы сям’я жыла ў сталіцы, потым пераехала ў Горкі.

У 14 гадоў ён апублікаваў першы артыкул у газэце. Пасьля школы вырашыў нікуды не паступаць — быў расчараваны сыстэмай адукацыі.

Займаўся дасьледаваньнямі ў галіне крыптафізыкі і ўфалёгіі. Называе сябе старшынём Беларускага крыптафізычнага камітэту.

Руслан Ліньнік.
Руслан Ліньнік.

У 2004 годзе Руслан пайшоў працаваць на канвэер Менскага аўтазаводу, адпрацаваў там 6 гадоў. Вучыцца ў Акадэмію кіраваньня паступіў ужо ў 28 гадоў — на спэцыяльнасьць «дзяржаўнае кіраваньне і права». Працаваў мэнэджарам па продажах, адзін год пратрымаўся на дзяржслужбе. «Маўчаць я ня мог, зразумеў, што не змагу сябе рэалізаваць, дый кар’еру не зраблю — я вельмі свабодалюбівы чалавек», — тлумачыў відэаблогер.

Быў жанаты, у 2020 годзе разьвёўся. Жыве асобна ад бацькоў — яны нават ня ведаюць, дзе, бо апасаўся і за іх бясьпеку.

У сваім апошнім выпуску ад 18 лютага Ліньнік назваў сытуацыю ў Беларусі «халоднай грамадзянскай вайной, якую паўгода таму разьвязаў Аляксандар Лукашэнка».

Самыя папулярныя відэа Руслана Ліньніка набіралі 480, 694 і 850 тысяч праглядаў.

Чаму ўлады так баяцца блогераў?

За кратамі цяпер дзясятак беларускіх блогераў.

  • У Магілёве судзяць берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна.
  • Ад 8 траўня ў зьняволеньні ўтрымліваюць аўтара youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага.
  • Ад 20 траўня за кратамі знаходзіцца аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік.
  • 29 траўня ў Горадні быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі («Страна для жизни»).
  • 9 чэрвеня быў затрыманы Ўладзімер Цыгановіч, аўтар youtube-каналу MozgON.
  • На наступны дзень затрымалі Зьмітра Казлова з Барані, які вядзе youtube-канал «Шэры кот».
  • 20 лютага затрымалі менскага блогера Руслана Ліньніка і берасьцейскага — Сяргея Мазана.

Усіх іх абвінавачваюць паводле артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

«Дзяржава вынішчае тыя асяродкі, якія могуць актывізаваць пратэсты»

Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, паляваньне на блогераў актывізавалася з пачаткам леташняй электаральнай кампаніі і было зьвязана з вулічнай актыўнасьцю. Беларускія ўлады вельмі напалоханыя фэномэнам Сяргея Ціханоўскага, і цяпер у кожным блогеру, які закранае палітычныя тэмы, яны бачаць такога Ціханоўскага.

«Гэты прыклад іх падштурхнуў на тое, што трэба „зачышчаць“ усю гэтую паляну, каб выпадкова ня вырас новы Ціханоўскі. Дзяржава стала іх разглядаць як небясьпечныя элемэнты, якія спрыяюць вулічнай актыўнасьці. Найперш трывожыць дзяржаву, што гэтая катэгорыя інфлюэнсэраў можа спрыяць вулічнай актыўнасьці пратэстаў», — мяркуе Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Класкоўскі.

Другі момант, які адзначае палітоляг: у адрозьненьне ад прафэсійных журналістаў, блогеры больш рэзка камэнтуюць сытуацыю.

«Да таго ж не заўжды паліткарэктна. Бо прафэсійны журналіст у гэтым пляне больш вышкалены, ён ведае адпаведныя крымінальныя артыкулы, стараецца адшліфаваць матэрыял так, каб да яго было цяжэй прычапіцца. Хоць у нас могуць прычапіцца да чаго заўгодна.

Тым больш калі ўнясуць зьмены ў закон аб экстрэмізьме.

А многія блогеры ня мелі такога досьведу, яны ўвайшлі ў новыя мэдыі як нэафіты, і таму апякліся на тым, што дапускалі эпітэты, выказваньні, якія можна было трактаваць як паклёп, абразу. Але гэта спадарожны момант.

Ва ўсім найперш прысутнічае палітычны складнік: дзяржава вынішчае крамолу, вынішчае тыя асяродкі, якія могуць актывізаваць пратэсты», — перакананы Аляксандар Класкоўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG