Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З магілёўскага заводу звольнілі заяўніка мітынгу да Дня Волі


Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня, дзе працаваў Раман Давыдаў
Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня, дзе працаваў Раман Давыдаў

31-гадовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Раман Давыдаў рабіў кантралёрам АТК ліцейнай вытворчасьці на Магілёўскім заводзе ліфтавага машынабудаваньня. Фармальна зь ім спынілі працоўныя адносіны «пры згодзе бакоў», пасьля таго як ён стаў адным з заяўнікаў мітынгу да Дня Волі.

Раман Давыдаў
Раман Давыдаў

Сам Давыдаў лічыць звальненьне палітычна матываваным і адзначае, што вымушаны быў пагадзіцца з прапановай кіраўніцтва, бо тое ўсё роўна знайшло б прычыну, каб яго на прадпрыемстве не было. На думку актывіста, зварот у гарвыканкам з заявай па дазвол на правядзеньне мітынгу да Дня Волі прысьпешыў спыненьне працоўных адносінаў. Ён кажа, што прадстаўнікі адміністрацыі гутарылі зь ім наконт ягонай ініцыятывы.

Раман Давыдаў уладкаваўся на прадпрыемства ў студзені 2017 году. Тады ж стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У сакавіку 2020-га адміністрацыя заводу падоўжыла зь ім працоўны кантракт на 2 гады. Загад аб звальненьні падпісаны 12 сакавіка 2021 году.

Працоўная кніжка Рамана Давыдава з запісам аб звальненьні
Працоўная кніжка Рамана Давыдава з запісам аб звальненьні

Давыдаў кажа, што звальненьне не было нечаканым. Па словах актывіста, у сьнежні 2020 году падчас наклейваньня ўлёткі зь белай паласой пасярэдзіне яго затрымалі, а пазьней аштрафавалі за псаваньне выгляду дома. Пра інцыдэнт стала вядома на прадпрыемстве.

Работніку загадалі пісьмова патлумачыць свае дзеяньні. У лісьце намесьніку генэральнага дырэктара прадпрыемства Мікалаю Міхаленю актывіст напісаў, што быў затрыманы ў непрацоўны час. Таксама спаслаўся на заяву генэральнага дырэктара Сяргей Чарткова, агучаную ў верасьні 2020 году, што завод па-за палітыкай і тое, чым займаюцца работнікі ў вольны час, для працоўных адносінаў ня мае значэньня».

У разгар пратэстаў іх удзельнікі чакалі, што на «Ліфтмашы» абвесьцяць страйк, і прыходзілі да прахадной падтрымаць работнікаў
У разгар пратэстаў іх удзельнікі чакалі, што на «Ліфтмашы» абвесьцяць страйк, і прыходзілі да прахадной падтрымаць работнікаў

Па словах Давыдава, неўзабаве пасьля штрафу начальнік аддзелу АТК прапанаваў яму шукаць іншую працу.

«Са мною спынілі працоўныя адносіны, каб у кіраўніцтва прадпрыемства не было праблемаў праз маю грамадзянскую пазыцыю да падзей у краіне», — адзначае актывіст.

Раман Давыдаў кажа, што не зьбіраецца аспрэчваць звальненьне і будзе шукаць новую працу. Па словах актывіста, з гарвыканкаму наконт мітынгу яго пакуль не турбавалі.

Што сказалі ў адміністрацыі заводу

У камэнтры Tut.by намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях Мікалай Міхаленя абверг заяву Давыдава аб прымусовым звальненьні. Службовец сьцьвярджае, што гэта быў выбар работніка. Ён таксама адзначае, што да выкананьня ім службовых абавязкаў былі «невялікія прэтэнзіі».

«Калі б яны былі сур’ёзнымі, яго б звольнілі з адмоўных матываў, былі б нейкія спагнаньні. А так гэта бягучая праца любога прадпрыемства», — кажа Міхаленя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG