Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад накруткі галасоў да адхіленьня ад галасаваньня. У якія скандалы Беларусь трапляла на Эўравізіі


Zena заняла ў фінале конкурсу 2019 году 24 месца з 26
Zena заняла ў фінале конкурсу 2019 году 24 месца з 26

Эўрапейскі Інфапартал Eurovoix адмовіўся асьвятляць удзел Беларусі ў Эўравізіі-2021, бо ў песьнях беларускага ўдзельніка прысутнічае палітычны падтэкст. Прыгадваем, у якія скандалы трапляла Беларусь у сувязі з гэтым конкурсам.

У аўторак, 9 сакавіка, Беларуская тэлерадыёкампанія прызначыла гурт «Галасы ЗМеста» і іх песьню «Я навучу цябе» для прадстаўленьня Беларусі на сёлетнім конкурсе песьні «Эўравізія». Гурт ад Беларусі менавіта прызначылі, а ня выбралі ў выніку нацыянальнага адбору.

Інфапартал Eurovoix, калі там прагледзелі кліп беларускіх прадстаўнікоў, адмовіўся асьвятляць іх удзел у конкурсе. У заяве з гэтай нагоды партал тлумачыць, што Белтэлерадыёкампанія парушыла правілы конкурсу, паводле якіх у песьнях ня можа быць палітычных падтэкстаў, і заклікае Эўрапейскі вяшчальны саюз зрабіць захады адносна беларускай заяўкі.

Гурт «Галасы ЗМеста» высьмейвае беларускія пратэсты, якія пачаліся пасьля выбараў у жніўні, і каверкае беларускую мову.

Прыгадваем іншыя скандалы на Эўравізіі.

2009. Крылы Пятра Ялфімава

У 2009 годзе Беларусь на Эўравізіі прадстаўляў сьпявак Пётар Ялфімаў. Тады ж разгарэўся скандал паміж ім і арганізатарамі конкурсу ад Беларусі. Па задуме рэжысэра нумару, Януша Юзэфовіча, Ялфімаву плянавалі замацаваць крылы, на якіх трансьляваліся б фрагмэнты відэа.

Пётар Ялфімаў, архіўнае фота
Пётар Ялфімаў, архіўнае фота

Пётар Ялфімаў быў супраць такога касьцюму, бо «заблытаўся ў крылах падчас рэпэтыцыі» і наогул «ніхто зь яго так ня зьдзекаваўся». Арганізатары ж ад Беларусі занялі бок рэжысэра выступу Януша Юзэфовіча. У выніку да апошняга моманту так і не было зразумела, зь якім нумарам выступіць Ялфімаў.

Пётар Ялфімаў на Эўравізіі ўсё ж выступіў, але бяз крылаў, а проста ў белым касьцюме, і заняў 13 месца.

2012. Скандал вакол Алёны Ланской

У 2012 годзе здарыўся скандал з галасаваньнем на нацыянальным адборы за прадстаўніка Беларусі на Эўравізіі. Пераможцай стала сьпявачка Алёна Ланская, але высьветлілася, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя на карысьць Ланской. Чаму так атрымалася, узяўся разьбірацца Аляксандар Лукашэнка.

Вынікі галасаваньня перагледзелі, а прадстаўляць Беларусь на Эўравізіі паехаў гурт Litesound. У фінал конкурсу ў тым годзе Беларусь ня трапіла, заняўшы ў паўфінале 16-е месца. А Алёна Ланская ўсё ж паехала на Эўравізію ў наступным, 2013 годзе.

2016. І зноў накрутка галасоў

Ivan на Эўравізіі 2016 году
Ivan на Эўравізіі 2016 году

У нацыянальным адборы на сьпеўны конкурс «Эўравізія» гурт Napoli заняў другое месца. Пасьля адбору дырэктар гурту Аляксандар Слуцкі расказаў пра «накрутку» галасоў, у якой браў асабісты ўдзел.

Слуцкі назваў «сьмешнай» колькасьць галасоў за пераможцу, пратэжэ Віктара Дробыша пад сцэнічным псэўданімам Ivan. Калі Ivan раптоўна пачаў абганяць Napoli ў галасаваньні, Слуцкі, як сам казаў, «папрасіў нашых сваякоў працягваць галасаваць». Пасьля чаго ў іх на тэлефонных рахунках засталося «мінус паўтара-два мільёна», а ў яго самога — «мінус два трыста». Пры цане голасу ў 4800 рублёў гэта можа значыць, што адзін толькі Слуцкі мог адправіць каля 500 галасоў.

Тады СМС-галасаваньне арганізоўваў Белтэлекам. Пераможцам нацыянальнага адбору так і застаўся Ivan, але ў фінал конкурсу ён ня трапіў.

2018. Беларускія выступоўцы супраць ALEKSEEVa

Мікіта Аляксееў падчас выступу на Эўравізіі, 2018 год
Мікіта Аляксееў падчас выступу на Эўравізіі, 2018 год

На нацыянальным адборы на Эўравізію ў 2018 годзе ўдзельнікі выступілі супраць сьпевака пад псэўданімам ALEKSEEV і нават зьвярнуліся да Белтэлерадыёкампаніі з калектыўным лістом, каб яго дыскваліфікавалі. Песьня Forever, зь якой на конкурс зьбіраўся сьпявак, — гэта, як сьцьвярджалася ў лісьце, проста пераклад песьні, якая ўжо гучала. Па правілах жа Эўравізіі песьня, прадстаўленая на конкурсе, павінна быць напісаная менавіта пад яго.

ALEKSEEVa на нацыянальным адборы не дыскваліфікавалі. Больш за тое, ён прадставіў Беларусь на Эўравізіі, заняў 16-е месца ў паўфінале, у фінал не прайшоў.

2019. Адхіленьне ад галасаваньня

Канкурсантка ZENA ад Беларусі выступае на першым паўфінале на Эўравізіі ў Тэль-Авіве, 2019 год
Канкурсантка ZENA ад Беларусі выступае на першым паўфінале на Эўравізіі ў Тэль-Авіве, 2019 год

У 2019 годзе Беларусь на Эўравізіі прадстаўляла сьпявачка Zena. Здарыўся скандал, Беларусі забаранілі галасаваць у фінале конкурсу. Такое рашэньне прыняў Эўрапейскі вяшчальны саюз. Прычынай стаў выцек у сеціва інфармацыі пра галасаваньне нацыянальнага журы. Гэтыя зьвесткі павінны заставацца ў сакрэце да фіналу конкурсу.

У фінале Zena заняла ў фінале 24 месца з 26.

У якасьці выключэньня

Як бачым, выступ Беларусі на Эўравізіі амаль заўжды суправаджаецца нейкім скандалам. Але бываюць і выключэньні. У 2007 годзе Беларусь заняла на Эўравізіі 6 месца ў фінале, гэта найлепшы вынік за ўвесь час удзелу Беларусі ў конкурсе з 2004 году. Тады Беларусь прадстаўляў сьпявак Дзьмітры Калдун.

У 2017 годзе ўпершыню Беларусь прадставіў беларускамоўны гурт NaviBand зь беларускамоўнай песьняй «Гісторыя майго жыцьця». Гурт трапіў у фінал і заняў 17 месца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG