Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я беларускі сьпявак». Украінец ALEKSEEV спадзяецца, што яго пусьцяць на Эўравізію ад Беларусі


Мікіта Аляксееў у Менску зь беларускімі ўдзельнікамі Эўравізіі мінулых гадоў (Фота з афіцыйнай старонкі сьпевака ў Фэйсбуку).

Беларускія ўдзельнікі адбору на міжнародны конкурс «Эўравізія-2018» патрабуюць ад арганізатараў дыскваліфікаваць сьпевака Мікіту Аляксеева, кажучы, што ягоная песьня парушае правілы конкурсу. У камандзе ўкраінскага сьпевака такія абвінавачаньні адпрэчваюць.

Сьпявак ALEKSEEV (Мікіта Аляксееў) са сваім лірычным тэнарам трапіў у першыя радкі ўкраінскага шоў-бізнэсу ў 21-гадовым ўзросьце пасьля ўдзелу ў нацыянальным тэлевізійным конкурсе выканаўцаў «Голас краіны». І нягледзячы на тое, што пераможцам ня стаў, атрымаў дастаткова вялікую армію прыхільнікаў.

За чатыры гады пасьля конкурсу «Голас краіны» на ягоную пэрсанальную старонку ў Youtube падпісаліся 175 тысяч прыхільнікаў, яшчэ 90 тысяч — у сацыяльнай сетцы ВК і крыху больш як 7 тысяч — у Facebook. Найбольшую колькасьць падпісчыкаў Міката Аляксееў сабраў у Instagram — больш як 600 тысяч.

Другая спроба трапіць на Эўравізыю

Мікіта Аляксееў пачаў займацца музыкай ў 10-гадовым узросьце ў Кіеве. Нават прымаў удзел у дзіцячым конкурсе Эўравізыі, хаця і не перамог.

Сёлета падаваў заяўку на ўдзел у конкурсе эўрапейскіх выканаўцаў ад Украіны, але пазьней паводле ўласнай ініцыятывы яе адклікаў. Сам ён, як і ягоная каманда, гэты крок не патлумачылі, але ўкраінскія мэдыі зьвязалі яго з крытыкай расейскіх прыхільнікаў, на якіх ён нібыта пераважна і арыентуецца пры арганізацыі сваіх канцэртаў.

«Мікіта не надае пераваг пэўным аўдыторыям. Ён выступае па ўсіх краінах сьвету. Нядаўна выступаў з канцэртам ў Рызе, плянуе ў Баку, на новы год выступаў у Казахстане», — кажа ягоны PR-дырэктар Юлія Магілюк.

У Казахстане Мікіта Аляксееў сьпяваў ў навагоднюю ноч у сталічным клюбе ZOLOTO. За свой выступ ён атрымаў 20 тысяч даляраў, а ў сярэднім за 2017 год, паводле ягонай каманды, ганарар выканаўцы за выступ складаў 10 тысяч даляраў.

«Цяпер сьпявак сканцэнтраваны на падрыхтоўцы да Эўравізіі, шмат рэпэтуе», — паведаміла Юлія Магілюк.

Сьпявак году ў Беларусі

У свае 24 гады Мікіта Аляксееў выглядае ці не найбольш тытулаваным украінскім выканаўцам. У 2016 годзе атрымаў адразу некалькі музычных прэмій, пераважна расейскіх — «Муз-ТВ» «RU. TV», «Песьня году», «Гукавая дарожка МК» у намінацыі «Прарыў году».

У 2017 годзе ён таксама захаваў першыя радкі ў музычных прэміях, заснаваных у Расеі. І тады ж перамог у Беларусі ў намінацыі «Сьпявак году».

Сваё рашэньне вылучыцца на Эўравізію ад Беларусі для ўкраінскай аўдыторыі ён патлумачыў так.

«Мы часта выступаем у Беларусі. Тут ведаюць і любяць маю музыку. Летась былі канцэрты ў Менску, Гомлі, Баранавічах і іншых гарадах, таксама прыемна было выступіць на адкрыцьці фэстывалю „Славянскі базар — 2017“ у Віцебску. Я лічу сябе беларускім сьпеваком у тым ліку. Ведаю, што мае песьні гучаць тут, рэгулярна атрымліваю запрашэньне ў эфіры розных радыёстанцый і тэлеканалаў, а на любым зборным канцэрце публіка вітае вельмі цёпла... Мае прыхільнікі — адна вялікая краіна».

Яблык разладу

Сьпявак выказаў радасьць, калі трапіў у фінальную частку беларускага нацыянальнага адбору на Эўравізію.

«Я шалёна задаволены, што менавіта „Forever“ заваявала вашыя сэрцы», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Але менавіта з-за абранай песьні і пачаліся праблемы. Беларускія ўдзельнікі адбору патрабуюць ад арганізатараў дыскваліфікаваць Мікіту Аляксеева, матывуючы тым, што «Forever» насуперак умовам эўрапейскага конкурсу прагучала не ўпершыню.

Такія абвінавачаньні ў камандзе ўкраінскага сьпевака адпрэчваюць — маўляў, песьня «Forever» упершыню выкананая 11 студзеня ў адборачным туры беларускага адбору на Эўравізію, а яе студыйная вэрсія выйшла ў сьвет 9 студзеня 2018 году.

PR-дырэктар сьпевака Юлія Магілюк паведаміла Свабодзе, што Песьня «Назаўжды», пра якую распавядаюць беларускія ўдзельнікі, у дэмавэрсіі была распаўсюджаная — 4 верасьня, а студыйны арыгінал — 9 лістапада. Спрэчка ідзе наконт двух выкананьняў песьні пад клявішны акампанімэнт на канцэртах у Кіеве — 18 траўня і Стаўрапалі — 23 траўня.

«Мы сьцьвярджаем, што вэрсія, выкананая на гэтых канцэртах, ні па музыцы, ні па словах не адпавядае твору, прадстаўленаму для адбору на Эўравізію-2018, і гэта пацьвярджаюць дамовы з рознымі аўтарамі гэтых двух твораў. Упэўненыя, што гэты момант можна давесьці, разабраўшы гэтыя дзьве песьні (клявішную канцэртную вэрсію „Назаўжды“ і конкурсную „Forever“) па нотах і ўбачыць розьніцу. Мы лічым, што далейшае разьбіраньне па гэтых пытаньнях павінна перайсьці ў юрыдычную плоскасьць. Разумеем, што ні Белтэлерадыёкампанія, ні EBU не дапусьцяць ніякага парушэньня ў рэглямэнце і прымуць юрыдычна абгрунтаванае рашэньне», — кажа Юлія Магілюк.

У чаканьні рашэньня

Усе спрэчныя пытаньні маюць вырашыцца сёньня пад час вызначэньня парадку выхаду на сцэну фіналістаў падчас трансьляцыі нацыянальнага адбору. Адначасова адбудуцца здымкі ролікаў-візітовак, якія будуць дэманстравацца перад выступам выканаўцаў.

Фінал жа заплянаваны на 16 лютага ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Выканаўца, які атрымае найбольшую колькасьць пунктаў па выніках галасаваньня прафэсійнага журы і гледачоў, будзе абвешчаны пераможцам і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песьні «Эўравізія-2018» у Лісабоне (Партугалія).

Мікіта Аляксееў кажа, што яго падтрымалі беларускія ўдзельнікі Эўравізіі мінулых гадоў — Алена Ланская, гурт Naviband ды Дзьмітры Калдун, зь якімі ён пазнаёміўся на першым этапе нацыянальнага адбору 11 студзеня.

XS
SM
MD
LG