Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International адмовілася прызнаваць Навальнага вязьнем сумленьня праз «выказваньні сярэдзіны 2000-х»


Аляксей Навальны ў судзе

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International адмяніла рашэньне аб прызнаньні палітыка Аляксея Навальнага вязьнем сумленьня, паведаміў «Медиазоне» мэдыя-мэнэджэр па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азыі Аляксандр Арцем’еў.

Таксама пра рашэньне Amnesty International паведаміў журналіст Аарон Матэ.

«Мы больш ня будзем выкарыстоўваць у дачыненьні да яго словазлучэньне „вязень сумленьня“, паколькі наш юрыдычны і палітычны дэпартамэнт, вывучыўшы выказваньні Навальнага сярэдзіны 2000-х гадоў, прыйшоў да высновы, што яны дасягаюць ўзроўню hate speech. Тым не менш наш заклік неадкладна вызваліць яго застаецца ў сіле, так як ён прасьледуецца выключна па палітычных матывах», — адзначыў Арцемʼеў.

Паводле яго слоў, у праваабаронцаў «склалася ўражаньне, што запыты на прадмет праверкі выказваньняў Навальнага былі часткай скаардынаванай кампаніі па яго дыскрэдытацыі за мяжой». Ён дадаў, што Amnesty International працягне збор подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем вызваленьня Навальнага.

Крыніца «Медиазоны» у арганізацыі, якая папрасіла не называць яе імя, выказала здагадку, што за гэтай кампаніяй могуць стаяць «людзі з RT у розных краінах».

17 студзеня Amnesty International прызнала Навальнага вязьнем сумленьня пасьля яго затрыманьня ў маскоўскім аэрапорце.

«Затрыманьне Аляксея Навальнага — чарговы доказ таго, што расейскія ўлады спрабуюць прымусіць яго замаўчаць», — адзначала дырэктар маскоўскага офіса Amnesty International Натальля Зьвягіна.

«Настоящее время» папрасіла міжнародны офіс Amnesty International у Лёндане пракамэнтаваць рашэньне па Навальнаму, а таксама працытаваць выказваньні палітыка, якія ў арганізацыі лічаць непрымальнымі для вязьня сумленьня. На момант публікацыі прэс-служба не адказала на пытаньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG