Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: улады мэтадычна зьнішчаюць культурнае жыцьцё Беларусі


Аляксандар Лукашэнка ў Купалаўскім тэатры

Культурнае жыцьцё Беларусі задыхаецца ва ўмовах жорсткага перасьледу іншадумцаў, заявіла ў нядзелю міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, нагадаўшы, што ўлады Беларусі адвольна затрымліваюць і катуюць музыкаў, пісьменьнікаў, мастакоў і актораў, а іншых звальняюць з працы.

Паводле арганізацыі, дзяржаўныя рэпрэсіі, якія наступілі пасьля выбараў, літаральна зьнішчаюць культурнае жыцьцё ў Беларусі. Усе большай колькасьці дзеячаў культуры прад’яўляюць неабгрунтаваныя крымінальныя абвінавачаньні, і некаторыя зь іх цяпер знаходзяцца пад вартай, і ім могуць прысудзіць вялікія турэмныя тэрміны, піша «Голас Амэрыкі».

«Нельга недаацэньваць маштаб рэпрэсій, якія абваліліся на культуру Беларусі. Улады мэтадычна зьнішчаюць актыўнае культурнае жыцьцё Беларусі і яе самых яркіх прадстаўнікоў, спрабуючы вытруціць зь яе самыя малыя сьляды свабоды выказваньня поглядаў і іншадумства», — заявіла старшая кiраўнiца кампаній Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг.

У якасьці аднаго з прыкладаў Amnesty International прыводзіць перасьлед былой літаратурнай супрацоўніцы Магілёўскага драматычнага тэатру Вольгі Семчанкі. Пачынаючы з кастрычніка 2020 году, яе некалькі разоў арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных» мітынгах, а потым пачалі перасьледаваць і на працы. Былы дырэктар тэатру адмовіўся звальняць Вольгу і іншых апазыцыйна настроеных супрацоўнікаў. Тады звольнілі яго самога. А 18 лютага страціла працу і Вольга Семчанка.

Ня толькі асобныя людзі, але цэлыя культурныя арганізацыі становяцца ахвярамі дзяржаўных рэпрэсій, адзначае Amnesty International. Прыклад таму — вядучы тэатар краіны, Нацыянальны акадэмічны імя Янкі Купалы.

«Мы ня будзем стаяць убаку, пакуль улады Беларусі затыкаюць рот самым творчым людзям краіны. Наша глябальная кампанія салідарнасьці падтрымлівае ўсе мірныя спосабы пратэсту і супраціву беларускага народа цынічным і жахлівым спробам уладаў абмежаваць яго правы чалавека і доступ да розных ідэяў і думак», — падкрэсьліла Аіша Джанг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG