Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпазыты забіраюць, прыбытак скарачаецца: што стала з банкаўскай сыстэмай


17 лютага пачаўся суд па справе «Белгазпрамбанку». На лаве падсудных былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Глядзім, што стала з банкаўскай сыстэмай за год.

У чэрвені арыштавалі былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і ягоных намесьнікаў. У банк з расейскім капіталам прызначылі часовую адміністрацыю, якую ўзначаліла паплечніца Лукашэнкі Надзея Ермакова. Гэта зьнізіла давер да банкаўскай сыстэмы, хоць уклады з банкаў пачалі забіраць яшчэ раней — гэты працэс ідзе зь першай хвалі каранавірусу і выкліканага ім крызісу.

Што цяпер зь «Белгазпрамбанкам»

Банк па-ранейшаму належыць расейскім акцыянэрам, а старшыня праўленьня цяпер — Надзея Ермакова. У студзені банк даў справаздачу аб чыстым прыбытку ў 9,7 мільёна рублёў, што ў 13,8 раза болей, чым на пачатку 2020 году.

Да арышту Віктара Бабарыкі паводле сваіх актываў банк займаў 5-е месца з 24 банкаў, цяпер — 7-е. Актывы банку складалі 5,5 мільярда рублёў, цяпер — 4,1 мільярда. Гэта вынікае з рэйтынгу bankchart.by.

У лістападзе банк працягваў атрымліваць дапамогу ад Нацбанку. У другім квартале мінулага году абавязаньні перад Нацбанкам вырасьлі з 0 да 215 мільёнаў рублёў.

У сьнежні рэйтынгавае агенцтва Fitch пацьвердзіла крэдытныя рэйтынгі банку на ўзроўні B з нэгатыўным прагнозам.

Людзі забіраюць уклады

Віктара Бабарыку арыштавалі ў ліпені. У жніўні на рублёвых дэпазытах беларусы захоўвалі 4,92 мільярда рублёў. На студзень гэтага году на дэпазытах заставалася 4,52 мільярда рублёў. То бок за 5 месяцаў беларусы зьнялі з укладаў 390 мільёнаў рублёў.

Скараціліся за гэты час і валютныя дэпазыты: у жніўні на рахунках у беларусаў ляжала 5,56 мільярда даляраў, а ў студзені гэтага году — 4,63. Мінус больш як 900 мільёнаў за 5 месяцаў.

За год дэпазыты скараціліся яшчэ больш: мінус 621 мільён з рублёвых укладаў і мінус 1,6 мільярда даляраў з валютных. Як бачым, ад моманту «справы Белгазпрамбанку» пачалася другая хваля адтоку дэпазытаў.

Прыбытак банкаў падае

За 11 месяцаў мінулага году прыбытак банкаў зьнізіўся на 13,5% — да 943,8 мільёна рублёў. Гэта калі лічыць у рублях. У далярах — прыбытак зьнізіўся яшчэ больш. Было 522,2 мільёна даляраў у 2019, стала 389,3 мільёна, або мінус 25,5%.

Банкаўскія крэдыты для неэфэктыўных заводаў

Ня рэдкасьць, калі на той ці іншы банк дзяржава «вешае» стратныя прадпрыемствы. Так было, напрыклад, з мадэрнізаванымі прадпрыемствамі дрэваапрацоўкі, якія цяпер цягне на сабе Банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

У 2020 годзе банкі працягнулі крэдытаваць такія прадпрыемствы. Напрыклад, 18 чэрвеня «Гомсельмаш» узяў 79 мільёнаў рублёў у Беларусбанку, 27 ліпеня ўзяў у тым жа Беларусбанку ў крэдыт яшчэ 30 мільёнаў. Чыстыя страты заводу са студзеня па сакавік мінулага году — 260,4 мільёна рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG