Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Бабарыку і фігурантаў справы «Белгазпрамбанку»: пачалі чытаць 340 старонак абвінавачваньня


Віктар Бабарыка паказвае сэрцайка ў першы дзень суду над ім. Менск, 17 лютага 2021 году.

17 лютага Вярхоўны суд Беларусі разглядае справу Віктара Бабарыкі і іншых мэнэджараў «Белгазпрамбанку»​. Працэс ідзе ў будынку суду Маскоўскага раёну Менску. Незалежныя СМІ на працэс не пусьцілі.

Віктара Бабарыку і шэсьць былых топ-мэнэджараў банку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай. Бабарыку дадаткова выставілі абвінавачаньне і ў легалізацыі даходаў. За даваньне хабару судзяць былога кіраўніка лізінгавай кампаніі Віктара Кабяка.

17.05 Перапынак у працэсе да 11 гадзіны 18 лютага, паведаміў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

16.45 У судзе пачалі чытаць абвінавачаньне. У ім 340 старонак. Пачынаюць са службовых абавязкаў Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку»​, якім ён кіраваў да таго, як заявіў пра жаданьне прыняць удзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі.

16.40 Адвакат Зьміцер Лаеўскі ў падтрымку хадайніцтва Бабарыкі расказвае, як адвакатам перашкаджалі мець зносіны з падабаронным: іх не пускалі ў СІЗА, і нават цяпер у перапынку суду абаронцаў да клеткі не падпускаюць, паведамляе Tut.by. Судзьдзя вырашыў: хадайніцтва задаволіць часткова, скаргі далучылі, а просьбу Бабарыкі даваць дзень у тыдзень для размоваў з абаронцамі «пакінуць без разгляду».

16.35 Як паведамляе Tut.by, хадайніцтва таксама заявіў сам Віктар Бабарыка. Ён просіць адзін дзень у тыдзень для азнаямленьня са справай, а таксама — дазволіць яму жэстыкуляваць. Судзьдзя дазволіў жэстыкуляваць, калі Віктар Бабарыка дае паказаньні, а ў астатні час «па дазволе суду».

16.30 Хадайніцтва заявіла адвакатка Бабарыкі Натальля Мацкевіч. Яна сабрала ўсе сюжэты дзяржаўных СМІ пра гэтую справу, дзе гучаць словы «ёсьць неабвержныя доказы», «устаноўлена», «праваахоўнікі ўпэўненыя». Адвакатка кажа аб парушэньні прэзумпцыі невінаватасьці і просіць даць судовую ацэнку гэтых фактаў і далучыць да справы гэтыя публікацыі і скаргі на іх у пракуратуру і Мінінфарм. Хадайніцтва задаволена толькі часткова: далучылі скаргі і адказы, але не матэрыялы СМІ.

16.20 Яшчэ адно хадайніцтва Яўгена Пыльчанкі: два сьведкі Аляксей Сцяпанаўс і Аляксандар Растоўс шмат разоў згадваюцца ў справе і, паводле матэрыялаў сьледзтва, задзейнічаныя ў схемах, але іх не дапыталі і ня выклікалі ў суд. Адвакат хадайнічае, каб іх выклікалі. Судзьдзя кажа, што хадайніцтва будзе вырашанае на працягу бліжэйшага часу, паведамляе Tut.by

15.50 Яшчэ адно хадайніцтва заявіў адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка: дазволіць фатаграфаваць матэрыялы справы, іх усяго 122 тамы, бо «ад рукі гэта перапісаць немагчыма». Суд у задавальненьні хадайніцтва адмовіў.

15.00 Адвакат Лаеўскі падаў яшчэ адно хадайніцтва — на зьняцьце арышту з маёмасьці Віктара Бабарыкі. І яно было адхіленае судом.

14.35 Суд аднавіўся пасьля абеду. Адвакаты працягваюць агучваць суду свае хадайніцтвы. Зьміцер Лаеўскі просіць адмяніць арышт кватэры і гаражу дачкі Віктара Бабарыкі Марыі і сына Эдуарда. Суд адхіліў.

14.30. Адвакаты Віктара Бабарыкі, Зьміцер Лаеўскі, Натальля Мацкевіч і Яўген Пыльчанка расказалі пра першае пасяджэньне суду і пра свае хадайніцтвы, якія Вярхоўны суд адхіліў.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі паведаміў, што суд адхіліў адвод судзьдзі, якога прасіла абарона Віктара Бабарыкі, хоць жонка судзьдзі Ігара Любавіцкага працуе партнэрам адвакацкага бюро, другі партнэр якога выступае абаронцам аднаго з абвінавачаных у «справе Белгазпрамбанку».

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва абаронцаў Бабарыкі аб допуску ў залю пасяджэньняў усіх зацікаўленых асоб, у тым ліку і незалежнай прэсы. На гэта адвакаты атрымалі адказ, што гэта «не знаходзіцца ў кампэтэнцыі суду», хоць Лаеўскі перакананы, што абавязак суду — забясьпечыць усе ўмовы бесстароньняга судовага разгляду, у тым ліку галоснасьць.

Адвакат Натальля Мацкевіч удакладніла, што хадайніцтва скіравалі не на тэхнічнае забесьпячэньне працэсу, а менавіта на забесьпячэньне правоў падсуднага і прынцыпу правасудзьдзя.

Па словах Дзьмітрыя Лаеўскага, у матэрыялах справы няма ніякіх доказаў таго, што Бабарыка мог бы «схавацца ад перасьледу», аднак суд адхіліў і хадайніцтва абароны аб зьмяненьні меры стрыманьня для падсуднага. Замест хатняга арышту, чаго патрабавалі адвакаты, суд пакінуў Бабарыку пад вартай у СІЗА.

14.00 Зьявіўся камэнтар сябра Каардынацыйнай рады Максіма Баграцова пра суд, на які яму ўдалося трапіць.

13.10 У судзе абвешчаны перапынак да 14.30. У 14:00 будуць запускаць у залю зноў, але толькі тых, хто ўжо быў на судзе. На вуліцы яшчэ шмат людзей, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі расказаў ім пра самаадчуваньне Бабарыкі.

13.00 Абарона Віктара Бабарыкі падала хадайніцтва аб зьмяненьні яму меры стрыманьня на хатні арышт, прывёўшы довады, якія сьведчаць, што экс-банкір ня мае намеру хавацца і перашкаджаць разгляду справы. Бок абвінавачваньня хадайніцтва не падтрымаў. Суд пайшоў у дарадчы пакой, пасьля чаго адхіліў хадайніцтва, паведамляе ТГ-канал БелТА.

12.55 Адвакат Бабарыкі прасіў пусьціць у залю журналістаў недзяржаўных СМІ і прадстаўнікоў інтэрнэт-рэсурсаў. Судзьдзя заяўляе, што гэта не адносіцца да прадмету судовага разбору, хадайніцтва далучаецца да матэрыялаў крымінальнай справы.

12.50 Зьявілася супольнае фота дыпляматаў, якія прыйшлі на суд над Бабарыкам і мэнэджарамі «Белгазпрамбанку»​. Сярод іх прадстаўнікі Францыі, Аўстрыі, Эўрапейскага Зьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША.

12.05 Суд не падтрымаў хадайніцтва абароны Віктара Бабарыкі аб адводзе судзьдзі Ігара Любавіцкага: нібыта няма падставаў, паведаміла БелТА.

12.00 Якой была чарга ў суд, можна паглядзець у нашай фотагалерэі.

11.55 Людзі, якіх не пусьцілі на суд, пачынаюць разыходзіцца. Каля дзьвярэй суду Маскоўскага раёну застаецца яшчэ каля 30 чалавек. Машыны, які праяжджаюць непадалёк, пэрыядычна сыгналяць прысутным.

Людзі, якіх не пусьцілі, дамагаюцца права прысутнічаць на фармальна адкрытым працэсе.
Людзі, якіх не пусьцілі, дамагаюцца права прысутнічаць на фармальна адкрытым працэсе.

11.55 Бацька палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай пракамэнтаваў суд над Віктарам Бабарыкам.

11.40 Адвакат Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі просіць адвод судзьдзі Ігара Любавіцкага, спасылаючыся на тое, што ягоная жонка — саўладальніца бюро, дзе працуе адвакат аднаго з абвінавачаных, Віктара Кабяка (заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг»), які абвінавачваецца ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.

Суддзём Вярхоўнага суду Любавіцкі стаў у кастрычніку 2020-га. Ён вядомы па справе блогера Эдуарда Пальчыса.

Віктар Бабарыка за кратамі. Менск, 17 лютага.
Віктар Бабарыка за кратамі. Менск, 17 лютага.

11.30 На першае паседжаньне пусьцілі сваякоў падсудных па сьпісе, частка сваякоў ня трапіла на працэс, шмат людзей у майках і масках з сымболікай штабу Бабарыкі; са звычайных наведнікаў у залю змаглі трапіць 20–30 чалавек. Сярод іх сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў. Больш за сто чалавек засталіся на вуліцы. Першыя шэрагі ў залі — у супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ і расейскіх агенцтваў, незалежных СМІ няма, іх журналістаў не пусьцілі. У залі таксама прысутнічаюць Юры Васкрасенскі, прадстаўнікі амбасадаў Аўстрыі і Францыі, больш за дзясятак моцных мужчын без апазнавальных знакаў.

11.10 Людзі патрабуюць пусьціць іх на фармальна адкрыты судовы працэс. Каля сотні людзей ня трапілі ў судовую залю.

11.05 Пачаўся суд, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Незалежныя СМІ на працэс не пусьцілі.

Міліцыянты не пускаюць людзей у суд.
Міліцыянты не пускаюць людзей у суд.

10.57 Ня ўсе сваякі падсудных трапілі ў залю.

10.45 З тэлефонам і пляншэтам у залю не пускаюць. Тэхніку трэба здаць на ўваходзе, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.

10.30 Людзі ў чарзе ў суд. Каля ўваходу ў суд сабралася каля сотні чалавек. Яны крычаць: «Запускай!» і просяць, каб ім дазволілі прысутнічаць на адкрытым працэсе.

Суд у справе Віктара Бабарыкі. Пускаюць ня ўсіх. Няма месца і для незалежных СМІ
Суд у справе Віктара Бабарыкі. Пускаюць ня ўсіх. Няма месца і для незалежных СМІ

10:05 Віктара Бабарыку прывезьлі ў суд

Абстаноўка ля суду

Каля сотні чалавек у чарзе на суд.
Каля сотні чалавек у чарзе на суд.

Фігуранты справы Бабарыкі

  • Віктар Бабарыка (ч.2 арт. 235, ч.3 арт. 430 КК),
  • Кірыл Бадзей (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Сяргей Дабралёт (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Аляксей Задойка (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Аляксандар Ільясюк (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Віктар Кабяк (ч. 2 арт. 431 КК),
  • Дзьмітры Кузьміч (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Сяргей Шабан (ч. 3 арт. 430 КК).

Віктар Бабарыка і Аляксей Задойка адмовіліся падпісаць угоду са сьледзтвам, астатнія падпісалі.

Як гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва, усе абвінавачаныя, акрамя Віктара Бабарыкі, прызналі віну цалкам.

Чарга ў суд за гадзіну да працэсу.
Чарга ў суд за гадзіну да працэсу.

«Белгазпрамбанкам» кантралёры зацікавіліся адразу пасьля таго, як Віктар Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня і агучыў намер балятавацца ў прэзыдэнты. 18 чэрвеня 2020 году Бабарыку затрымалі. Нягледзячы на больш як 400 тысяч сабраных подпісаў за вылучэньне Бабарыкі, ЦВК не зарэгістравала яго кандыдатам у прэзыдэнты.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу. Ён адкінуў усе абвінавачаньні.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 24 ліпеня Генпракуратура перакваліфікавала абвінавачаньне Бабарыку: «даваньне хабару» стала «атрыманьнем хабару». Максымальна магчымае пакараньне — да 15 гадоў турмы.
  • 15 кастрычніка Мін'юст скасаваў адвакацкую ліцэнзію абаронцу Бабарыкі Аляксандру Пыльчанку.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG