Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над журналісткамі «Белсату»: «Менсктранс» ня мае прэтэнзій і адклікае грамадзянскі пазоў

абноўлена

Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судовай залі. 9 лютага 2021 году.
Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судовай залі. 9 лютага 2021 году.

Журналісткі за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Крымінальную справу супраць журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар'і Чульцовай разглядае Фрунзэнскі раённы суд Менску. Іх вінавацяць паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Дзяўчат затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Раману Бандарэнку. Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паводле пляну, на паседжаньні 16 лютага будуць разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. У прыватнасьці, прагледзяць шматгадзінны стрым, які вялі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова з «плошчы Пераменаў».

18.30 Судзьдзя чытае стэнаграму стрыму, дзе, паводле адваката, ёсьць недакладныя фармулёўкі, унесеныя ў матэрыялы справы сьледзтвам.

Прадстаўнік «Менсктрансу» заявіў, што шкода пакрытая (сваякі сплацілі яе ў поўным аб’ёме), прадпрыемства ня мае прэтэнзій да журналістак і адклікае грамадзянскі пазоў. Судзьдзя абвясьціла перапынак да 10-й раніцы заўтра.

Сёньня заля была запоўненая крыху больш як напалову, хоць на пачатку працэсу журналістаў і слухачоў не пусьцілі ў залю, спасылаючыся на тое, што «працэс ужо пачаўся» і што «няма месцаў».

17:31 Да матэрыялаў далучылі таксама інтэрвію Ігара Ільяша, дзе ён расказаў пра перасьлед сваёй жонкі. Пры гэтым у судзе пакуль ніяк не патлумачылі, якое дачыненьне гэта мае да сутнасьці справы.

Менавіта фрагмэнты гэтай асабістай перапіскі і гэтае інтэрвію выкарыстаў прапагандыст Рыгор Азаронак у сваёй праграме пра Кацярыну Андрэеву.

17:28 У матэрыялах справы знаходзіцца асабістая перапіска мужа Кацярыны Андрэевай — Ігара Ільяша. Яна вялася ўжо пасьля арышту жонкі. Там Ільяш высьвятляе працоўныя пытаньні, абмяркоўвае стан здароўя Кацярыны і абставіны яе затрыманьня.

17:10 У судзе пачынае даваць паказаньні Раман Прановіч, кіраўнік арганізацыі перавозак прадпрыемства «Менсктранс».

16:45 Абвінавачаньне сьцьвярджае, што некаторыя людзі «тэлефанавалі ў міліцыю і расказвалі, у якіх пад’ездах ад сілавікоў хаваліся пратэстоўцы». Агулам было каля 10 званкоў з просьбай «разабрацца».

16:42 Пракурорка працягвае чытаць нібыта словы абураных суседзяў. Адзін зь іх сказаў, што бачыў «каардынатара»: «нейкі чалавек у машыне, які падняў два пальцы ўверх» (знак вікторыі).

16:35 Пракурорка зачытвае стэнаграму званкоў нейкіх людзей у міліцыю 15 лістапада. Сьледзтва сьцьвярджае, што так казалі жыхары навакольных дамоў. Нібыта скардзіліся на пратэстоўцаў і выкарыстоўвалі фразы-пытаньні: «Чаму ўлада не рэагуе?», «Да чаго мы ідзём? Да Ўкраіны?», «Вы будзеце разганяць гэтых ужо?». У прыведзеных бокам абвінавачваньня тэлефанаваньнях няма ніводнага слова пра журналістак Чульцову з Андрэевай, стрым «Белсата», іншых рэпартэраў. Зьявілася пытаньне, да чаго гэтыя званкі ў матэрыялах справы.

16:21 У судзе завязалася спрэчка пракурора і Кацярыны Андрэевай. Пракурор пыталася, чаму журналістка баялася дрона, які лятаў па-над плошчай. Андрэева папрасіла дзяржабвінаваўцу стаць на яе месца і ўявіць стан чалавека, калегаў якога зьбівалі, ламалі ім косьці і ў якіх стралялі. Андрэева яшчэ раз падкрэсьліла, што была перакананая ў слушнасьці сваіх дзеяньняў і выконвала прафэсійныя абавязкі. Магчымы страх перад дзеяньнямі сілавікоў быў выкліканы ня ўяўнай віной за правапарушэньне, а выключна чалавечай асьцярогай, бо раней безь віны цярпелі ўжо многія журналісты.

16:17 На пытаньне пракурора пра тое, чаму Андрэева давала прыярытэт, чытаньню іншых крыніц пра падзеі ці ўласнай іх ацэнцы, Кацярына адказала, што сама «дастаткова кампэтэнтная», каб вызначаць, што казаць у стрыме.

15:56 Адвакат Зікрацкі зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што некаторыя цытаты, якія сьледзтва прыпісвае Андрэевай, альбо няправільна выкладзеныя ў матэрыялах справы, альбо наагул не гучалі.

15:48 Пракуратура лічыць доказам віны журналістак і апытанку, якую яны рабілі на «плошчы Пераменаў». На відэа людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Тэлеграм-канал «Белсату» піша, што Андрэева расказвае, што адбываецца, гаворыць зь людзьмі. Канваіры глядзяць апытанку з зацікаўленасьцю.

15:32 Пракурор назвала доказам каардынацыі пратэстаў фразу «Паглядзіце на гэтых сьмелых хлопцаў, якія спачатку зьбеглі, а потым вярнуліся на праезную частку. А цяпер стаяць насупраць ГУБАЗіКа і не сыходзяць». Андрэева на фармулёўку пракуроркі зрэагавала саркастычна: «Проста жудаснае, страшнае злачынства, так».

15:19 З суду выдалілі мужчыну нібыта за спробу фатаграфаваць.

15:06 Суд запярэчыў адвакату Андрэевай Сяргею Зікрацкаму і заявіў, што ня будзе праглядаць на пасяджэньні стрым цалкам. Прагляд будзе праводзіцца толькі фрагмэнтарна.

15:01 Пачаўся прагляд стрыму Андрэевай і Чульцовай з «плошчы Перамен».

14:55 Абарона папрасіла далучыць адказы мабільных апэратараў пра тое, што ў дзень акцыі мабільны інтэрнэт у Менску быў абмежаваны. Суд пагадзіўся.

Людзі перад уваходам у судовую залю
Людзі перад уваходам у судовую залю

14:45 У залі яшчэ застаюцца вольныя месцы, але міліцыянты, якія выставілі на ўваходзе рамкі, ужо не пускаюць людзей.

14:36 На пасяджэньне пусьцілі толькі здымачныя групы дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і СТВ. Незалежныя журналісты застаюцца ў калідоры. Таксама на пасяджэньне пусьцілі сваякоў падсудных.

14:22 Другое пасяджэньне мае пачацца. У суд ужо прыйшлі людзі, каб падтрымаць журналістак. Пакуль невядома, ці пусьцяць усіх у залю суду, бо на пасяджэньні 9 лютага многіх людзей не дапусьцілі, штурхалі і перашкаджалі здымаць і глядзець на падазраваных.

Што было на першым пасяджэньні?

Першае слуханьне адбылося 9 лютага, Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова яшчэ раз пацьвердзілі, што віны не прызнаюць. Андрэева назвала справу цалкам сфабрыкаванай, убачыўшы ў ёй матыў помсты спэцслужбаў.

На першым пасяджэньні Андрэева расказала, што перад 15 лістапада рэдактар «Белсату» паставіў задачу правесьці стрым з «плошчы Перамен», дзе адбылося забойства Рамана Бандарэнкі (у прамове журналістка асабліва падкрэсьліла, што ня сьмерць, а менавіта забойства). Таксама ў судзе дапыталі яе мужа Ігара Ільяша.

Дар’я Чульцова патлумачыла, што згода кампэнсаваць шкоду «Менсктрансу» ня ёсьць прызнаньнем яе віны, ад далейшых паказаньняў у судзе яна адмовілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG