Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За студзень Украіна імпартавала зь Беларусі электрычнасьці больш, чым за ўвесь мінулы год


Беларуская АЭС

За студзень 2021 году Ўкраіна імпартавала зь Беларусі больш за 183 мільёны кіляват-гадзін электраэнэргіі

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на дадзеныя Нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга».

З гэтай колькасьці 180,5 млн кВт∙г электрычнасьці паступіла ў рэжыме камэрцыйных паставак, 3,1 млн кВт∙г — у рэжыме аварыйных паставак.

У студзені сёлета Беларусь стала найбуйнейшым камэрцыйным пастаўніком электраэнэргіі на ўкраінскі рынак, забясьпечыўшы 67,3% электраімпарту Ўкраіны.

За першы месяц гэтага году Ўкраіна набыла беларускай электрычнасьці больш, чым за ўвесь мінулы год, калі імпарт электрычнасьці зь Беларусі ва Ўкраіну склаў 153 мільёны кіляват-гадзін.

Раней міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба ў эфіры тэлеканалу «Ўкраіна 24» заявіў, што ня бачыць супярэчнасьці ў тым, што Ўкраіна аднавіла гандаль электраэнэргіяй зь Беларусьсю, нягледзячы на жорсткую пазыцыю па сытуацыі ў суседняй краіне.

«Ці можна гандляваць зь Беларусьсю, калі там адбываюцца сыстэмныя парушэньні правоў чалавека? Мой адказ — можна, гэта мая прынцыповая пазыцыя», — сказаў чыноўнік. Разам з тым ён падкрэсьліў, што пасьля пачатку пратэстаў Украіна заняла вельмі жорсткую пазыцыю: далучылася да санкцый Эўразьвязу, не прызнала Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, крыху палегчыла пераезд беларускіх грамадзян ва Ўкраіну.

«Я хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем стаяць на баку беларускага народу, — заявіў кіраўнік украінскага МЗС. — Але таксама хачу дадаць, што яшчэ ніводная краіна сьвету не ўвяла якіх-небудзь сыстэмных, комплексных эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Ёсьць санкцыі супраць кампаній, але гандлёвае эмбарга супраць Беларусі не ўжывалася».

Літва адмовілася ад імпарту электраэнэргіі зь Беларусі адразу пасьля запуску Беларускай АЭС. Вільня дамагаецца супольнага рашэньня краін Эўразьвязу аб эмбарга на імпарт беларускай электраэнэргіі.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка лічыць, што Ўкраіна, прымаючы пастаўкі беларускай электраэнэргіі, ня толькі наўпрост фінансуе Аляксандра Лукашэнку і рэпрэсіі супраць беларусаў, але і ўзмацняе сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі, якая фінансуе будаўніцтва станцыі.

«Фактычна, набываючы энэргію з атамнай станцыі, вы наўпрост фінансава падтрымліваеце нелегітымны рэжым, аплачваючы яго прывідны, стратны і заведама нявыгадны для беларускага народу і краіны праект. Фактычна вы павялічваеце і рызыкі Ўкраіны ад выкарыстаньня атамнай электрастанцыі ў суседняй дзяржаве, фінансуючы небясьпеку для Ўкраіны. І гэтыя сродкі ідуць на стварэньне большых рызыкаў. Зноў жа, вы ўскосна фінансуеце і спансуеце дручкі, якімі сёньня зьбіваюць братэрскі для Ўкраіны беларускі народ. І мы тут ня бачым ніякай двухсэнсоўнасьці», — заявіў Павал Латушка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG