Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце прэзыдэнта Ўкраіны зарэгістравалі пэтыцыю з заклікам увесьці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі


Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Інститут реформ та інновацій» (г. Дняпро) Раман Сярдзюк 28 студзеня зарэгістраваў на афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны пэтыцыю аб увядзеньні спэцыяльных эканамічных і іншыя абмежавальных захадаў у дачыненьні да беларускіх дзяржаўных і прыватных кампаній, якія падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэтая пэтыцыя зьявілася ў адказ на заяву нашага міністра замежных справаў пра тое, што ён лічыць магчымым набываць у Беларусі электраэнэргію», — сказаў Свабодзе Раман Сярдзюк.

Актывіст разьлічвае, што пэтыцыя зьбярэ неабходныя 25 тысяч подпісаў:

«У такім выпадку прэзыдэнт будзе абавязаны разгледзець нашу пэтыцыю і надаць адказ. Будуць санкцыі ўведзеныя ці не, але ён павінен будзе абавязаны патлумачыць хаця б прычыны свайго рашэньня».

Раман Сярдзюк дадаў, што пэтыцыя стала лягічным працягам дзейнасьці актывістаў Дняпра, дзе са жніўня 2020-га праходзілі акцыі на знак салідарнасьці і падтрымкі Беларусі:

«У нас на цэнтральнай плошчы нашые мастакі-авангардысты зладзілі такі вялікі пэрфоманс, было шмат мітынгаў. Мы таксама запісалі відэа, каб патрымаць беларусаў і іхныя пратэсты».

Пэрформанс у падтрымку беларусаў 20 жніўня ў Дняпры
Пэрформанс у падтрымку беларусаў 20 жніўня ў Дняпры

24 студзеня, у вечаровым этэры аднаго з украінскіх тэлеканалаў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна ня мае ніякіх супярэчнасьцяў з Польшчай і Літвой з прычыны закупу ў Беларусі электраэнэргіі зь Беларускай АЭС.

Дзьмітро Кулеба таксама дадаў, што лічыць магчымым «гандляваць зь Беларусьсю, калі там сыстэмна парушаюць правы чалавека».

Украіна, як і краіны Эўразьвязу, не прызнала легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь на трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцый супраць Беларусі Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць. Аднак дагэтуль Украіна ня вызначылася, да якіх санкцый будзе далучацца, і, адпаведна, не правяла неабходных для ўвядзеньня ўнутрыдзяржаўных працэдур. Згодна з украінскім заканадаўствам, рашэньне аб санкцыях прымае Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яно набывае моц пасьля выданьня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG