Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адказалі на пэтыцыю супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім, якую падпісалі 103 тысячы чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства культуры Беларусі адказала на пэтыцыю супраць прызнаньня бел-чырвонага белага сьцяга экстрэмісцкім і за прызнаньне яго гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, якую падпісалі больш за 103 тысячы беларусаў.

У афіцыйным адказе за подпісам намесьніка міністра Валерыя Грамады гаворыцца, што пытаньні абмежаваньня бел-чырвона-белай сымболікі не рэгулююцца заканадаўствам аб культуры і не адносяцца да сфэры дзейнасьці Міністэрства культуры.

Што да ўключэньня бел-чырвона-белага сьцяга ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў — паводле Міністэрства культуры, «падставы для гэтага адсутнічаюць».

У Міністэрстве культуры тлумачаць гэта тым, што

  • Ёсьць патрабаваньні да парадку ўнясеньня прапаноў аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці: да прапановы трэба прыкласьці матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасьці, абгрунтаваньне неабходнасьці наданьня ёй адпаведнага статусу. Прапановы, якія не адпавядаюць патрабаваньням, міністэрства не разглядае;
  • Улічваюцца і патрабаваньні Канвэнцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА: у ёй няма сьцягоў сярод сьпісу культурных каштоўнасьцяў, якія могуць адносіцца да нематэрыяльных, як і ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

29 студзеня на БТ заявілі, што «больш за 100 грамадзян Беларусі патрабуюць лічыць бел-чырвона-белы сьцяг, які ў гады Вялікай Айчыннай стаў сымбалем зьверстваў на беларускай зямлі, экстрэмісцкім», і Генпракуратура ўжо рыхтуе дакумэнты «аб прызнаньні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сьцяга і іншай сымболікі».

Пасьля гэтага на сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім. Яе падпісалі больш за 103 тысячы чалавек. Пасьля падпісаньня зварот накіравалі ў Генпракуратуру, МУС і Міністэрства культуры.

Тым часам студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэту БДУ сабралі і адправілі ў Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзыдэнта 100 «жывых» подпісаў супраць прызнаньня бела-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім. Як паведамляе Тэлеграм-канал «Вольны прафсаюз БДУ», гэта шостая частка ад усіх студэнтаў факультэту, улічваючы дыстанцыйнае навучаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG