Gazeta Wyborcza паведамляе, што сёлета марш у гонар антыкамуністычных падпольнікаў павінен стаць «спантанным» захадам, паколькі ўсе тэрміны правядзеньня маршу заблякавалі нацыяналістам актывісты грамадзкага руху «Грамадзяне Рэчы Паспалітай», якія штогод пратэстуюць супраць гэтай нацыяналістычнай акцыі.
Сёлета актывісты руху «Грамадзяне Рэчы Паспалітай» падалі загадзя два дзясяткі заявак на атрыманьне дазволу правесьці публічныя акцыі ў Гайнаўцы ў тэрмінах, калі звычайна адбываўся марш польскіх нацыяналістаў. Гэтыя заявы выперадзілі заяву нацыяналістаў на марш і, паводле закону, улады гораду мусяць разгледзець іх у першачарговым парадку і даць прыярытэт якраз гэтым акцыям.
Гайнаўскі марш нацыяналістаў прымеркаваны да Дня нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў» (Narodowy Dzień Pamięci «Żołnierzy Wyklętych»), які, згодна з парлямэнцкай пастановай 2011 году, адзначаецца 1 сакавіка. Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам. Сёлетні марш, ужо шосты, нацыяналісты плянавалі правесьці у апошнія выходныя лютага.
Мясцовая арганізацыя польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы дала зразумець, што з увагі на блякаваньне тэрмінаў захадаў у горадзе пад канец лютага, сёлетні марш можа адбыцца ў фармаце так званага «спантаннага сходу». Польскі закон дае магчымасьць правесьці грамадзкую акцыю «спантанна» – «у сувязі з раптоўнай і непрадбачанай падзеяй, зьвязанай з грамадзкай сфэрай, правядзеньне якой у іншую дату было б бессэнсоўным або нязначным з пункту гледжаньня грамадзкіх дэбатаў».
Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы штогод выклікае пратэсты як беларусаў, так і палякаў у Польшчы, перш за ўсе з прычыны таго, што галоўны кандыдат польскіх нацыяналістаў на мясцовага героя – Ромуальд Райс (падпольная мянушка: «Буры») – бачыцца беларусамі як злачынца і забойца. Ромуальд Райс адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства каля 80 чалавек мірнага этнічна беларускага насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын.
Факт, што марш у гонар «Бурага» і ягонага крывавага паходу арганізуецца ў Гайнаўцы, дзе чвэрць жыхароў гораду афіцыйна пішацца беларусамі, а як мінімум палова належыць да праваслаўнага веравызнаньня, успрымаецца як дадатковы чыньнік запалохваньня беларуска-праваслаўнай меншасьці польскімі нацыяналістамі.