Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі мне было гадоў 20, я недзе натрапіў на выказваньне: «Нічога не мяняецца больш устойліва, чым мінулае». Ат, падумалася мне тады, цынічны bon mot у стылі Оскара Ўайлда…

Мінулае, якое мяняецца

Гэтае выказваньне прыходзіць мне на думку кожны год, калі даводзіцца думаць пра марш у памяць «выклятых жаўнераў», які сёлета ўжо трэці год праводзяць польскія нацыяналісты і шавіністы ў Гайнаўцы. Цэнтральным сымбалем гэтага маршу для некалькіх сотняў маладых, якія зьяжджаюцца ў Гайнаўку з усёй Польшчы, зьяўляецца адзін з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля пасьля вайны, Ромуальд Райс (мянушка «Буры»). Шэсьце невыпадкова адбываецца ў Гайнаўцы — на гайнаўскай зямлі «Буры» ў студзені-лютым 1946 году камандаваў крывавым рэйдам, у якім спаліў некалькі этнічна беларускіх вёсак, забіваючы і палячы жыўцом каля 80 праваслаўных сялян, у тым ліку жанчын і дзяцей.

Некалі камуністычныя ідэолягі залічылі гэтых забітых у агульны гурт ахвяраў змаганьня за ўсталяваньне «народнай улады» ў Польшчы. Падзеньне камунізму ў 1989 годзе прывяло ня толькі да дэмакратызацыі жыцьця ў краіне, але і да ўсплёску нацыяналістычных і клерыкальных настрояў у грамадзтве ды пераацэнкі нядаўняга мінулага краіны. У 1990-х адбылося шмат судовых рэабілітацый прадстаўнікоў антыкамуністычнага падпольля. Суд рэабілітаваў і «Бурага», афіцыйна вырашыўшы, што ён знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Але ў 2005 годзе гісторыкі з Інстытуту нацыянальнай памяці ў выніку праведзенага сьледзтва дайшлі да высновы, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду».

Рамуальд Райс "Буры".
Рамуальд Райс "Буры".

Сёньня я ведаю, што аўтарам фразы пра ўстойлівую зьменнасьць мінулага быў ня Оскар Уайлд, а амэрыканскі гісторык, пісьменьнік і журналіст Джэралд Джонсан. І што поўнасьцю яна гучыць так: «Нічога не мяняецца больш устойліва, чым мінулае — таму што мінулае, якое ўплывае на нашы жыцьці, не складаецца з таго, што здарылася насамрэч, а з таго, у што людзі вераць, што здарылася». І сёньня гэтая фраза гучыць для мяне ўжо ня так цынічна, як 40 гадоў таму…

Цяжка мне сказаць, у што вераць маладыя гарлапаны, якія крычаць на гайнаўскім маршы «Буры — наш герой!». Але я дакладна ведаю, якое мінулае помняць падляскія беларусы. У 1990—1992 гг., будучы журналістам беластоцкага тыднёвіка «Ніва», я запісаў расповеды сьведкаў пра «геройства» «Бурага». Хачу прывесьці некалькі эпізодаў з тых запісаў.

Вёска Зані, 2 лютага 1946 (загінулі 24 чалавекі)

Я запісаў гэтыя сьведчаньні 17 красавіка 1990, «Ніва» апублікавала іх 6 траўня 1990. Людзі ў Занях прасілі мяне: «Вы, калі ласка, не запісвайце нашых прозьвішчаў у газэце. Мы вам расказалі ўсё, як было. Але прозьвішчаў нашых не запісвайце. Жывуць нашы дзеці, нам трэба жыць. Зразумейце тое, што нас стралялі не партызаны з-за граніцы, а нашы суседзі з навакольных вёсак. Мы ня хочам, каб тыя, што стралялі нас тады, помсьцілі нам і цяпер. Калісьці называлі іх бандытамі, цяпер гавораць, што яны героі, бо змагаліся за вольную Польшчу».

Расказвае М.К.:

«Гэта было ў суботу, якраз выпалі польскія Грамніцы. У нас у хаце была я зь сястрою, мама, малодшы брат Ёзік, тата драмалі на зэдліку каля печкі. На вячоркі прыйшлі дзьве мае сяброўкі, адна прала на калаўротку, другая вязала на дротах. Старэйшы брат Уладзік забег у хату і кажа, што паляць Шпакі. Відаць зарыва і дым. Мама кажа, што трэба павыносіць з хаты, бо прыдуць і нас спаляць. Потым хтось грукнуў у дзьверы, тата выйшлі і ў хату ўжо не вярнуліся. Потым стрэлілі ў акно, і згасла карбідоўка. Мы пападалі на падлогу. Я падняла галаву і бачу праз акно, што і наша вёска ўжо гарыць. Ідзі на гару і павынось што, кажа мне мама. Я пайшла і бачу з гарышча, што людзі пабітыя на вуліцы ляжаць. Бо на вуліцы ясна, як удзень, ад агню. Сыходжу і кажу маме. Мама ўзялі польскую ікону, была ў нас адна, і выйшлі на двор. Мы ўсе за ёю. Брат, я памятаю, пасьпеў захапіць з сабою школьны тарністар. Мы хадзілі ў школу ў Занях, вучыў нас найстарэйшы наш брат, Янак, яго ў той час дома не было, бо старэйшыя хлопцы і мужыкі здаўна ўжо ў хатах не начавалі. Хто дзе, у клуні, на вышках у хляве або на грушы, абвязаўшыся вяроўкаю, каб ня ўпасьці, калі засьне. Стаімо мы перад нашым домам, а яны ідуць вуліцай і заходзяць у наш панадворак. Адзін зь іх узяў і прыставіў мне пісталет да галавы. „Поляцы чы бялорусы?“ — пытаецца. „Пане, мы поляцы, не забівайце нас“, — кажуць мама. — „Як пан не вежы, то нех запыта у сонсядкі. Она католічка“. Цераз вуліцу жылі католікі, нашы суседзі. Мама пабачылі, што суседка…цкая стаіць перад домам, і падумалі, што за нас заступіцца. Бо мы зь імі жылі як адна сям’я, гэта я тут праўду, як на споведзі, кажу. Яны былі бедныя, а нашы мама былі шчырыя, спагадлівыя, і памагалі ім чым маглі. Адзін пайшоў пытацца, ці палякі мы. І тая…цкая сказала, ведаеце, з такой пагардай ці са злосьцю: „Так, так, полякі“. Ён вярнуўся і стрэліў зь пісталета маме ў галаву. Я бачыла, як страшна пырснула кроў маме з галавы. Мама ўпалі каля хаты. Брат Ёзік кінуўся ўцякаць за хату, за ім стралялі, але не пацэлілі. Ён прасядзеў усю ноч у акопах за вёскай, вярнуўся на другі дзень, ужо на папялішча. А нас зь сястрою і з тымі сяброўкамі запхнулі ў хату. Адзін зь іх прынёс ад суседзяў акалот саломы, яны ім уваход у пограб закрывалі, бо дзьвярэй не было, завалок яго на гару і запаліў. І потым пайшлі паліць далей. Мы думалі, што дзьверы завязалі чым, каб нам ня выйсьці, і пазалазілі пад ложак. Але тут дым, кроквы трашчаць і пачынаюць падаць. Я вырвала акно, у нас яно было падвойнае, як на зіму, другую раму выпхнула на двор. Пад акном у нас была сажалка, тут на яе салома са страхі падае і гарыць. Вада гарыць. Хоць быў люты, то вада не замёрзла, бо тады якраз стаяла адліга. Няма як выскачыць, бо ўсюды агонь. Але вытрываць ня можна, мы ўжо пачалі задыхацца. Тады я ўзяла сястру на рукі, ёй было сем гадоў, а мне чатырнаццаць, і кінулася цераз полымя, церазь сенцы на двор. Дзьверы не былі завязаныя. За мною мае сяброўкі. Я пабегла цераз вуліцу да тых суседзяў і, не пытаючыся, шмыганула ў іхнюю хату і схавалася там. Там, дзе жылі палякі, то не палілі, толькі беларусаў. А таксама абапал дамоў не палілі, каб католікі не згарэлі. У нас у вёсцы было чатыры польскія сем’і, са „шляхты“. І тая суседка, што сказала „так, так, полякі“, забегла ў хату і выгнала нас адтуль, як паршывых сабак. Я зь сястрою на руках пабегла ў куток панадворка, там у іх хвораст ці то ядловец ляжаў, і таксама пярыны, што павыносілі з хаты, бо ім сказалі раней, што паліць беларусаў будуць, каб павыносілі, калі б ад пажару і іхняя хата занялася. Але і адтуль нас прагналі. І мы схаваліся ў куратніку, што стаяў побач сялібы тых суседзяў. Там мы і прабылі да раньня, не выходзілі, калі яны зьбіраліся і крычалі „Зьбюрка! Зьбюрка!“, а потым пайшлі дарогаю на Сьвірыды.»

​Расказвае А.К.:

«Яны прыходзілі да нас раней, перад тым, як нас спалілі, былі разоў дваццаць. Грабілі, забіралі коні, сьвіньні, вопратку, хлеб, усё, што згледзелі. Прыходзілі ноччу, грукалі ў акно. Калі гаспадар пытаўся „хто?“, яны казалі „польске войско“. Мы ўжо ведалі, хто такія і чаго ім трэба. Тады мне было 19 гадоў, я быў на вёсцы, сядзеў з хлопцамі ў некага ў хаце. Па начах мы ў хатах ня спалі, бо калі каго з хлопцаў зловяць, то катуюць. Мы пачулі шоргат і рыпеньне падводаў. Я выйшаў на двор і бачу, што вёску акружаюць. Пытаю хлопцаў, куды ўцякаць будзем? Усе разьбегліся, хто куды. Я сам пабег цераз садок у той бок, дзе лес. Але згубіў шапку і вярнуўся па яе. Тут мяне і схапілі. І вядуць па вуліцы. З адной хаты выглянуў стары, называўся ён Міхал. Яго таксама забралі і павялі са мною. Завялі нас на гасьцінец, што ідзе на Сьвірыды, і там сказалі класьціся на зямлю. Потым адзін зь іх пайшоў на вёску і доўга не варочаўся. Мусіць, пытаўся ў камандзіраў, што з намі рабіць. У вёсцы чуваць была страляніна, з абодвух бакоў пачалі яе паліць. Потым той паляк, што пайшоў, варочаецца, выцягвае пісталет і пытаецца ў Міхала: „Поляк чы бялорус?“ „Бялорус“ — кажа дзядзька Міхал. Той стрэліў у яго два разы. Потым пытаецца пра тое самае ў мяне. Я адказваю так сама. Ён страляе ў мяне. У першую хвіліну мне падалося, што мне раскалолі галаву і выбілі мозг. Але ж не, я ляжу і думаю, значыць, я жыву і галава цэлая. Чую, як енчыць і страшна хрыпіць дзядзька Міхал. Яму, мусіць, прастрэлілі лёгкія, краем вока бачу, як ён пакутуе і зьвіваецца каля мяне. „Поправ тэму, цо сен так віе“ — кажа той, што страляў. І тады другі пусьціў у дзядзьку чаргу з аўтамата. Дабіў яго. Я ляжаў да таго часу, пакуль ня ўбачыў, што яны адышлі ад нас і сталі глядзець, як гарыць вёска. Я паволі адпоўз ад іх, потым прыўзьняўся і кінуўся бегчы. Тады якраз пачалася страляніна, я ня ведаю, стралялі па мне ці, можа, у вёсцы людзей забівалі. Я ўцякаў. Я схаваўся ў акопах, што засталіся пасьля немцаў, сядзеў там і прамёрз. Адчуваў, як па маім целе, пад вопраткай, сьцякае кроў. Трэба было падацца кудысь да людзей. Але куды пайсьці? Кругом польскія вёскі. Я пастукаў у акно, мне адчыніла бабулька. Сказаў, што я з Занёў, што нас спалілі і пабілі. Прыйшоў гаспадар, у хаце лямпы не палілі, але ён адчуў, што нешта са мною блага. Ён стаў мяне разглядаць і ўбачыў, што зь мяне цячэ кроў. Я быў ранены ў двух месцах. Адна куля прайшла праз шыю, другая трапіла ў плячо і выйшла каля локця. Ён мяне перавязаў, а ранкам павёз у Зані. На вуліцы я ўбачыў забітага бацьку. Зайшоў у хату, на пасьцелі ляжала мая сястра, ёй прастрэлілі грудзі. І той чалавек занёс сястру на сваю фурманку і павёз цераз Бранск у Бельск, у шпіталь. Там яе адратавалі. У Занях у тую ноч забілі 24 асобы. Многа паранілі. Наш сусед выносіў з хаты свайго ўнука, па ім стралялі з аўтамата, хлопчыку было ўсяго чатыры гады, а можа і таго не, кулі яго разнесьлі амаль на кавалкі, а суседу адстрэлілі абедзьве рукі. Яны потым выехалі ў СССР, засталася яго дачка, жыве ў Занях да гэтай пары.»

Расказвае П.М.:

«Заходзіць дзядзька ў нашу хату і кажа, што вёска гарыць. Я на двор, а на загуменьні стаяць з карабінамі. Назад у хату! Сядзець і не выходзіць! Я ўзяў дзьвюх маіх дачок на рукі, пайшоў зь імі на двор і цераз вуліцу подбегам, каб хутчэй, у лес. За мною стралялі, куля трапіла мне ў клуб, я ўпаў з дочкамі ў баразёнку на агародзе. Аднекуль падбегла мая сястра, забрала дзяўчынак і панесла іх за вёску. Я бачу, ляжыць мая мама на агародзе, забітая. Я падпоўз да яе, кранаю, але яна не варушыцца. Я ляжаў каля мамы ня ведаю як доўга, аж чую, крычаць: „Зьбюрка! Зьбюрка!“ Вёска палыхае, яны ідуць вуліцай, згледзелі нас, падыходзіць адзін, падыходзіць другі. „Курва маць, нема набоі!“ Потым падыходзіць трэці з карабінам, такі каратыш, ростам з мэтар, калі ў шапцы. Ён страляе ў маму, ужо мёртвую. Потым страляе ў мяне. І я тады, як ляжаў, то сеў і ня ведаю, што са мною сталася. Ужо нічога ня бачыў. Куля выбіла мне адно вока, прайшла пераносьсем і выкалупнула другое. Яно, як людзі мне потым казалі, ліпела нейкі час на адной жылцы. Яны пайшлі далей, а я застаўся сядзець там без вачэй, жывы. І ў таго каратыша не хапіла на мяне амуніцыі.»

Вёска Залешаны, 29 студзеня 1946 (загінулі 15 чалавек)

Я запісаў гэтае сьведчаньне 2 жніўня 1991, «Ніва» апублікавала яго 28 жніўня 1991.

Расказвае Ніна Лемеш (у 1946 годзе: Сахарчук):

«Палілі нас у панядзелак, ужо пад вечар… Як зганялі нас у тую хату, то сказалі: вёска ваша пойдзе з агнём, а вы Богу на ахвяру… Ну, такі нам вырак далі… „Буры“ ўжо з бандаю выехаў, але страж пакінуў. І яны пайшлі па вёсцы і па стрэхах стралялі з аўтаматаў, запальнымі кулямі… Людзей у Сахарчукоў поўная хата, і ўсё бачаць, як вёска гарыць. А тыя людзі, што ў хатах засталіся, сталі выбягаць. А іх сякуць з аўтаматаў. Леанчук Рыгор і двое дзяцей, Нічыпарук Марыя і трое дзяцей, хлопцы былі, і Нічыпарук Наталя і Іван, і іхнія хлопец і дзяўчынка, бацька з сынам выбеглі, бо іх на дварэ застрэлілі, а маці з дачкою паранілі ў хаце, і яны там згарэлі, доўга і страшна енчылі… І наша хата, што напроці, ужо гарыць… А потым яны ўжо сякуць з аўтаматаў па той хаце, дзе мы ўсе, б’юць уверх, пад страху… І мы ўжо гарым… І тут віск, піск падняўся… Адны былі дзьверы ад вуліцы, а другія з тылу, ад падворка… З вуліцы страляюць, а тыя дзьверы ад падворка гвозьдзямі забілі… Але ж там стаяў якісь, разумееце, іншы чым усе, якісь людзкі чалавек… Ён тыя дзьверы адбіў і кажа: uciekajcie, uciekajcie… Каго ж выслаць першага? Людзі стаяць і баяцца… Быў такі хлапчына, Лукашук Лёня, быў з бацькам, мацеры ў яго не было… І людзі кажуць: Лёня, ты бяжы, бяжы… І ўсе глядзяць. І як тое дзіця пабегла, і ніхто да яго не страляў, то грымнулі ўсе. А хата ўжо трашчала і падала на нас. Макар Несьцярук абгарэў страшна: рукі ў яго засталіся калекія аж да сьмерці… А залешанскіх маладых мужчын, і чалавека майго будучага, хацелі ўзяць фурманамі. Паразьдзявалі іх дагала, засталіся яны ў адных кальсонах. Але потым раздумалі — узялі толькі аднаго, ён ужо так і не вярнуўся, а астатніх разам да нас у тую хату… І тыя ж хлопцы басячком, зіма ж была, беглі да Тапароў… Потым ім ногі гнілі, панапухалі… Тата нашы ўцяклі, як хлеў загарэўся… Але незадоўга да таго бачылі, як бандыты прывялі да нас пад дашок солтысавага сына, Пецю Дземянюка, і краўца Зялінку, ці не Аляксандар яму было, і там пастралялі… Пеці было чатырнаццаць тады, як і мне…»

Пра трагедыю Залешанаў расказвае яшчэ адзін сьведак, Пётр Младзяноўскі (расказ на падляскай гаворцы)

Пра фурманаў

31 студзеня 1946 «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак на Гайнаўшчыне — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія, на загад улады, паехалі ў пушчу на нарыхтоўку дроваў для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG