Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Буры» мог спаліць значна больш беларускіх вёсак, — польскі гісторык, дзякуючы якому апраўдалі Рамуальда Райса


Казімеж Краеўскі. Фота: Piotr Życieński.

11 сакавіка польскі Інстытут нацыянальнай памяці распаўсюдзіў паведамленьне, у якім ранейшыя высновы аб удзеле Рамуальда Райса («Бурага») у генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы назваў «хібнымі».

Паведамленьне ад імя ІНП нікім не падпісана. Спробы Свабоды знайсьці яго аўтараў не далі плёну. Але ў Інстытуце нам параілі зьвярнуцца да гісторыка, які адыграў у гэтым ключавую ролю — доктара Казімежа Краеўскага. Менавіта ягоныя працы прычыніліся да таго, што Інстытут зьмяніў сваю ж выснову ад 2005 году і больш ня лічыць, што забойствы ў беларускіх вёсках на Падляшшы мелі «прыкметы генацыду».


— Які характар мае гэтае паведамленьне Інстытуту нацыянальнай памяці? Гэта вынік нейкага новага сьледзтва?

— Не. Яшчэ ў лютым 1991 году ў Польшчы быў прыняты закон, на падставе якога прысуды супраць рэпрэсаваных за дзейнасьць на карысьць незалежнай польскай дзяржавы былі адмененыя. То бок ужо тады Рамуальд Райс «Буры» быў рэабілітаваны. У 1995 годзе суд адмяніў законнасьць ягонага сьмяротнага прысуду, які быў вынесены ўладамі камуністычнай Польшчы, і пастанавіў, што «стан найвышэйшай неабходнасьці прымусіў іх прымаць рашэньні, якія не заўсёды былі этычна адназначныя». У 2005 годзе ІНП спыніў сьледзтва ў справе Рамуальда Райса, а ў канчатковым паведамленьні гаварылася, што «забойства зьяўляецца генацыдам». За гэтыя гады сабраўся новы матэрыял, які я і мае калегі прааналізавалі. На яго падставе Інстытут нацыянальнай памяці прыйшоў да высновы, што ў Рамуальда «Райса» Бурага не было мэты забойства менавіта беларусаў. І таму гэта нельга называць генацыдам.

- Гісторык зь Беластоку Алег Латышонак сказаў учора ў эфіры Радыё Рацыя, што «калі нехта ў Інстытуце Нацыянальнай Памяці, прачытаўшы тры артыкулы і кніжку, прыйшоў да высновы, што раней нешта было ня так, то сьледзтва павінна быць узноўленае». Таксама невядома, хто фактычна за гэтым дакумэнтам стаіць, бо ніхто яго канкрэтна не падпісаў. Як вы гэта пракамэнтуеце?

- Ніяк. Я не належу да кіраўніцтва ІНП. Але хачу вам нагадаць, што ад рук украінскіх нацыяналістаў на Валыні падчас вайны загінула каля 130 тысяч палякаў. Нават гэтае злачынства не было прызнанае генацыдам. «Буры» адказвае за забойства 70 чалавек. Дык давайце захоўваць прапорцыі.

«Буры» адказвае за стварэньне сытуацыі, якую ён ня здолеў кантраляваць​


— Гаворка пра сам прынцып, а ня масавасьць. Бо як ні круці, ахвярамі «Бурага» сталі праваслаўныя беларусы.

— Канвэнцыя ААН ад 1948 году ясна кажа, што генацыд — гэта злачынства з мэтаю зьнішчыць менавіта прадстаўнікоў адной групы. Буры сапраўды адказвае за гэтыя забойствы. Але ён не кіраваўся этнічнымі або нацыянальнымі прыкметамі. «Буры» адказвае за стварэньне сытуацыі, якую ён ня здолеў кантраляваць. У Заляшанах яго людзі не праверылі, ці ўсе людзі пакінулі будынкі. Гэта было кепска зроблена, і ў выніку загінулі людзі, якіх ён ня меў намеру рэпрэсаваць — жанчыны і дзеці. У Занях яго ўвогуле не было. Паводле нас, ён не аддаваў загаду забіваць жанчын і дзяцей. Яго людзі рабілі гэта ня так, як ён ім загадваў.

— «Буры» адказвае за забойства амаль 30 вазакоў-беларусаў. Гэта ад пачатку да канца было заплянаванае забойства. Яно не было вынікам хаосу або непаразуменьня.

— Вядома, што перад забойствам амаль 30 вазакоў жаўнеры атраду «Бурага» размаўлялі зь імі ў форме камуністычных жаўнераў. Магчыма, вазакі распавядалі жаўнерам пра сваё стаўленьне да новай савецкай улады, не падазраючы, з кім гавораць. Можа, яны расказвалі пра нэгатыўнае стаўленьне да міжваеннай Польшчы, пра тое, як сустракалі бальшавікоў у 1939 годзе і будавалі аркі. І «Буры» пасьля прыняў такое рашэньне. На падставе не нацыянальнасьці, а ляяльнасьці да польскай дзяржавы.

— Вы кажаце пра такую верагоднасьць. Можа так, а можа і не. Ці ёсьць факты, якія гэта пацьвярджаюць?

— Сярод забітых вазакоў быў, напрыклад, адвэнтыст. А гэта значыць, што забівалі ня толькі па рэлігійнай прыкмеце. Амаль дзесяцёх вазакоў адпусьцілі. Цікава, а чаму іх адпусьцілі, калі яны былі беларусамі? Няма ж ніякіх доказаў, што яны былі палякамі. Але на судовым працэсе пасьля вайны ў «Бурага» пра гэта не пыталіся. Суд меў прапагандысцкі характар, і яго не цікавіў матыў.

— Але ў матэрыялах справы ёсьць допыт яго паплечніка, які адназначна кажа, што «Буры» загадаў спаліць беларускія вёскі.

— Я ведаю, пра які матэрыял вы кажаце. І там пасьля сказу, што гэта «Буры» аддаў загад, няма далейшых словаў, матывацыі. Магчыма, суд наўмысна не захацеў гэта пакідаць.

— Вы зноў кажаце пра гіпотэзу. Але ёсьць успаміны сьведак, якія сьцьвярджалі, што перад забойствам вазакоў у іх пыталіся: «Католік ці беларус?». Або прасілі маліцца, каб зразумець, католік гэты чалавек ці праваслаўны. Гэта сьведчыць на карысьць таго, што рэлігійны чыньнік усё ж прысутнічаў.

— Гэтыя сьведчаньні адносяцца да савецкага часу. Тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва Польшчы было зацікаўленае ў тым, каб расправіцца з антыкамуністычнымі падпольшчыкамі. Мэтады камуністаў мы ведаем, яны рабілі ўсё магчымае, каб вынесьці сьмяротны прысуд і выканаць яго. Многія гэтыя сьведчаньні гучаць амаль ідэнтычна, слова ў слова. Гэта можа сьведчыць аб тым, што яны рабіліся пад дыктоўку. Частку гэтых сьведчаньняў мы аналізавалі і прыйшлі да высновы, што яны непраўдзівыя. Мы разумеем боль сваякоў ахвяраў, але некаторым успамінам проста нельга даваць веры. Часта адны супярэчаць другім. Я падрабязна апісваю гэта ў нумары часопіса «Glaukopis».

Большасьць праваслаўных беларусаў, зь якімі меў дачыненьне «Буры», не забівалі, а проста адпускалі​

Рамуальд Райс «Буры»
Рамуальд Райс «Буры»

— Вы спасылаецеся на вашыя працы і вашых калегаў. А якія новыя факты, што радыкальна мяняюць стан рэчаў, вам удалося адкрыць?

— Мы размаўлялі з жыхарамі некаторых вёсак у ваколіцы, якія прыгадваюць адносіны з жаўнерамі «Бурага», з вэтэранамі гэтых фармаваньняў.

— І што новага адкрылі гэтыя факты?

— Напрыклад, тое, што абсалютную большасьць праваслаўных беларусаў, зь якімі меў дачыненьне «Буры», не забівалі, а проста адпускалі. Калі б ён быў псыхапатам, якога цікавілі толькі забойствы беларусаў, то ці рабіў бы ён так? Мы праводзілі новую інтэрпрэтацыю старых фактаў. Здарэньні ва ўсіх гэтых вёсках абсалютна розныя. Прычынаю сьмерці там былі абсалютна розныя дэталі, якіх можна было пазьбегнуць. І гэтага Райс не зрабіў. Але ў яго не было матыву этнічнай чысткі.

— «Буры» прадстаўляў партызанскі атрад. А якія ў яго былі паўнамоцтвы і ад каго, каб прымаць рашэньні наконт забойства людзей? Перад кім ён адказваў?

— Ён быў кіраўніком атраду, які належаў да арганізацыі «Нацыянальнае вайсковае аб’яднаньне».

— Але на той час атрад ня быў часткай рэгулярнай польскай арміі. Арміі Краёвай на той час ужо не існавала, і не да канца зразумела, перад кім адказваў Рамуальд Райс «Буры». Бо падпольных арганізацый было мноства, і яны дзейнічалі самі па сабе.

— Ён быў камандзірам партызанскага атраду. Памятайце пра важную дэталь. У «Бурага» была магчымасьць спаліць ня пяць вёсак, а значна больш, але ён гэтага не зрабіў. Гэта і так было беспрэцэдэнтнае здарэньне ў ягонай біяграфіі.

— Але для сем’яў ахвяраў гэта не суцяшэньне.

— «Буры» вінаваты ў тым, што кепска арганізаваў свае апэрацыі. Ён адказвае за тое, што не прадумаў дэталяў і не сачыў за тым, як выконваюцца ягоныя загады. У выніку гэтых памылак загінулі людзі, якія не павінны былі загінуць. І тым больш яны загінулі не таму, што былі беларусамі.

Спадзяюся, што зь цягам часу погляд беларускай меншасьці на гэтую справу зьменіцца


— А ці павінны беларусы Падляшша з улікам вашых слоў зьмяніць сваё стаўленьне да гэтай трагедыі?

— Мы не адмаўляем, што адбылася трагедыя. Адбыліся страшныя рэчы, якія не павінны былі здарыцца. Гэта не нагода для гонару, мы смуткуем таксама, і гэта выклікае наш сорам. Але гэта індывідуальная справа, як беларусы будуць ставіцца да гэтай справы. Спадзяюся, што зь цягам часу погляд беларускай меншасьці на гэтую справу зьменіцца.

Зрэшты, у польскім антыкамуністычным падпольлі былі і праваслаўныя. Нават з дакумэнтаў Упраўленьня бясьпекі мы ведаем, што ў «Бурага» было грамадзянскае стаўленьне да жыхароў рэгіёну. Ён не дзяліў людзей паводле нацыянальнасьці або рэлігіі. І ў атрадах «Бурага» было некалькі праваслаўных.

Я супраць таго, каб абагульняць, што беларусы на Падляшшы былі ўсе за бальшавікоў. Людзі, каб выжыць, былі гатовыя падтрымаць любую ўладу. Але нельга трапляць у іншую скрайнасьць і казаць, што ўсе яны былі зацкаваныя. Была група і сярод беларусаў, якая мела выразныя погляды і перад вайной змагалася супраць польскай дзяржавы ў камуністычных ячэйках. Яны радаваліся 17 верасьня, сустракалі бальшавікоў, забівалі польскіх жаўнераў, паліцыю, чыноўнікаў. Але беларуская супольнасьць цалкам ачысьціла сваю сьвядомасьць ад гэтых фактаў. Зрэшты, я не хацеў бы тут спаборнічаць, хто каму прынёс больш гора. Давайце пра гэта гаварыць і шукаць праўду. Мы не хаваемся ад праўды наконт таго, чаму міжваенная Польшча не была для беларусаў сваёй дзяржавай. Дык давайце паспрабуем зразумець паводзіны «Бурага» і яго жаўнераў.

— Беларусы Падляшша занепакоеныя тым, што на іх вачах адраджаецца культ «Бурага», і калі яго цела некалі знойдуць, то яно будзе ўрачыста пахаванае.

— Мы жывём у такі час, калі цывілізавана хаваем нават сваіх ворагаў. Больш за 20 гадоў у Польшчы адбываюцца эксгумацыі нямецкіх жаўнераў, і мы хаваем іх на могілках. Мы хаваем чальцоў УПА, я асабіста браў удзел у раскопках. Яны былі нашымі ворагамі, але мы пахавалі іх па-хрысьціянску. У Бельску пахаваныя савецкія жаўнеры, СМЕРШаўцы, якія прыйшлі ў Польшчу зьнішчаць незалежніцкі рух, адказныя за масавыя рэпрэсіі. Калі цела «Бурага» некалі знойдуць, то ён заслугоўвае звычайнага хрысьціянскага пахаваньня.

— Паміж Польшчай і Беларусьсю сёньня няма спрэчак па гісторыі, такіх, прынамсі, як з Украінай і Нямеччынай. Ці паўплывае гэтае рашэньне на адносіны паміж Менскам і Варшавай?

— А вы хочаце, каб гісторыяй займаліся ідэолягі і палітыкі? Зрэшты, у беларускіх падручніках пішуць, што няма доказаў таго, што ў Катыні палякаў забівалі на загад Сталіна. Ці сапсавала гэта неяк адносіны паміж Беларусьсю і Польшчай? У беларускіх падручніках пішуць, што 17 верасьня 1939 году Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь і што яна аб’ядналася з Усходняй. Гэта сапсавала адносіны? А як у Беларусі ставяцца да польскай меншасьці? Ці хвалюе гэта некага ў Беларусі? Рамуальда Райса «Бурага» страшэнна пакрыўдзілі. Яму не далі абараніцца, ня выслухалі ягоных аргумэнтаў. Сёньня мы даём яму такую магчымасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG