Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы апраўдалі «Бурага», які ў 1946 годзе спаліў пяць беларускіх вёсак і забіў 79 чалавек


Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ў памяць Рамуальда Райса «Бурага», люты 2018

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці апраўдаў Ромуальда Райса «Бурага», сьцьвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі».

У 2005 годзе сьледчыя Інстытуту нацыянальнай памяці, які займаецца камуністычнымі і нацысцкімі злачынствамі супраць польскай нацыі, зрабілі выснову, што дзеяньні камандзіра польскага антыкамуністычнага падпольля Ромуальда Райса (мянушка «Буры») у студзені-лютым 1946 году «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў.

Ромуальд Райс, здымак ваеннага часу
Ромуальд Райс, здымак ваеннага часу

Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці, у якім, пасьля прыходу да ўлады партыі Права і справядлівасьць Яраслава Качыньскага, зьмянілася кіраўніцтва, скасаваў высновы сьледчых з 2005 году, называючы іх «хібнымі». Адначасова Інстытут заявіў, што адзіным правамоцным рашэньнем у справе «Бурага» зьяўляецца судовая пастанова з 1995 году, якая скасавала сьмяротны прысуд «Бураму» з 1949 году і рэабілітавала яго, вырашыўшы, што ён у 1946 годзе знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». А гэта, у сьвятле закону, азначае, што за «Бурым» няма ніякай віны.

У выніку крывавага рэйду аддзелу «Бурага» ў студзені-лютым 1946 году згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Залешаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна. Загінулі тады ад куль або ў полымі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці ды 30 беларускіх фурманаў, якіх «Буры» перахапіў на шляху свайго крывавага рэйду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG