Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пратэстуюць у Гішпаніі


Пратэсты супраць закрыцьця бараў праз пандэмію. Барсэлёна. 2020 год.
Пратэсты супраць закрыцьця бараў праз пандэмію. Барсэлёна. 2020 год.

Піша Ганна Шпунтава, прадстаўніца беларускай дыяспары ў Мадрыдзе.

Чытаючы розныя камэнтары аб тым, што «ў Эўропе вас бы яшчэ горш білі» на тэму разгонаў акцый у Беларусі, я ўвесь час хацела напісаць пра тое, як на самой справе тыя ж прыкладна дзеяньні рэалізуюцца ў Гішпаніі. Ня будзем казаць, што ў Гішпаніі не фальсыфікуюць выбары, ня садзяць кандыдатаў ці не перасьледуюць журналістаў, гэта і так зразумела. Але пойдзем адразу да акцый грамадзкага супраціву, па пунктах.

Узгодненая акцыя

Ніякіх праблем. Нават у пандэмію ў чэрвені нам удалося ўзгадніць акцыю беларускай салідарнасьці. Дзеля гэтага за 10 дзён мінімум, 30 дзён максымум (у сьпешным выпадку за 24 гадзіны) пішацца заява з указаньнем месца правядзеньня, працягласьцю, мэтай акцыі, маршрутам, дадзенымі арганізатараў, сродкамі забесьпячэньня бясьпекі з боку арганізатараў. Ніякіх грошай за гэта ўладам арганізатары не павінны плаціць. Гэты ліст пакідаецца ў прадстаўнікоў улады. Законам абгаворваюцца наступствы для асобаў, якія робяць перашкоду маніфэстацыям, права на якія дадзена Канстытуцыяй.

Няўзгодненая акцыя

Няўзгодненая акцыя можа быць успрынятая ня так пазытыўна, але грамадзян могуць прыцягнуць да адказнасьці толькі тады, калі яны ўчынілі разбурэньні і прычынілі шкоду маёмасьці, жыцьцю і здароўю іншых грамадзян ці саміх маніфэстантаў. Дарэчы, наш знакаміты ўжо на ўсю Эўропу АМАП завецца ў Гішпаніі «antidisturbios» — значыць «анцісутычкоўцы», бо «disturbios» гэта і ёсьць сутычкі, збройныя сутыкненьні, звычайна на публічных вуліцах ці дарогах, з парушэньнем грамадзкага парадку і дарожнага руху.

Разгон акцыі. Прымяненьне спэцсродкаў

Калі ўсё ж такі пратэстоўцы грамяць і паляць усё вакол, то такі натоўп будуць разганяць з дапамогай тых самых вышэй узгаданых «анцісутычкоўцаў» і спэцсродкаў. Да спэцсродкаў, амаль як у Беларусі, адносяцца ўсе нелетальныя віды зброі, а дакладней — вадамёты, пярцовыя спрэі, сьлезацечны газ, гумовыя кулі, дручкі. Пры гэтым ідэя ў тым, каб разагнаць пратэст, спыніць сутыкненьні, а не затрымаць пратэстоўцаў. Як ужо казалі беларускія былыя сілавікі, і ў іх ёсьць правілы выкарыстаньня спэцсродкаў, якія яны парушаюць, як мы бачым, увесь час. Але нават і ў гэтых правілах ёсьць важныя адрозьненьні. Напрыклад, гумовыя кулі, ад якіх памерла ўжо ў розных краінах шмат людзей, у тым ліку і непаўналетніх. У Гішпаніі дзясяткам людзей выбілі гэтымі кулямі вочы. У Эўрапарлямэнце некалькі разоў прапанавалася забараніць іх выкарыстаньне, і г. д. На сёньняшні момант у паліцыі Гішпаніі гумовымі кулямі дапускаецца выстрэльваць з дыстанцыі, не бліжэйшай за 50 м, і толькі з адскокам ад зямлі, каб зьменшыць моц і трапіць не вышэй за паясьніцу.

Паліцыя

Калі раптам чалавек — злосны злачынца і ўсё парушыў, дык яго затрымліваюць, пры гэтым зачытваюць правы. Мы нядаўна на плошчы шкляны шар пабілі, дык паліцыя прыйшла, адразу пачала сама прыбіраць і казаць дзякуй, што папярэдзілі.

Затрыманьне

Правы зачыталі і саджаюць у мінібус, паліцэйскі фургон. Такія аўтазакі, ды яшчэ са «стаканамі», як у нас, — гэта транспарт для перавозкі ўжо асуджаных страшэнных злачынцаў пад канвоем. Пакуль не было суду — ніхто нікога ня можа назваць злачынцам, а значыць, пасадзіць у канвойную машыну.


Утрыманьне ў ізаляцыі да суду

Асуджаныя па адміністрацыйных справах ня ўтрымліваюцца ні ў турмах, ні ў СІЗА, ні ў ІВС, ні ЦІП, вядома ж, бо іх не існуе. Ёсьць злосныя парушэньні, па якіх, да ўнясеньня закладу, чалавека могуць пратрымаць хіба суткі ў спэцыяльнай камэры — такіх звычайна адна-дзьве на ўвесь паліцэйскі ўчастак, бо злачынства ж няма, навошта болей?

Таксама яшчэ, як выключная мера, існуе спосаб «абмежаванага ўтрыманьня» чалавека, калі яго падазраюць у тэрарызьме, тэрмінам на 5 дзён, з магчымасьцю павялічыць яшчэ на 5 дзён. Гэта асобныя камэры ў звычайных турмах. Пры гэтым ён мае доступ да адваката, да мэдычнай дапамогі і г. д. Яму нават абавязкова робіцца мэдычнае абсьледаваньне.

Суд

Па адміністрацыйных справах суд не праводзіцца ў ізалятарах, вядома ж, таму што няма ізалятараў. Для суду патрэбны пратакол, сьведкі і г. д., але тут хіба і ў нас так павінна быць. Незалежнасьць суду ўвесь час адсочваецца ўсімі магчымымі сродкамі, таксама і прэсай. Напрыклад, у 2017-м быў сапраўдны скандал, бо ў прэсе зьявілася фота судзьдзі Хуліяна Пэрэса-Тэмпляда, які пачаў разглядаць справу супраць прэзыдэнта Мурсіі Пэдра Антоніё Санчэса з партыі ПП. На фота судзьдзя сядзеў за сталом у бары з кіраўніком партыі ПП у Мурсіі. Ня ведаю, ці шмат беларусаў увогуле зразумелі б, у чым незадаволенасьць.

Адміністрацыйныя пакараньні

Адміністрацыйныя пакараньні, як вядома, па прыродзе адміністрацыйнага права маюць на мэце не пакараць, а папярэдзіць. Таму за краты ў выпадку ўдзелу ў маніфэстацыі няма за што адпраўляць.

Крымінальныя пакараньні

Ну вось тут ужо калі ёсьць пастанова незалежнага суду, то чалавек адпраўляецца ў сапраўдную турму.

Утрыманьне за кратамі па крымінальных справах

Пакуль асуджаны ў турме, яго там добра кормяць, ён ходзіць у «качалку», чытае, займаецца чым хоча (натуральна, за гэта ня плаціць), але да таго ж краіна падумала, як яго падтрымаць, калі ён выйдзе! Па выхадзе ён мае права на: субсыдыю 430 эўра ў месяц тэрмінам да 18 месяцаў, калі быў у турме больш за 181 дзень; працягваць ці пачаць атрымліваць «paro» — выплаты, якія людзі зарабляюць, працуючы і сплачваючы падаткі, бо за час знаходжаньня за кратамі «paro» не губляецца. На «paro» маюць права ўсе, хто працаваў з аплатай падаткаў. Ёсьць табліцы, як вылічыць суму і тэрміны. Але, напрыклад, працаваў 6 год, звольнілі — ёсьць права на 2 гады выплат «paro» раз на месяц (гэта тое, што дзяржава вяртае з падаткаў). У першыя паўгода зможаш атрымліваць, у залежнасьці ад першапачатковага заробку, наяўнасьці дзяцей ад 650 да 1397 эўра ў месяц, пасьля трохі менш. Калі чалавек знаходзіць працу, «paro» больш не выплачваюць — пакідаюць да наступнай страты працы.

  • Высновы: Гішпанія — адна з самых бедных краінаў Эўропы, яна перажыла дыктатуру Франка, у яе вельмі шмат унутраных праблем, частыя пратэсты, даволі розныя народнасьці, нават чатыры дзяржаўныя мовы. Але не, там не вырашаюць праблемы гвалтам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG