Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавы сакратар «Транснафты» — пра пагрозу нацыяналізацыі Беларусьсю расейскай «Захад-Транснафтапрадукт»


Сукупнасьць эканамічных фактараў пры росьце актывізацыі кантрольна-наглядных органаў Беларусі ствараюць рэальныя перадумовы банкруцтва і наступнай нацыяналізацыі прадпрыемства «Захад-Транснафтапрадукт» на карысьць Беларусі — пра гэта заявіў «Інтэрфаксу» дарадца прэзыдэнта «Транснафты», прэсавы сакратар кампаніі Ігар Дзёмін.

«Магчымы пераход УП „Захад-Транснафтапрадукт“ з уласнасьці РФ ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь прывядзе да істотных фінансавых стратаў РФ», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, бягучыя ўмовы гаспадараньня прадпрыемства характарызуюцца ўплывам некалькіх нэгатыўных фактараў, у тым ліку павелічэньнем падатковай нагрузкі. З 1 студзеня 2020 году ў Беларусі стаўка падатку на прыбытак павялічана з 18% да 50%, уведзены экалягічны збор. Акрамя таго, назіраецца зьніжэньне аб’ёмаў перапампоўкі нафтапрадуктаў: з 6 мільёнаў тонаў у 2019 годзе да 3,4 мільёнаў тонаў штогод у 2021-2024 гадах.

Паводле Дзёміна ў выніку дзеяньня названых фактараў, паводле прагнозаў «Транснафты», дзейнасьць прадпрыемства «Захад-Транснафтапрадукт» у 2021-2024 гадах будзе стратнай. «Толькі пры абʼёме перапампоўкі 4,7 млн тонаў фінансавы вынік перастае быць адмоўным, а для падтрыманьня тэхнічнага стану трубаправоду ў цяперашніх умовах трэба прапампоўваць не менш за 5 мільёнаў тонаў», — патлумачыў прэсавы сакратар расейскай трубаправоднай манаполіі.

Ён падкрэсьліў, што з пачатку 2020 году па цяперашні час адзначаецца рост актыўнасьці кантрольна-наглядных органаў Беларусь у дачыненьні да прадпрыемства.

Паводле Дзёміна ў пазначаны пэрыяд з КДБ, Камітэту дзяржкантролю, МУС, Камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, ДФР, мытнага камітэту, Міністэрства па падатках і зборах на прадпрыемства паступіла больш за 150 запытаў. Акрамя гэтага, вядуцца праверачныя мерапрыемствы ў рамках выяўленьня магчымых фактаў ухіленьня ад выплаты падаткаў кіраўніцтвам прадпрыемства, якія суправаджаюцца псыхалягічным ціскам з боку кантрольна-наглядных органаў.

Транзыт расейскіх нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі ажыцьцяўляе УП «Захад-Транснафтапрадукт», уласьнікам якога зьяўляецца расейская «Транснафта». «Захад-Транснафтапрадукт» можа ажыцьцяўляць транзыт расейскіх нафтапрадуктаў у напрамку Латвіі і Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG