Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАТКОВАЯ ІНСПЭКЦЫЯ МАЗЫРА ПРЫСУДЗІЛА БУЙНЫ ШТРАФ РАСЕЙСКАМУ “ЗАХАДТРАНСНАФТАПРАДУКТУ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле галоўнага інжынэра “Захадтранснафтапрадукту” Віталя Ісаева, у сувязі з тым, што летась Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адмяніў рэгістрацыю прадпрыемства, падатковая інспэкцыя і выставіла буйныя санкцыі за гаспадарчую дзейнасьць без рэгістрацыі. У даход дзяржавы падаткоўцы хочуць спагнаць увесь прыбытак прадпрыемства і вялікую суму штрафу. Уся сума агулам складае больш як 12 мільёнаў даляраў.

Адпаведны пазоў накіраваны ў гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці.

Прадпрыемства “Захадтранснафтапрадукт” заснаванае ў 2000 годзе расейскім таварыствам “Транснафтапрадукт” на аснове Мазырскай управы магістральных нафтапрадуктаправодаў. Гомельскі аблвыканкам зарэгістраваў новае прадпрыемства. Калі ж пачаўся падзел трубаправодаў паміж Беларусяй і Расеяй, беларускае міністэрства эканомікі і зьвярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд.

Адмыслоўцы “Захадтранснафтапрадукту” заўважаюць, што, нягледзячы на скасаваньне рэгістрацыі, іхнае прадпрыемства ня выкрэсьленае з рэестру суб’ектаў гаспадараньня. Паводле дамоўленасьці зь беларускім кіраўніцтвам, яно працуе ў звычайным рэжыме.

Як паведаміў намесьнік дырэктара “Захадтранснафтапрадукту” Аляксандар Кузьменка, расейскі бок згодны стварыць сумеснае прадпрыемства. Але не паводле беларускага сцэнару, калі ў якасьці статутнага капіталу Беларусь прапаноўвае залічыць усе трубы на сваёй тэрыторыі. Расейцы пагаджаюцца на сумеснае прадпрыемства толькі на заходняй частцы прадуктаправоду. У такім разе ў якасьці статутнага капіталу Беларусь можа ўнесьці былую вайсковую нафтабазу ў райцэнтры Жабінка Берасцейскай вобласці.

Тымчасам судзьдзя Гомельскага гаспадарчага суду Марыя Гаўрон прызначыла разгляд пазову ў дачыненьні “Захадтранснафтапрадукту” на 2 сьнежня.
XS
SM
MD
LG