Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе ў «справе Ціханоўскага» агучылі, колькі каштавала лячэньне пацярпелых міліцыянтаў


Уладзімер Кніга (справа ў клетцы) і Яўген Разьнічэнка (пасярэдзіне) ў судзе 8 лютага
Уладзімер Кніга (справа ў клетцы) і Яўген Разьнічэнка (пасярэдзіне) ў судзе 8 лютага

Суд у «справе Ціханоўскага» над трыма гарадзенцамі працягнуўся ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 8 лютага. Пацярпелыя міліцыянты, якіх меліся дапытаць, не зьявіліся і на другі раз.

Зь пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, колькі каштуе пашкоджаны рыштунак міліцыянтаў і на якую суму іх лячылі пасьля інцыдэнту.

Да таго ж выявілася, што ў матэрыялах справы ёсьць відэа з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

«Не прыйшлі, бо не атрымалі апавяшчэньня»

Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў (зьлева направа)
Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка і Зьміцер Фурманаў (зьлева направа)

Абвінавачаныя ў справе — Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Ўладзімер Кніга — амаль 8 месяцаў знаходзяцца пад вартай. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам для збору подпісаў за Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні. Усіх трох вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, Разьнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.

Пацярпелых чацьвёра: міліцыянты Ленінскага РАУС Горадні Ўладзімер Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік.

Уладзімер Казлоўскі — той самы міліцыянт, які ўпаў пасьля мітусьні на плошчы, пасьля ўстаў, сеў на лаву і доўга трымаўся за жывот. Ён тады не казаў, што яму баліць, устаць яму зь зямлі дапамагалі простыя гарадзенцы, а не калегі-міліцыянты, якіх было шмат на плошчы ў той момант.

Міліцыянт Ўладзімер Казлоўскі
Міліцыянт Ўладзімер Казлоўскі

Ніхто з пацярпелых не прыйшоў на паседжаньне, бо не атрымалі апавяшчэньня пра суд. Двое міліцыянтаў, Казлоўскі і Хваленя, паабяцалі прыйсьці на наступнае паседжаньне. Начальнік амапаўцаў Рахунка і Будніка паведаміў, што тыя ня здолеюць прыйсьці на суд, бо невядомая расстаноўка байцоў у гэты дзень. Амапаўцы не прыходзілі яшчэ ні на адно паседжаньне ў справе.

Аляксандар Хваленя
Аляксандар Хваленя

«Значыць, у суседні будынак апавяшчэньне дайшло, а ў міліцыю не», — пракамэнтавала судзьдзя.

Раней Казлоўскі і Хваленя не прыйшлі ў суд, бо ахоўвалі парадак падчас купаньня на Вадохрышча, Рахунок хварэў, а Буднік быў на вучэбнай сэсіі.

Згодна зь дзяржаўным абвінавачаньнем, Разьнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў ня менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага ня менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага адзеньня і службовыя боты.

На лячэньне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў

У судзе памянялі парадак дасьледаваньня доказаў. Пракурор зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Ён агучыў траўмы, якія зафіксавалі ў Фурманава на наступны дзень пасьля затрыманьня: рана за вухам, крывападцёкі і ранкі на твары, у раёне рукі, пояса, калена.

Пракурор Мікіта Мысьлівец
Пракурор Мікіта Мысьлівец

«Як вы атрымалі пашкоджаньні?» — запыталася судзьдзя ў Фурманава.

«Падчас затрыманьня на Савецкай плошчы. На вуліцы, а таксама, відаць, калі страціў прытомнасьць у аўтобусе», — адказаў Фурманаў.
Маці Дзьмітрыя Вольга Фурманава пры гэтым зашамацела лекамі, нехта ў залі гучна зашморгаў носам.

Дзьмітры Фурманаў (зьлева ў клетцы)
Дзьмітры Фурманаў (зьлева ў клетцы)

У Кнігі пасьля затрыманьня зафіксавалі крывападцёк на вусе памерам 3×4 сантымэтры.

З матэрыялаў справы стала вядома, што на лячэньне міліцыянтаў Казлоўскага і Хвалені спатрэбілася амаль па 500 рублёў. Інфармацыю дала лякарня хуткай дапамогі. Колькі каштавала лячэньне Фурманава і Кнігі, не паведамілі.

Да таго ж пракурор зачытаў кошт рыштунку, які пацярпеў падчас інцыдэнту на плошчы: нарукаўнік з адзнакамі — 3 рублі 88 капеек, боты храмаваныя — 42 рублі 30 капеек, мэгафон — 30 рублёў 31 капейка. Рамонт дзьвярэй мікрааўтобусаў, куды саджалі затрыманых, абышоўся амаль у 230 рублёў.

8 лютага падтрымаць фігурантаў «справы Ціханоўскага» ў суд прыйшлі каля 30 чалавек
8 лютага падтрымаць фігурантаў «справы Ціханоўскага» ў суд прыйшлі каля 30 чалавек

Да матэрыялаў справы, як стала вядома ад пракурора, далучылі відэазапісы, якія разьмяшчалі ў тэлеграм-каналах «Беларусь головного мозга» (ягоны адміністратар Ігар Лосік 7,5 месяца знаходзіцца пад вартай), а таксама з тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Ягоную назву дзяржаўны абвінаваўца зачытваў уголас.
Пасьля перапынку 8 лютага па абедзе дапытаюць пацярпелых міліцыянтаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG