Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу трапіць у камісію па люстрацыі». Cям’я страйкоўца зь «Беларуськалію» выехала ў Варшаву, але хоча вярнуцца


Уладзімер Цімошчанка
Уладзімер Цімошчанка

Былы інжынэр, а апошнім часам сьлесар зь «Беларуськалію» Ўладзімер Цімошчанка з жонкай і дваімі малымі дзецьмі ў кастрычніку зьехаў зь Беларусі ў Польшчу. Кажа, што пагражалі крымінальнай справай за арганізацыю пратэстаў, спрабавалі прыцягнуць да суду за маршы жонку Ганну, шантажавалі тым, што забяруць дзяцей. Таму сям’я вырашыла зьехаць за мяжу.

«У сакавіку разьлічваю вярнуцца ў вольную Беларусь»

Амаль 4 месяцы Цімошчанкі ў Польшчы, але дагэтуль па статус палітычных уцекачоў не зьвярталіся. Уладзімер кажа, што ня страціў надзеі неўзабаве вярнуцца дахаты.

«Ёсьць разьлік вярнуцца ў сакавіку ў вольную Беларусь. Зь мяне шмат хто сьмяецца, але, гледзячы на сытуацыю, спадзяюся. Тут сябе адчуваеш крыху здраднікам, хоць гэта і ня так. Зразумела, калі нічога ня зьменіцца, дык давядзецца ісьці па міжнародную абарону. У верасьні візы закончацца, але пра гэта думаць ня хочацца», — кажа Ўладзімер.

Уладзімеру 32 гады. Ён кажа, што раней быў зусім не палітычным чалавекам, але выбарчыя падзеі ўсё зьмянілі. Што ідзе да фальсыфікацыі, ён пачаў падазраваць увесну. І не памыліўся.

«Як падманвалі наконт каранавірусу, што нібыта няма, гэтак сама потым схлусілі пра нібыта 80% у Лукашэнкі», — кажа ён.

У дзень асноўнага галасаваньня Уладзімер прыйшоў на выбарчы ўчастак, які разьмяшчаўся ў ягонай былой школе. Кажа, што настрой сяброў выбарчай камісіі быў відаць па іх тварах.

«Пажартаваў з настаўніц, якіх ведаў з часоў вучобы ў школе, спытаў, як будуць лічыць галасы, ці сумленна. А яны вочы апусьцілі — усё стала зразумела», — успамінае Ўладзімер.

Мітынг у Салігорску 14 жніўня 2020
Мітынг у Салігорску 14 жніўня 2020

Пасьля выбараў Уладзімер рэгулярна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, якія праходзілі ў горадзе. Кажа, што проста ня мог стаяць убаку.

«Калісьці ж дзеці спытаюць, а што зрабіў ты, каб мы жылі лепш? Проста хадзіў на працу? Было б сорамна, каб так давялося адказаць», — тлумачыць ён.

Уладзімер згадвае, як на яго вачах АМАП біў пратэстоўцаў, якія выйшлі на вуліцы, як пасьля кожнага маршу людзей ганялі па дварах. Пасьля такога разгону Ўладзімера цудам уратавала ад затрыманьня невядомая жанчына, «пусьціла ў кватэру, зачыніўшы перад носам міліцыянта дзьверы. Тады яшчэ ў дамы не ўрываліся».

«Звольнілі другім пасьля старшыні страйкаму»

17 жніўня на «Беларуськаліі» прайшоў сход шахтароў, на якім прынялі шэраг палітычных патрабаваньняў — у тым ліку адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў.

Пратэст шахтароў у Салігорску 17 жніўня 2020
Пратэст шахтароў у Салігорску 17 жніўня 2020

Наступным днём пачаўся страйк, да якога Уладзімер адразу далучыўся. Але потым шахтары ўсё ж выйшлі на працу, акрамя 24, якія абвясьцілі, што будуць страйкаваць «да перамогі». Сярод іх быў і Ўладзімер Цімошчанка.

Неўзабаве яго звольнілі з працы.

«Наступным пасьля Анатоля Бокуна (тагачаснага сустаршыні страйкаму. — РС), — з гонарам зазначае Ўладзімір. Паводле былога страйкоўца, неўзабаве ён зазнаў перасьлед з боку праваахоўнікаў. Спачатку яго выклікалі ў міліцыю, потым пацягнулі ў суд ды сталі пагражаць ня проста адміністрацыйнай справай, а турмой.

«Міліцэйскі начальнік, які цяпер ужо трапіў у сьпіс аб санкцыях, проста сказаў: „Капец табе, пасадзім як арганізатара, жонку на „суткі“ адправім як удзельніцу шэсьцяў, а дзяцей забяром. І ніхто не дапаможа“».

Іншыя міліцыянты, паводле Ўладзімера, пагражалі падкінуць наркотыкі, каб пасадзіць «гадоў на 10». «Казалі, згубісься на этапах», — успамінае Цімошчанка. Але апошняй кропляй для яго сталі зьвесткі аб тым, што пагрозы наконт дзяцей пачалі ажыцьцяўляцца: знаёмыя паведамілі пра запыт у садок аб становішчы ў сям’і. «Тады ўжо доўга ня думалі — хутка сабралі рэчы і паехалі ў Польшчу. Дзякуй Богу, візы былі».

Паводле Ўладзімера, хоць і была страта ў грашах, жонка ягоны крок падтрымала.

«Ганну падзеі жніўня таксама вельмі абурылі. Яна брала ўдзел ва ўсіх нашых мітынгах і маршах, яе міліцыя шукала, каб разабрацца і павесьці ў суд. Цяпер стараецца адключыцца ад мінулага, жыць сёньняшнім днём. Гэта зразумела — адказнасьць за сям’ю, дзяцей. Ёй складана».

«Дапамагчы беларусам могуць толькі беларусы»

Уладзімер кажа, што ў Польшчы адразу адчулі, наколькі вакол іншая абстаноўка — больш прыязныя і добразычлівыя людзі, нават паліцыянты, памежнікі ды мытнікі хоць у дробязях, але шчыра гатовыя дапамагчы. Праўда, адчулі і тое, што дома ўсё роўна лепей.

«Мне здаецца, што ва ўсіх уцекачоў тут галоўная праблема адна. Спачатку думаеш, што ты камусьці вельмі патрэбен, цябе будуць на руках насіць, але потым разумееш, што гэта перабольшваньне, ілюзія. Ва ўсіх сваё жыцьцё, свае турботы. Рэальна дапамагчы беларусам могуць толькі самі беларусы», — лічыць Уладзімер і прыводзіць у прыклад дзяўчыну-валянтэрку, зь якой яны пазнаёміліся ў Варшаве.

«Яна з нашых. Каму з кватэрай дапамагае, каму харчы зьбірае. Здаецца, 24 гадзіны на дзень гэтым займаецца, і ёй усё мала часу. Цяпер на такіх трымаецца наша вера ў тое, што ўсё будзе добра, што беларусы змогуць пабудаваць новую Беларусь», — кажа Ўладзімер.

Жыве сям’я Цімошчанак на ўскраіне Варшавы, у арандаванай невялікай кватэры. За кватэру плацяць самі, грошы зарабляе жонка.

«Яна працуе дыстанцыйна з дому, а пакуль занятая, малых я даглядаю. Я цяпер хатні гаспадар», — жартуе былы страйковец і прызнаецца, што з новай роляй яму пакуль справіцца складана.

«Настрой усё ж крыху ўпадачны. Сумуем па сваяках, па родных мясьцінах, хацелася б хутчэй трапіць дамоў, але ў вольную Беларусь. А з гэтым ня так проста».

«Хачу трапіць у камісію па люстрацыі»

Паводле Ўладзімера, у Варшаве ён часта сустракаецца з суайчыньнікамі — такімі ж, як ён, уцекачамі. Падтрымлівае кантакты і з страйкоўцамі з «Беларуськалію», абменьваецца зь імі думкамі і плянамі.

Уладзімер падзяліўся марай: што, калі вернецца ў Беларусь, дзе дэмакратыя пераможа дыктатуру, яго паклічуць ў камісію па люстрацыі.

«Мая пазыцыя застаецца такой: адказныя за гвалт мусяць панесьці пакараньне. У тым ліку тыя з адміністрацыі камбінату, хто ўдзельнічаў у жорсткіх захадах супраць шахтароў. Пасьля перамогі трэба будзе шмат разьбірацца, хто чаго нарабіў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG