Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Негалоснае правіла — не размаўляць пра рэпрэсіі. Як я жыву ў лягеры ўцекачоў


Дакумэнт, які сьведчыць асобу пасьля падачы на статус уцекача ў Латвіі
Дакумэнт, які сьведчыць асобу пасьля падачы на статус уцекача ў Латвіі

Лёс склаўся так, што я цяпер жыву ў лягеры ўцекачоў у Латвіі. Усяго тут 39 чалавек з Беларусі, і падобна, што нас тут большасьць. Кагосьці на радзіме білі, камусьці пагражалі, супраць кагосьці пачалі крымінальныя справы, — ва ўсіх нас гісторыя і падобныя, і вельмі розныя адначасова. І ўсе мы баімся вяртацца на радзіму, бо вельмі ня хочацца ў турму.

У лягеры быццам бы ёсьць непісанае правіла — тут не прынята абмяркоўваць, як на родных цяпер ціснуць у Беларусі. І ўвогуле асабістыя гісторыі абмяркоўваюцца зусім няшмат. Ніхто адкрыта ня кажа, што ня хоча пра гэта размаўляць, але ўсе стараюцца зьмяніць тэму. Здаецца, гэта такі спосаб псыхалягічнай самадапамогі — усе разумеюць, што лепш асабліва не паглыбляцца ва ўспаміны і перажываньні, бо і бяз іх на душы цяжка.

Ды і фізычна тут ня тое каб вельмі камфортна. Мае знаёмыя, якія раней былі ў нямецкіх лягерах уцекачоў, кажуць, што тут проста казка. Але ў параўнаньні са звычайным мірным жыцьцём — цяжка. Пакой, у якім я цяпер жыву, разьлічаны на чатыры чалавекі, але пакуль што я ў ім адна, і нават адной тут малавата месца, бо ён ня большы за 9 квадратных мэтраў. На гэтай плошчы стаяць два двух’ярусныя ложкі, стол, зэдлік, дзьве вузкія высокія шафы і маленькая лядоўня. Здаецца, у камэрах на Акрэсьціна на чалавека (у звычайных умовах, калі камэры не перапоўненыя) адводзіцца больш мэтраў.

Асацыяцыя з ізалятарам тут узьнікае найперш праз двухʼярусныя мэталічныя ложкі. Мне пашанцавала, і я пра іх ведала яшчэ да засяленьня, так што была маральна гатовая. Бывае, што ў людзей пры засяленьні ледзь не гістэрыка здараецца, бо такія ложкі і абмежаванасьць прасторы — шмат для каго моцны трыгер.

Але сур’ёзна параўноўваць латвійскі лягер уцекачоў да беларускага ізалятару ўсё ж ня варта. Гэта гучыць цынічна і моцна абясцэньвае пакуты тых, хто цяпер знаходзіцца ў заняволеньні. У нас у лягеры зусім няшмат абмежаваньняў — трэба вяртацца на ноч не пазьней за пэўны час, альбо папярэджваць загадзя, што ня вернесься, і пакідаць адрас, дзе будзеш начаваць. Мы ня можам прыводзіць гасьцей звонку (я так і не зразумела, ці то гэта пастаяннае правіла, ці то новаўвядзеньне праз пандэмію), і нас просяць не зьбірацца надоўга ў адным пакоі людзям з розных пакояў. Ну, і кухня ўночы зачынена.

Так што кожны раз, калі ў мяне прыступ самашкадаваньня, і мне хочацца «на эмоцыях» параўноўваць гэтыя ўмовы з Акрэсьціна, Жодзіна ці Магілёвам, я ўзгадваю, як у ізалятарах было насамрэч, і жыцьцё тут пачынае падавацца раем.

Але ж страшэнна хочацца дадому. І вельмі злосна ад таго, што ўсім нам давялося бегчы ад перасьледу на радзіме. Я яшчэ не з усімі тут пазнаёмілася, але ўсе, з кім ужо перасякалася, відавочна падаўляюць агрэсію і, здаецца, вось-вось выбухнуць. Я і сама такая ж — увесь час змагаюся са злосьцю. У мяне не атрымліваецца паўнавартасна радавацца дапамозе, якую мы тут усе атрымліваем, бо разам з радасьцю заўжды ўзьнікае злосьць — я ніколі не забываю, чаму гэтая дапамога нам увогуле спатрэбілася.

І дагэтуль не магу звыкнуцца, што лягер уцекачоў — гэта цяпер частка маёй біяграфіі. Але тут, здаецца, усе такія.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG