Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL апублікаваў ліст кіраўніка МУС, які сьведчыць пра ўмяшаньне ў дзейнасьць судовай улады. Рэакцыя МУС: «Гэта фэйк»


У судзе Лагойскага раёна, 2 лютага

Згодна з дадзенымі ініцыятывы BYPOL, сілавое ведамства падрыхтавала дакумэнт, адрасаваны Дзяржаўнаму сакратарыяту Савету бясьпекі, з просьбай паўплываць на рашэньні, якія выносяць суды Менскай вобласьці. МУС зьняпраўджвае існаваньне такога ліста.

МУС Беларусі не задавальняе тэндэнцыя прыцягненьня раённымі судамі грамадзянаў паводле «народнага» артыкулу 23.34 КаАП з накладаньнем на іх адміністрацыйных спагнаньняў у выглядзе штрафу, гаворыцца ў тэлеграм-канале BYPOL.

За ўзор прапануецца ўзяць суды Менску, якія даюць максымальныя тэрміны арышту затрыманым дэманстрантам.

У якасьці доказу прыводзіцца тэкст дакумэнту, падпісанага міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым.

Паводле зьвестак BYPOL, ініцыятыву кіраўніка МУС падтрымаў генэральны пракурор Андрэй Швед, які выдаў загад пракурорам аб «неадкладным апратэставаньні судовых пастаноў аб накладаньні штрафаў паводле арт. 23.34 КаАП» і запатрабаваў дамагацца прызначэньня адміністрацыйнага арышту.

«Лічым важным нагадаць усім службовым асобам палажэньні арт. 110 Канстытуцыі пра тое, што судзьдзі пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-небудзь умяшаньне ў іх дзейнасьць недапушчальнае і цягне адпаведную адказнасьць», — нагадваюць у ініцыятыве BYPOL.

Рэакцыя МУС: Гэта фэйк

Рэдакцыя сайта Онлайнер папрасіла прэс-службу МУС пракамэнтаваць гэтую публікацыю. Там адказалі:

«Інфармацыя пра ліст кіраўніка МУС у Дзяржаўны сакратарыят Савета бясьпекі з «просьбай паўплываць на рашэньні, якія выносяцца судамі Менскай вобласьці»— чарговы фэйк. Па-першае, міністар унутраных спраў ня можа выказваць пазыцыю аднаго толькі ГУУС, а па-другое, пытаньні сьледчых дзеяньняў і іх апэратыўнасьці ніяк не ўваходзяць у кампэтэнцыю органаў унутраных спраў. Ну і па-трэцяе, каб выключыць сумневы, мы ўдакладнілі ў канцылярыі МУС. Чакана, у адпраўленай карэспандэнцыі такога ліста ня значыцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG