Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў, затрыманых у Менску разам са швайцарскай журналісткай, пасадзілі на 20 і 25 сутак


Затрыманых разам з журналісткай Швайцарскай тэлерадыёкампаніі (SRF) Люцыяй Чыркі беларускіх грамадзян Анісію Казьлюк і яе мужа Юлія Ільюшчанку арыштавалі на 20 і 25 сутак.

Прычына — «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы». Рашэньні вынесла судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску Алена Жывіца.

Акрэдытаваная ў Менску і Маскве журналістка Люцыя Чыркі (Luzia Tschirky) была вызваленая з Кастрычніцкага РУУС пасьля ўмяшаньня швайцарскіх дыпляматаў. Паводле Чыркі, 31 студзеня яна і яе беларускія знаёмыя ішлі ў кавярню і былі схопленыя на скрыжаваньні каля сьвятлафора. У РУУС ёй не дазволілі патэлефанаваць у амбасаду.

У сувязі з інцыдэнтам у Дэпартамэнт замежных спраў Швайцарыі быў запрошаны беларускі пасол Аляксандар Ганевіч.

На сваёй старонцы ў «Твітэры» Люцыя Чыркі, якая прысутнічала на разглядзе пратаколу Казьлюк, пракамэнтавала яе 20-дзённы арышт і тое, што адбывалася ў судзе: «Прысуд ня мае дачыненьня да рэальнасьці. Пасьля вынясеньня прысуду я выказала сваё неразуменьне. Сакратар суду патлумачыла мне, што выкліча міліцыю, калі я неадкладна не пакіну будынак».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG