Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрак са сталічнай Малінаўкі пакаралі працяглымі адміністрацыйнымі арыштамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трое сутак шэсьць пэнсіянэрак утрымлівалі на Акрэсьціна, урэшце ім прысудзілі працяглыя адміністрацыйныя тэрміны і буйны штраф.

Суд Маскоўскага раёну Менску разгледзеў справы пэнсіянэрак, якіх схапілі 29 студзеня на вуліцы Рафіева. Яны сустрэліся, каб сабраць грошы для хворага дзіцяці.

Тады затрымалі 7 жанчын, але ўначы 68-гадовую Ніну Кавалгіну ўсё ж адпусьцілі.

Як паведамляе «Вясна», 1 лютага жанчын судзілі паводле арт. 23.34 КаАП.

61-гадовую Ірэну Курацкую судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Пірожнікава адправіла на 15 сутак арышту. Жанчына перамагла рак, цяпер у яе рэмісія.

62-гадовая Тацяна Лядак рашэньнем судзьдзі Лідзіі Целіцы таксама правядзе 15 сутак на Акрэсьціна. На судзе жанчына тлумачыла, што яны сустрэліся, каб сабраць грошы на лячэньне дзіцяці, а дома яе чакае хворая 85-гадовая маці.

56-гадовую Тацяну Сянькевіч судзьдзя Сяргей Кацэр асудзіў на 15-суткавы арышт. Ён жа адправіў на 15 сутак і Сьвятлану Жмаеву 1960 году нараджэньня. Пэнсіянэрка сказала, што накіроўвалася ў садок па ўнука, але ўбачыла жанчын, падышла да іх, і ў гэты час усіх затрымалі.

Судзьдзя Вольга Малашэнка пакарала 15-суткавым арыштам 65-гадовую Тацяну Дамброўскую.

Толькі 62-гадовую Ларысу Сьвірыдовіч судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка вызваліла са штрафам 1450 рублёў, што ў некалькі разоў больш за пэнсію абвінавачанай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG