Справу лекара і журналісткі за распаўсюд зьвестак аб тым, што забіты Раман Бандарэнка быў цьвярозы, перадалі ў суд

Лекар Арцём Сарокін і журналістка Кацярына Барысевіч
Лекар Арцём Сарокін і журналістка Кацярына Барысевіч

Справу за «разгалошваньне мэдычнай таямніцы» разгледзіць суд Маскоўскага раёну Менску. Але калі будзе суд, пакуль невядома.

Партал Tut.by паведаміў, што справу супраць ягонай журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна будзе разглядаць суд Маскоўскага раёну Менску. Дата паседжаньня пакуль не прызначаная.

Іх будуць судзіць за раскрыцьцё зьвестак аб адсутнасьці алькаголю ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі. Лукашэнка заяўляў адваротнае — што Бандарэнка быў нібыта п'яны.

Справу аб сьмерці Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі.

І Барысевіч, і Сарокіна беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зьняволенымі. Tut.by адзначае, што ў тым жа судзе Маскоўскага раёну будзе разглядацца «справа Белгазпрамбанку» з удзелам іншых палітычных зьняволеных, у тым ліку Віктара Бабарыкі. Папярэдняе паседжаньне ў «справе Белгазпрамбанку» прызначылі на 4 лютага. Будынак суду ўжо абгарадзілі.

Згодна з матэрыяламі справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента бальніцы Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запытаная ёй інфармацыя складае мэдычную таямніцу і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюджваньне.

Дзеяньні Кацярыны Барысевіч кваліфікавалі паводле ч.5 арт.16 і ч.3 арт.178 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Арцёма Сарокіна — па ч.3 ст.178 КК РБ. Меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту пакінулі бязь зьмены. Справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі. Ягоная маці ня мае доступу да матэрыялаў праверкі.

​
XS
SM
MD
LG