Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты Барысевіч спадзяюцца, што яе справу будуць разглядаць у адкрытым рэжыме


Кацярына Барысевіч

Адвакаты Кацярыны Барысевіч, якая знаходзіцца пад вартай ужо 63 дні, мяркуюць, што ў яе дзеяньнях адсутнічае склад злачынства. Таксама бок абароны спадзяецца, што справа будзе разгледжаная ў адкрытым судовым пасяджэньні, а невінаватасьць Барысевіч стане відавочнай шырокай грамадзкасьці.

«Мы настойваем, што журналіст ня можа несьці крымінальную адказнасьць за прафэсійнае выкананьне свайго абавязку, — гаворыцца ў заяве адвакатаў Кацярыны Барысевіч. — Усю адказнасьць адносна недаверу грамадзян да кампэтэнтных службаў павінны несьці тыя асобы, якія дазволілі сабе апублікаваць непацьверджаную інфармацыю (і ў далейшым яе не абверглі), а ня тыя, хто кіруючыся журналісцкім абавязкам, яе абверг.

Таксама бок абароны абурае пазыцыя Генэральнай пракуратуры, а менавіта неўзбуджэньне крымінальнай справы па факце гвалтоўнай сьмерці Рамана Бандарэнкі пры наяўнасьці відавочных доказаў».

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін, які тым самым абверг словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў пʼяны.

Па вэрсіі Генэральнай пракуратуры, гэта выклікала «грамадзкі рэзананс», стварыла «атмасфэру недаверу да кампэтэнтных службаў», прывяло да павышэньня напружанасьці ў грамадзтве і заахвоціла грамадзян да правядзеньня незаконных масавых мерапрыемстваў.

Праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязьнямі.

Дата пачатку суду ў справе Барысевіч і Сарокіна пакуль невядомая.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG