Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Васіля Сёмухі


Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха

Падзеі 3 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

3 лютага 2019 году памёр Васіль Сёмуха, перакладчык, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Калі выданьні ўсіх твораў, нязьменна таленавіта, а то і проста геніяльна пераўвасобленых Васілём Сёмухам па-беларуску, скласьці ў стос — ён атрымаецца вышэйшы за самога перакладчыка. Паспрабуйце ўявіць хаця б частку гэтага стосу:

Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету

Ёган Вольфганг Гётэ. Фаўст

Гэрман Гэсэ. Гульня шкляных пэрлаў

Томас Ман. Доктар Фаўстус

Фрыдрых Ніцшэ. Так сказаў Заратустра

Густаў Майрынк. Голэм

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман. Курдупель Цахес

Кляўс Ман. Мэфіста

Патрык Зюскінд. Басэтля. Парфума

Райнэр Марыя Рыльке. Санэты Арфэю

Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн. Авантурнік Сымпліцысымус

Вітальд Гамбровіч. Ferdydurke

Юліян Тувім. Польскія кветкі

Ян Райніс. Агонь і ноч

Нацысты расстралялі ягоных бацькоў і спалілі родны хутар, і ён вырашыў вывучыць нямецкую мову, каб знайсьці адказ: чаму і за што?

Скончыўшы раманска-германскае аддзяленьне філялягічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Васіль амаль адразу ўзяўся за галоўны твор Гётэ. У 1967-м напісаў ліст амбасадару Заходняй Нямеччыны ў Маскве: ці можа ён прэтэндаваць на кампэнсацыю за забойства бацькоў і зьнішчэньне ўсёй маёмасьці сям’і, каб выдаць пераклад «Фаўста» і палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы? Гэты ліст Сёмуха неабачліва перадаў у Міністэрства замежных справаў БССР, і замест амбасадара ліст трапіў у ЦК КПБ. Адказам было выключэньне з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (супраць галасаваў адзін Васіль Вітка, Васіль Быкаў устрымаўся).

Пераклад выйшаў толькі празь дзесяцігодзьдзе і быў прызнаны ў Нямеччыне найлепшым перастварэньнем «Фаўста» на славянскія мовы. Пазьней спадар Васіль быў уганараваны ордэнам «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай». Урад Латвіі адзначыў Сёмуху Ордэнам Трох Зорак. Абедзьве ўзнагароды ў сваіх дзяржавах — найвышэйшыя.

Амаль дзесяць гадоў мы працавалі з Васілём Сяргеевічам у суседніх кабінэтах выдавецтва «Мастацкая літаратура». Усе супрацоўнікі ведалі словы мэтра: «Я перакладаю творы, што сам хацеў бы напісаць».

Нават на фоне тых, каго называюць маральнымі аўтарытэтамі, Сёмуха вылучаўся бескампраміснасьцю ў стаўленьні да ўлады: спачатку савецкай, а потым — цяперашняй, якая скасавала Ордэн Каліноўскага, а Ордэнам Скарыны ўзнагародзіла Філіпа Кіркорава.

У 1997-м, падчас зачысткі ў нашым выдавецтве, праведзенай палкоўнікам Замяталіным, пастаўленым тады кіраваць Дзяржкамітэтам друку, Сёмуха разам з Барадуліным былі звольненыя. Гэта была высокая ўзнагарода. Ганаруся, што атрымаў яе разам зь імі.

Незадоўга да сьмерці спадар Васіль даведаўся: Рада БНР узнагародзіла яго мэдалём «100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 734-735

Таксама ў гэты дзень

1919 — на Ўсебеларускім зьезьдзе саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР.

1926 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускае слова», выданьне Часовай беларускай рады, потым Беларускай нацыянальнай рады.

1927 — у мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

1993 — Вярхоўны Савет Беларусі адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі Беларусі. За аднаўленьне дзейнасьці КПБ прагаласавала камуністычная большасьць парлямэнту.

У гэты дзень нарадзіліся

1952 — Алег Манаеў, беларускі сацыёляг.

Алег Манаеў
Алег Манаеў

У памяці

1468 — Ёган Гутэнбэрг, пачынальнік кнігадрукаваньня.

1964 — Станіслаў Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, паэт, выдавец.

1989 — Анатоль Анікейчык, беларускі скульптар.

Рыгор Барадулін і Анатоль Анікейчык
Рыгор Барадулін і Анатоль Анікейчык

2019 — Васіль Сёмуха , беларускі перакладчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG