Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрабуюць зьбіць хвалю веснавых пратэстаў». Што вядома пра затрыманых анархістаў


Адзін з затрыманых анархістаў Аляксандар Францкевіч
Адзін з затрыманых анархістаў Аляксандар Францкевіч

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 29 студзеня пра выкрыцьцё «рэгіянальнай групоўкі беларускіх анархістаў, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі міжнароднай злачыннай арганізацыі». У складзе групоўкі, паводле праваахоўнікаў, чатыры мужчыны ўзростам ад 20 да 30 гадоў і 26-гадовая дзяўчына.

«Мяркуем, на іх плянуюць узмацніць ціск»

Паводле паведамленьня, затрымалі анархістаў супрацоўнікі Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Анархісты нібыта ставілі мэтай гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу, ім выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі злачыннай групы альбо ўдзеле ў ёй. Паведамляецца таксама, што затрыманыя анархісты «знаходзяцца ў СІЗА ў якасьці фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску». Прозьвішчаў абвінавачаных не назвалі, як і абставінаў ды часу іх затрыманьня.

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў летась зьехаў зь Беларусі, апасаючыся арышту, але працягвае сачыць за падзеямі на радзіме. Вячаслаў Касінераў мяркуе, што гаворка ў паведамленьні МУС вядзецца пра анархістаў Аляксандра Францкевіча, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і Андрэя Чапюка, якіх супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў мінулым годзе. Вячаслаў Касінераў спаслаўся на зьвесткі ад маці Аляксандра Францкевіча, паводле якіх яе сыну і ягоным аднадумцам нядаўна выставілі абвінавачаньне па 2 частцы 285 артыкула Крымінальнага кодэксу пра ўдзел у злачыннай арганізацыі. Прозьвішча 26-гадовай дзяўчыны, якую таксама вінавацяць па гэтым артыкуле, Вячаслаў Касінераў не назваў, спаслаўшыся на жаданьне яе сваякоў.

«Мяркуем, на іх плянуюць узмацніць ціск. Адначасова гэта захад, каб папярэдзіць хвалю веснавых пратэстаў, якія могуць узьняцца. Даць зразумець, што акцыі будуць вельмі жорстка карацца. Таму ўжытая спроба выкарыстаць нейкую злачынную групоўку, хоць відавочна, чым займаліся гэтыя людзі. Няма ў іх дзеяньнях ніякага злачыннага складу — гэта ўсё хлусьня», — мяркуе Вячаслаў Касінераў.

Што вядома пра затрыманых анархістаў

Анархіста Аляксандра Францкевіча першы раз затрымалі ў верасьні 2010 году, пасьля таго як ён здымаў на відэа напад на будынак апорнага пункту міліцыі ў Салігорску. Анархісты зьвязалі акцыю са сьмерцю мясцовай праваабаронцы Яны Паляковай. У горадзе меркавалі, што маладая жанчына павесілася на знак пратэсту супраць ціску мясцовай міліцыі.

У 2011 годзе Аляксандра Францкевіча судзілі, прызналі вінаватым таксама ва ўдзеле ў нападзе на будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў і асудзілі на 3 гады зьняволеньня, якія ён адбыў цалкам. Пасьля 2015 году актывіст зьехаў ва Ўкраіну, адкуль быў дэпартаваны ў Беларусь у 2019 годзе. Летась Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня па выхадзе з дому. Яго вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, трымаюць у СІЗА на Валадарскага, дзе і ягоных аднадумцаў Акіхіру Гаеўскага-Хамаду і Андрэя Чапюка. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Акіхіра Гаеўскі-Хамада вучыўся ў БДУ і ЭГУ, яго затрымалі 12 жніўня на аўтамабільнай паркоўцы. Ён сын беларуса са Слуцку і сакратаркі амбасады Японіі ў Беларусі.

Андрэй Чапюк да затрыманьня 2 кастрычніка супрацоўнікамі ГУБАЗіКа быў валянтэрам праваабарончага цэнтру «Вясна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG