Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свой унёсак мусіць зрабіць кожны». Што з анархістамі, якіх затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы


Акцыя анархістаў падчас «Менскага дыялёгу» ў Менску, 2019 год. Ілюстрацыйны здымак

Затрыманыя ў канцы кастрычніка на беларуска-ўкраінскай мяжы анархісты Ігар Аліневіч, Дзьмітры Разановіч, Дзьмітры Дубоўскі і Сяргей Раманаў адбылі ўжо больш за два месяцы ў СІЗА КДБ «Амэрыканцы», апошні месяц — бяз доступу да іх адвакатаў.

«Раней бы гэта кваліфікавалі як хуліганства»

Маці Ігара Аліневіча Валянціна сёньня заносіла перадачу для сына.

«Гародніна, садавіна. Ён жа цалкам перайшоў на вэгетарыянскую ежу», — кажа Валянціна Аліневіч. Што да адваката, жанчына спадзяецца, што днямі абаронца нарэшце зможа наведаць яе сына.

«Месяц, як адвакатаў не пускалі, нібыта з прычыны карантыну ад каранавірусу — так казалі. Магчыма, бо я сустракалася там са сваякамі Бабарыкаў, у іх была тая ж сытуацыя. Але ад сёньня, магчыма, нешта зьменіцца, бо дзяжурны сказаў, што карантын адмянілі. Буду зьвязвацца з адвакатам», — паведаміла Валянціна Аліневіч.

Апошні ліст ад Ігара бацькі атрымалі 11 студзеня. Паводле Валянціны Аліневіч, сын ня скардзіцца на ўмовы, ня піша, ці хварэў у турме на каранавірус, і ўвогуле ўсяляк маральна падтрымлівае бацькоў. Пра тое, чаму ён вярнуўся з Эўропы ў Беларусь, Ігар Аліневіч напісаў бацькам гэтак: «Наступае час, калі свой унёсак мусіць зрабіць кожны», — працытавала сынаў ліст Валянціна Аліневіч.

Ігар Аліневіч з маці
Ігар Аліневіч з маці

Жанчына кажа, што дагэтуль ня ведае, у чым дакладна вінавацяць яе сына.

«Ведаю толькі тое, што сам Ігар расказваў на камэру: што яны зрабілі так званы „партызанскі рэйд“ па тэрыторыі Гомельскай і Менскай абласьцей. Фігуруюць будынак пракуратуры, ДАІ, бюро экспэртыз. Раней бы гэта кваліфікавалі як хуліганства, бо людзі не пацярпелі, але цяпер артыкул пра тэрарызм», — кажа Валянціна Аліневіч.

Колькі яшчэ сядзець сыну да суду, ёй невядома.

«Адціскацца ад сьцен і падлогі нельга»

Паводле зьвестак ад сяброў Дзьмітрыя Разановіча, ён у СІЗА КДБ перахварэў на каранавірус.

Тое самае паведаміла пра Дзьмітрыя Дубоўскага ягоная сястра Юлія.

«Напісаў, што зь ім перахварэла на каранавірус уся камэра», — кажа Юлія. Колькі гэта чалавек, дзяўчына ня ведае, але мяркуе, што ня больш за 3-4.

«Спачатку Дзіма пісаў у лістах пра аднаго сукамэрніка, цяпер піша ў множным ліку, значыць, іх больш за два. Неяк апісаў падрабязна побыт, умовы, тое, як займаецца фізкультурай, што з гэтым праблемы. Бо там зусім забаронена датыкацца да сьценаў і адціскацца ад падлогі, таму з практыкаваньняў можа сабе дазволіць толькі бег на месцы і прысяданьні. А ён жа хлопец спартыўны, яму цяжка безь фізычных нагрузак», — кажа сястра Дзьмітрыя Дубоўскага.

Таксама Юлія зь лістоў брата даведалася пра тое, як вязьняў «амэрыканкі» прымушаюць глядзець па тэлевізары прапагандысцкія перадачы.

«У камэры ёсьць тэлевізар, да адбою, які а 10 гадзіне, дазваляюць глядзець розныя праграмы, на выбар, але ў нядзелю прагляд выніковых прапагандысцкіх перадач кшталту „Панарамы“ абавязковы. Гэтак ім спрабуюць „прамываць мазгі“. Хаця, адзначыў, на тых, хто там сядзіць, гэта ня дзейнічае», — кажа Юлія.

«Працягнулі зьняволеньне яшчэ на 2 месяцы»

Са словаў сястры Дубоўскага, цягам сьнежня да яго таксама не дапускалі адваката, але сям’я даведалася, што тэрмін утрыманьня Дзьмітрыя пад вартай працягнуты яшчэ на 2 месяцы, да сакавіка. Нядаўна пра гэта паведаміў афіцыйны ліст ад сьледчых.

Юлія ведае, што яе брат прызнае віну ў тых дзеяньнях, якія сьледзтва лічыць тэрарызмам, але ня згодны з гэтай кваліфікацыяй.

«Піша, што, наадварот, яны паспрыялі, каб з боку пратэстоўцаў не было радыкальных дзеяньняў з гібельлю людзей. Напісаў і пра тое, чаму вярнуўся ў Беларусь праз 10 гадоў. Што магчыма было адседзецца, перачакаць да лепшых часоў, але нешта зашчаміла ў сэрцы, вельмі забалела яму за родную краіну», — перадае словы брата Юлія.

Паводле Валянціны Аліневіч і Юліі Дубоўскай, Ігар і Дзьмітры атрымліваюць лісты толькі ад сваякоў.

«Чытаю ў інтэрнэце, што некаторыя вязьні сотнямі атрымліваюць лісты падтрымкі з розных краін, але нашым такія лісты не даходзяць. Ім перадаюць лісты толькі ад сваякоў. Гэта такая тактыка ўладаў», — мяркуе маці Ігара Аліневіча Валянціна.

Чаму фігуранты гэтай справы не прызнаныя палітвязьнямі?

Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Разановіча, Дзьмітрыя Дубоўскага і Сяргея Раманава беларускія праваабаронцы не прызналі палітвязьнямі, як больш за 170 пратэстоўцаў, абвінавачаных паводле крымінальных артыкулаў. Чаму?

«Пакуль пра справу вельмі мала пэўнай інфармацыі, яна патрабуе разбору і абавязковага назіраньня за тым, як будзе праходзіць судовы працэс», — адказаў праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG