Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павесіўся на штанах». Сваякі асуджаных па 328-м артыкуле абмяркоўваюць самагубства вязьня ў Наваполацкай калёніі


Ілюстрацыйнае фота, @Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, @Shutterstock

Актывістцы руху «Маці-328» Алене Кузьміной вядома, што вязень папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку Андрэй Дубік скончыў жыцьцё самагубствам. Інфармацыю ёй пацьвердзіў бацька вязьня Ігар Дубік.

У калёніі гэтую інфармацыю камэнтаваць адмовіліся.

Паводле інфармацыі Алены Кузьміной, Андрэй Дубік павесіўся на штанах, калі знаходзіўся ў карцары. Пра гэта бацьку Дубіка паведамілі раніцай 29 студзеня з калёніі.

Актывістка руху «Маці-328» Алена Кузьміна праз групу «ЎКантакце» спытала ў Ігара Дубіка пра падрабязнасьці.

Алена Кузьміна
Алена Кузьміна

«Адказаў, што ведае мала. Але тры дні таму ён званіў у калёнію, размаўляў з выхавацелем, і той нібыта адказаў, што зь Ігарам усё нармальна. Аднак, напісаў Ігар, па лістах адчувалася, што нешта ня тое», — расказала Алена Кузьміна.

Чаму Андрэй Дубік трапіў у карцар, ёй невядома.

Андрэй Дубік адбываў пакараньне па 328-м «антынаркатычным» артыкуле. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла кіраўніца ініцыятывы Ларыса Жыгар.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Ягоная маці ў нашай групе нядаўна. Вось 50 хвілін таму напісала, што «давялі да самагубства сына ў карцары», — сказала Ларыса Жыгар.

У спэцаддзеле наваполацкай калёніі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра тое, што вязень калёніі скончыў жыцьцё самагубствам у карцары.

«Несваякам ня можам нічога паведаміць, ці гэта праўда. Ані пацьвердзіць, ані абвергнуць не магу», — сказала супрацоўніца калёніі Зайцава.

Зьвязацца з бацькамі Андрэя Дубіка пакуль не ўдалося.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG