Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст з Нальчыку, актывіст з Дагестану і пракрамлёўскі палітык. Група Bellingcat назвала новых ахвяр «атрутнага» НДІ ФСБ


Журналіст Цімур Куашаў, актывіст Руслан Магамэдрагімаў і палітык Мікіта Ісаеў
Журналіст Цімур Куашаў, актывіст Руслан Магамэдрагімаў і палітык Мікіта Ісаеў

Новыя магчымыя ахвяры Інстытуту крыміналістыкі Фэдэральнай службы бясьпекі

Сьледчыя з Bellingcat сумесна з The Insider і Der Spiegel апублікавалі сумеснае расьсьледаваньне, у якім гаворыцца аб магчымым дачыненьні Інстытуту крыміналістыкі Фэдэральнай службы бясьпекі да атручваньня трох чалавек у розных гарадах Расеі. Усе трое загінулі. Раней супрацоўнікі гэтага ж інстытуту атруцілі атрутай клясы «Навічок» палітыка Аляксея Навальнага, які перажыў замах.

Кім былі папярэднія ахвяры «атрутнага» НДІ, па вэрсіі Bellingcat?

Цімур Куашаў. Журналіст з Кабардзіна-Балкарыі. Знойдзены мёртвым пасьля іньекцыі ў шыю

31 ліпеня 2014 году 26-гадовы нальчыцкі журналіст і праваабаронца Цімур Куашаў выйшаў з дому і накіраваўся ў бок тэатру, дзе працавала ягоная маці. На наступны дзень цела Куашава выявілі ля дарогі ў лесе паблізу ад Нальчыку.

Неўзабаве Сьледчы камітэт заявіў, што на целе знайшлі сьлед ад іньекцыі. Але ў 2016 годзе сьледзтва закрыла крымінальную справу аб сьмерці Куашава: нібыта ў яго арганізьме не знайшлі сьлядоў атрутных рэчываў.

Аналіз праводзіў Інстытут крыміналістыкі ФСБ — той самы «атрутны» НДІ, датычны, па вэрсіі Bellingcat, да замаху на Аляксея Навальнага. Сьледчыя апублікавалі фрагмэнт экспэртызы, выкананай на блянку НДІ.

У Bellingcat лічаць, што Інстытут крыміналістыкі ФСБ можа быць датычны і да атручваньня Куашава: мяркуючы па дадзеных аб пералётах яго супрацоўнікаў за 2014 год, апэрацыя ў Нальчыку пачалася не пазьней за 13 ліпеня 2014 году. У гэты дзень у сталіцу Кабардзіна-Балкарыі лётаў Канстанцін Кудраўцаў (супрацоўнік ФСБ, які прызнаўся ў замаху на Аляксея Навальнага ў тэлефоннай размове зь ім).

Празь дзевяць дзён, 22 ліпеня 2014 году, у Мінэральныя Воды (на паўночны захад ад Нальчыку) лётаў Іван Восіпаў. Bellingcat называе яго высокапастаўленым супрацоўнікам ФСБ, які таксама мае дачыненьне да атручваньня Навальнага. Прыбыў у Нальчык і Аляксей Аляксандраў. Дадзеныя мабільнага білінгу Аляксандрава паказваюць, што ў дзень атручваньня Навальнага ён знаходзіўся побач з гатэлем у Томску, дзе спыняўся палітык. Bellingcat паказвае, што ў Нальчык лёталі яшчэ двое супрацоўнікаў ФСБ, якія могуць стаяць за атручваньнем.

Усе камэры назіраньня з плошчы перад тэатрам «Радзіма», куды накіроўваўся Куашаў, былі адключаныя ў вечар ягонага зьнікненьня з прычыны «няспраўнасьці камутатара», адзначаюць у Bellingcat. Тое ж самае адбылося ў томскім гатэлі ў дзень атручваньня Навальнага, а таксама ў ліпені 2020 году ў калінінградзкім гатэлі, дзе жонка палітыка Юлія Навальная адчула сымптомы атручваньня.

Куашаў публікаваў матэрыялы ў часопісе «Дош» і на партале «Каўкаская палітыка». Ён крытыкаваў улады за дыскрымінацыю насельніцтва па рэлігійнай прыкмеце і катаваньні актывістаў.

У траўні 2013 году ў Нальчыку ён арганізаваў мітынг супраць самавольства супрацоўнікаў міліцыі.

Руслан Магамэдрагімаў. Дагестанскі актывіст. Два ўколы ў шыю

Актывіст дагестанскага руху «Садвал» Руслан Магамэдрагімаў быў знойдзены мёртвым у парку на беразе Касьпійскага мора 24 сакавіка 2015 году. Яму было 45 гадоў, доўгі час ён быў вайскоўцам, а затым цывільным лётчыкам.

Магамэдрагімаў адстойваў правы жыхароў вёскі Самур і выступаў супраць перайменаваньня Савецкай вуліцы ў Дзербенце ў праспэкт імя Гейдара Аліева. Патолягаанатам паказаў на прыкметы гвалтоўнай сьмерці Магамэдрагімава, паведаміў «Каўкаскаму вузлу» адзін зь лідэраў руху «Садвал» Альберт Эсэдаў. Хоць першапачатковая вэрсія сьмерці актывіста — сардэчная недастатковасьць.

Сваякі Магамэдрагімава сьцьвярджалі, што, атрымаўшы цела для пахаваньня, заўважылі на яго шыі дзьве кропкі, якія нагадваюць сьляды ад уколаў. На патрабаваньне сваякоў узоры тканак прааналізавалі на наяўнасьць таксінаў у арганізьме. Bellingcat не ўдалося ні знайсьці вынікі гэтага аналізу, ні зьвязацца з членамі сямʼі Магамэдрагімава.

Як і ў выпадку з Куашавым, супрацоўнікі ФСБ Іван Восіпаў і Канстанцін Кудраўцаў наведвалі Махачкалу за некалькі дзён да гібелі Магамэдрагімава: Восіпаў — двойчы ў студзені 2015 году, Кудраўцаў — усяго за два тыдні да сьмерці актывіста.

Акрамя таго, усяго за чатыры дні да сьмерці Магамэдрагімава, 24 траўня 2015 году, Восіпаў прыляцеў ва Уладзікаўказ — да Касьпійску адтуль усяго чатыры гадзіны язды.

Мікіта Ісаеў. Палітык. Перад сьмерцю паскардзіўся на атручваньне

41-гадовы палітык Мікіта Ісаеў памёр у ноч 16 лістапада 2019 году ў цягніку «Тамбоў — Масква». Ісаеў часта выступаў на палітычных ток-шоў на фэдэральных тэлеканалах. У прыватнасьці, неаднаразова зьяўляўся ў праграме «60 хвілін» і крытыкаваў Аляксея Навальнага.

Былая памочніца Ісаева Аліна Жастоўская расказала «Голасу Амэрыкі», што палітык прачнуўся адразу пасьля гадзіны ночы і пайшоў у туалет. «Яго доўга не было. Потым заходзіць, сагнуўшыся. Я ўскочыла, падумала чамусьці, што ў тамбуры яго нехта ў жывот пырнуў. Я да яго падыходжу, ён кажа: «Атруціўся, атруціўся, падобна», — казала Жастоўская.

У Bellingcat адзначаюць, што супрацоўнікі ФСБ, сярод якіх былі ўсе тыя ж Аляксандраў і Восіпаў, рухаліся за Ісаевым сама менш у сем пунктаў прызначэньня па ўсёй Расеі — ад Уладзівастоку і Хабараўску да Масквы і Сочы. Пры гэтым сьледчыя адзначаюць, што «сумесных» паездак магло быць больш, бо спэцслужбоўцы маглі купляць квіткі пад фальшывымі імёнамі.

У наяўных базах няма дадзеных аб паездках супрацоўнікаў ФСБ у Тамбоў, дзе, як мяркуецца, маглі атруціць Ісаева. «Ані ў кога зь людзей, блізкіх да Ісаева, няма пераканаўчага тлумачэньня, як пракрамлёўскі патрыятычна настроены актывіст мог перайсьці дарогу ФСБ», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

  • Раней у сумесным расьсьледаваньні The Insider, Bellingcat і CNN пры ўдзеле Der Spiegel прыйшлі да высновы, што за атручваньнем палітыка Аляксея Навальнага ў жніўні 2020 году можа стаяць група апэратыўнікаў Інстытуту крыміналістыкі ФСБ (НДІ № 2).
  • Аналіз авіяпералётаў гэтых супрацоўнікаў ФСБ, а таксама дадзеных білінгу іх тэлефонных размоў паказаў, што яны сачылі за Аляксеем Навальным з 2017 году, калі ён заявіў пра пляны вылучыцца на пасаду прэзыдэнта Расеі.
  • У 2020 годзе ФСБ магла распачаць як мінімум яшчэ адну няўдалую спробу атручваньня палітыка. Тады ў Калінінградзе сымптомы атручваньня адчула Юлія Навальная.
  • 21 сьнежня сам Навальны выпусьціў другую частку расьсьледаваньня пра супрацоўнікаў ФСБ, якія ішлі за ім і маглі быць датычныя да яго атручваньня. Палітык пад выглядам памочніка сакратара Рады бясьпекі Мікалая Патрушава патэлефанаваў Канстанціну Кудраўцаву. Той у размове фактычна пацьвердзіў, што палітыка зьбіраліся забіць пры дапамозе яду клясы «Навічок».
  • У Крамлі катэгарычна адмаўляюць любую датычнасьць да атручваньняў. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што, на яго думку, у Аляксея Навальнага назіраецца «манія велічы і манія перасьледу». У ФСБ публікацыю расьсьледаваньня назвалі «сплянаванай правакацыяй, накіраванай на дыскрэдытацыю ФСБ і яе супрацоўнікаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG