Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Вацлава Ластоўскага


Бюст Вацлава Ластоўскага ў Глыбокім
Бюст Вацлава Ластоўскага ў Глыбокім

Падзеі 23 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

23 студзеня 1938 году НКВД быў расстраляны Вацлаў Ластоўскі, беларускі публіцыст і палітычны дзяяч.

Філёляг, укладальнік і выдавец ня менш славутага «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка», што мы зь сябрамі ў васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя прывезьлі ад Ларысы Геніюш і выпусьцілі ў самвыдаце ў колькасьці дваццаці пяці асобнікаў. У 1990-м ён быў перавыдадзены «Навукай і тэхнікай» 10-тысячным накладам.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музэю, які ў 1928-м асабіста ачольваў адмысловую экспэдыцыю ў Полацак і прывёз адтуль нашу старажытную нацыянальную сьвятыню — Крыж Эўфрасіньні.

Неадменны сакратар маладой Беларускай Акадэміі навук.Гэта ўсё ён, Вацлаў Ластоўскі.

А вось для мяне, прызнаюся, ён — найперш выдатны пісьменьнік. Аўтар «Лябірынтаў» — можа, самай містычнай і самай патаемнай аповесьці беларускай літаратуры. Аўтар непаўторных, надзеленых магутнай энэргетыкай вершаў:

...я горад збудаваў...

І от нахлынуў вораг многі.

Ударыў я у звон трывожны.

Дзынеў патужна цяжкі сьпіж...

Аднак на клік мой зоўны

ніхто ка мне не пасьпяшыў:

у горадзе маім — такім мацоўным —

адзін я быў!..

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 172–173.

Таксама ў гэты дзень

1793 — адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.

1916Янка Купала ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.

1974 — быў заснаваны Пастаўскі краязнаўчы музэй.

1997 — утвораная Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1783 — Стэндаль, францускі пісьменьнік.

1832 — Эдуар Манэ, францускі мастак-імпрэсіяніст.

Эдуар Манэ, «Чыгунка» (1873)
Эдуар Манэ, «Чыгунка» (1873)

У памяці

1889 — памёр Ігнат Дамейка, беларускі навуковец-геоляг, нацыянальны герой Чылі.

Памятная дошка ў Чылі, дзе доўгі час жыў Ігнат Дамейка
Памятная дошка ў Чылі, дзе доўгі час жыў Ігнат Дамейка

1981 — памерла Вера Маслоўская, беларуская грамадзка-палітычная і культурная дзяячка, адна з пачынальніц беларускага школьніцтва на Беласточчыне.

1989 — памёр Сальвадор Далі, гішпанскі мастак.

2018 — памёр мастак і паэт Міхаіл Анемпадыстаў.

Досыць працягнуць руку, і з кніжнай паліцы я здыму Міхалаву кніжку вершаў «На дне філіжанкі кавы». Павінна зьявіцца і кніга ўспамінаў пра яго «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Шэсьцьдзясят тры аўтары. Пісьменьнік Павал Касьцюкевіч сказаў, што Міхал сканструяваў новую ДНК нашай культуры. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі назваў Анемпадыстава «іконаю стылю». Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ўдзячнае яму як генэратару ідэяў у грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Незнаёмыя мне суседзі па століку ў кавярні захоплена згадвалі, што Міхал бараніў ад разбурэньня адметны менскі раён Асмалоўку.

Неяк мы гаварылі зь ім пра час як адно з увасабленьняў Айчыны. Я думаю, час для Міхала не спыніўся, проста зрабіўся іншым. Цяпер ён у створаным ім сьвеце, сярод сваіх герояў, сваіх вобразаў і колераў. І гэты ягоны час, і гэты ягоны сьвет — працяг Айчыны.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 715.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG