Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пачаўся разгляд справы аб «карагодзе». На лаве падсудных 10 з 56 фігурантаў справы


Пратэставы карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020
Пратэставы карагод у Берасьці, 13 верасьня 2020

У судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся разгляд крымінальнай справы, у якой абвінавачанымі праходзяць 10 чалавек.

20 студзеня ў Ленінскім раённым судзе Берасьця пачаліся слуханьні па справе аб «карагодзе». У справе 10 абвінавачаных. Гэта настаўніца ангельскай мовы Марына Глазава, якая адбыла 2 месяцы ў вязьніцы і месяц пад хатнім арыштам, а таксама Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Калпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін, Максім Жараў, Марына Глазава, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук, Марына Сірэцан. Раней ім прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 342. Санкцыя — ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

13 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў сотні берасьцейцаў выйшлі на скрыжаваньне праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод. Паводле абвінавачаньня, якое выставілі, у прыватнасьці, Марыне Глазавай, яна вінаватая ў арганізацыі «карагоду», які прывёў да спыненьня руху транспарту на цэнтральных вуліцах гораду.

Тады ўпершыню за час пратэстаў пасьля выбараў беларускія сілавікі ўжылі супраць пратэстоўцаў вадамёт. Трапіла пад струмені з вадамёта і Марына Глазава, якая ўдзельнічала ў карагодзе. Праз 10 дзён дзяўчыну затрымалі. Пазьней стала вядома, што паказаньні пра тое, што яна нібыта зьяўляецца арганізатаркай карагоду, дала на Марыну Глазаву адна з удзельніц падзей. Марыну Глазаву пакуль адзіную з тых, каго пачалі судзіць 20 студзеня, праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.

Колькі ўсяго фігурантаў у «карагоднай справе»?

У канцы верасьня 2020 года, калі пачалося расьсьледаваньне «карагоднай справы», Сьледчы камітэт паведамляў, што «ўстаноўленыя і прызнаныя падазраванымі 20 чалавек, якія ўчынялі супрацьпраўныя дзеяньні».

У лістападзе праваабаронцы Берасьця не выключалі, што ў справе можа фігураваць значна больш людзей – «звыш 70». Праваабаронцы спасылаліся на сьведак падзей 13 верасьня ў Берасьці, паводле якіх тады на вуліцы гораду з пратэстамі выйшлі некалькі тысяч гараджан. Таксама праваабаронцы спасылаліся на зьвесткі дзясяткаў людзей пра тое, што іх выклікалі на допыты ў «карагоднай справе».

Паводле апошніх дадзеных ад Сьледчага камітэту, у «карагоднай справе» 56 фігурантаў. Як паведамляюць праваабаронцы цэнтру «Вясна», «карагодная справа» ў выніку была падзеленая на некалькі спраў. 20 студзеня пачаўся разгляд вынікаў першай зь іх.

Пра тое, на якой стадыі знаходзяцца іншыя часткі «карагоднай справы», пакуль невядома, сказаў Свабодзе праваабаронца зь берасьцейскай «Вясны» Ўладзімер Вялічкін.

«Апошнім часам назіраем, што інфармацыю ўтойваюць. Ці мяняюць ранейшыя рашэньні. Вось як было са справай блогераў Пятрухіна і Кабанава. То казалі, што неўзабаве будзе суд, іх прывезьлі ў Берасьце на азнаямленьне, як раптам паведамляюць, што зьмянілі падсуднасьць і працэс адбудзецца ў Магілёве. Думаем, гэта каб на яго прыйшло меней людзей», – кажа Ўладзімер Вялічкін.

Паводле праваабаронцы, 20 студзеня на працэс у «карагоднай справе» ў Ленінскі раённы суд, каб падтрымаць падсудных, прыйшлі больш за 50 чалавек. Да абедзеннага перапынку на працэсе яшчэ не закончылася зачытваньне абвінавачаньня ўсім фігурантам. Усім абвінавачаным у карагоднай справе інкрымінуюць 342 артыкул Крымінальнага кодэксу – гэта дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, за што падсудным пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Ці прызнаюць віну падсудныя?

«Хто прызнае цалкам, хто часткова, хто зусім не прызнае», – паведаміў адзін з прысутных на працэсе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG